![]() |
У кнізе разглядаецца ўплыў тэхналёгіяў на паводзіны калектываў ва ўсім сьвеце. Сярод шматлікіх прыкладаў аўтар зьвяртаецца да досьведу менскіх флэш‑мобэраў.
Ці могуць паўплываць Інтэрнэт‑тэхналёгіі на палітычную сытуацыю ў Беларусі? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да аўтара кнігі.
«Што адчайна робяць усе аўтарытарныя ўрады — гэта намагаюцца разьяднаць грамадзянаў», — адказвае спадар Шыркі. «З гістарычнага гледзішча, для гэтага існуюць два шляхі: перашкаджаць грамадзянам стасавацца, і перашкаджаць ім зьбірацца разам».
«Любая тэхналёгія, якая дапамагае асобным грамадзянам паведамляць пра сваё меркаваньне й разумець меркаваньні іншых, ёсьць пагрозай», — лічыць спадар Шыркі.
«Гэткае веданьне можа ператварыць масу асобаў у грамадзкасьць з агульным разуменьнем таго, што ня так з грамадзтвам».
На думку дасьледчыка, «любая тэхналёгія, якая дапамагае асобам каардынаваць свае дзеяньні ў рэальным сьвеце, стварае грамадзкае веданьне й нясе простую пагрозу ўраду»
«Інтэрнэт і мабільныя тэлефоны даюць магчымасьці рабіць і тое, і іншае», — кажа спадар Шыркі.
Але, на ягоную думку, «ва ўсіх гэтых выпадках тэхналёгія адыгрывае невялікую ролю — насамрэч, значэньне мае жаданьне карыстальнікаў».
«Што мне падабаецца ў менскіх флэш‑моберах — гэта тое, што яны карысталіся самай простай тэхналёгіяй для дасягненьня эфекту: жывымі дзёньнікамі, лічбавымі камэрамі, самой ідэяй флэш‑мобаў, і гэтак далей».
«Іх пратэсты распаўсюдзіліся на астатні сьвет не насуперак іхнай тэхналягічнай простасьці, але дзякуючы ёй», — кажа Клэй Шыркі.





