З 1 мая ўстаноўлены новыя тарыфы на электрычную энергію для насельніцтва. Адпаведнае рашэнне ўтрымліваецца ў пастанове Савета міністраў № 674 ад 14 мая 2008 года.

У прыватнасці, тарыф на электраэнергію для кватэр, абсталяваных электраплітамі, павышаны на 25% і складае 105 рублёў за 1 кВт•гадз (раней — 84 рублі), для астатніх кватэр тарыф павялічаны з 116 да 145 рублёў.

Устаноўлены таксама тарыфы на электраэнергію для насельніцтва, дыферэнцыяваныя па гадзінных перыядах. Так, кошт электраэнергіі ў перыяд мінімальных нагрузак (з 22.00 да 17.00) павышаны з 81,2 да 101,5 рублёў, максімальных (з 17.00 да 22.00) — з 232 за 1 кВт•гадз да 290 рублёў. У кватэрах з электрычнымі плітамі тарыфы складуць адпаведна 73,5 рубля (раней — 58,8) і 210 рублёў (168).

Кошт электраэнергіі для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння з далучанай магутнасцю абсталявання больш як 5 кВт у перыяд мінімальных нагрузак (з 23.00 да 6.00) устаноўлены на ўзроўні 145 рублёў (раней 116), у астатні час сутак — 725 рублёў (раней 580) за 1 кВт•гадз.

На 10% выраслі тарыфы па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў — з 240,3 да 264,6 рубля за месяц за 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання.

Згодна з пастановай тарыф на цеплавую энергію для патрэбаў ацяплення і гарачага водазабеспячэння з 1 мая складае 37.580,7 рубля за 1 Гкал (раней 36.355,5 рубля).

У Міністэрстве энергетыкі павышэнне тарыфаў тлумачаць нізкім пакрыццём затратаў на вытворчасць электраэнергіі.

Апошні раз тарыфы на электраэнергію ў Беларусі павышаліся 1 студзеня 2008 года на на 3,5%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?