У першым квартале 2008 года спажывецкія расходы ў сярэднім на адну сям’ю ў Беларусі павялічыліся на 30,3% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пра гэта паведаміла Міністэрства статыстыкі і аналізу.

Звесткі прыводзяцца па выніках выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак. У сярэднім беларуская сям’я ў названы перыяд штомесяц траціла на спажывецкія патрэбы 960,4 тыс. рублёў. З іх 41,1% расходавалася на прадукты харчавання (у першым квартале 2007 года — 40,5%), 2,3% — на алкаголь (2,2%), 33,3% — на нехарчовыя тавары (33,7%). На аплату паслуг у сярэднім трацілася 23,3% усіх спажывецкіх расходаў (23,6%). З іх на жыллёва‑камунальныя паслугі — 8,9% (9,6%).

Пры гэтым Мінстат зазначае, што ўдзельная вага насельніцтва з сярэднедушавым даходам да 150 тысяч рублёў па краіне склала 2,1%; ад 150,1 да 300 тыс. — 22,8%; ад 300,1 да 500 тыс. — 40,3%; ад 500,1 да 700 тыс. — 19,9%; звыш за 700 тыс. — 14,9%.

Самая высокая доля насельніцтва з нізкім сярэднедушавым даходам (менш за 150 тыс. рублёў) назіраецца ў Віцебскай вобласці — 3,4%, з даходамі звыш за 700 тыс. на чалавека — у Мінску — 30,4%.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0