Заслужаны калектыў Дзяржаўны ансамбль танцу Беларусі пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі прафэсара Валянціна Дудкевіча ўпершыню прыняў удзел у канцэрце, прысьвечаным аўтагонкам «Формула‑1». Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс‑сакратар Дзяржаўнага ансамбля танца Марына Гарон.

Выступленьне творчага калектыву прайшло 25 траўня, у дзень пачатку гонак. На сцэне самай вялікай залі ў Монтэ‑Карла разам зь беларускімі танцорамі канцэртныя нумары прадставіла таксама харавая група Народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. На канцэрце прысутнічаў прынц Альберт зь сям’ёй, вядомыя асобы Францыі, а таксама ўсе пілёты гонак «Формулы‑1» гэтага года.

Паводле слоў Марыны Гарон, за мяжой беларускае танцавальнае мастацтва прымаюць добра — нацыянальны танец там успрымаецца як экзотыка. Падзяліўся сваімі назіраньнямі за замежнымі гледачамі і Валянцін Дудкевіч, адзначыўшы, што іншаземцам падабаецца глядзець нумары ансамбля танцу, хоць яны і не адразу могуць адрозьніць, дзе рускі танец, а дзе беларускі або ўкраінскі.

«Свайго фальклору ў іх або ніколі не было, або ён даўно забыты», — сказаў мастацкі кіраўнік ансамбля, дадаўшы пры гэтым, што ў Монтэ‑Карла гледачы не маглі ўтрымацца на сваіх месцах і прытанцоўвалі разам з артыстамі.

Знамянальна, што Дзяржаўны ансамбль танцу стаў першым фальклёрным калектывам, які выступіў на сцэне Монтэ‑Карла за апошняе дзесяцігодзьдзе, пераняўшы эстафэту ў Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля народнага танцу пад кіраўніцтвам Ігара Майсеева. Акрамя таго, ансамбль, першы з творчых калектываў Беларусі, выступіў у канцэртнай залі «Алімпія» ў Парыжы ў канцы мінулага года.

Паводле: Вольга Шаляговіч, БЕЛТА

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0