Прадпрыемствы канцэрну «Беллегпрам» дэманструюць невысокія, аднак пазытыўныя паказчыкі росту, паведаміў на прэс‑канфэрэнцыі старшыня канцэрну Эдуард Нарышкін. Па яго словах, у той час, як эўрапейскія вытворцы апошнія чатыры гады зазнаюць падзеньне вытворчасьці на 10‑15% у год, беларускія прадпрыемствы дэманструюць рост на 3‑5%. Па выніках мінулага году прыбытак прадпрыемстваў канцэрну склаў Br2,7 трлн (105% ад узроўню 2006 году пры заплянаваных 109%). Усяго было выраблена тавараў на суму Br 2 трлн. Рэнтабэльнасьць па выніках году дасягнула 9,6% ( рост склаў 1,2%). Колькасьць стратных прадпрыемстваў скарацілася з 40 да 22. Старшыня канцэрну заявіў, што паводле папярэдніх разьлікаў рэнтабэльнасьць вытворчасьці будзе расьці. Ён назваў і прычыны такога аптымізму: «Я глыбока перакананы, што Аляксандар Лукашэнка, урад і краіна далі нам унікальную магчымасьць за бліжэйшыя 2‑3 гады рэанімаваць галіну». Адказваючы на пытаньне, ці застаецца актуальнай пагроза з боку імпарцёраў замежных тавараў, сп. Нарышкін адзначыў, што канкурэнцыя — гэта толькі плюс для вытворцаў, і дзякуючы беспрэцэдэнтнай падтрымцы з боку ўладаў, канцэрну застаецца проста добра працаваць.
Сярод асноўных задачаў, што стаяць перад канцэрнам, яго кіраўнік адзначыў навучаньне сучасным мэтадам працы топ‑мэнэджэраў, стварэньне мэханізмаў фінансавай матывацыі кіраўнікоў і спэцыялістаў прадпрыемстваў, падтрымку айчынных дызайнэраў.
Прагучала й пытаньне экспарту ў краіны Эўропы. Паводле Э. Нарышкіна, санкцыі ЭЗ прывялі да скарачэньня экспарту прадукцыі ў краіны Эўропы. «Склаліся такія ўмовы, што нам зручней працаваць у рэгіёнах, дзе палітыка‑эканамічны клімат для нас больш спрыяльны, але гэта не азначае, што ня трэба прасоўвацца і на эўрапейскім накірунку» — адзначыў кіраўнік «Беллегпраму». Пры гэтым, па яго інфармацыі, рост экспарту ў Расею склаў 118%.
На сёньня назіраецца перанос вытворчасьці эўрапейскай прадукцыі лёгкай прамысловасьці ў краіны Азіі, найперш у Кітай. Гатовы прадукт, выраблены ў гэтай краіне каштуе гэтулькі ж, у колькі для беларускага прадпрыемства абыходзяцца неабходныя для вытворчасьці матэрыялы. У такіх умовах, усё больш беларускіх вытворцаў разьмяшчаюць у Кітаі замовы на выпуск сваіх брэндаў.
Чыноўнік распавёў таксама пра пэрспэктывы выпуску айчынных джынсаў. Паводле яго словаў, на базе Баранавіцкага вытворчага баваўнянага аб’яднаньня адна з турэцкіх кампаніяў, пры пасрэдніцтве бэльгійскіх партнэраў наладзіць выпуск джынсаў. Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што турэцкі інвэстар першапачаткова выказваў цікавасьць да будаўнічай сфэры, але яму прапанавалі для пачатку ўкласьці грошы ў баранавіцкае прадпрыемства.
Адмена інстытуту «залатой акцыі» вітаецца кіраўніцтвам канцэрну, запэўніў сп. Нарышкін. Мы толькі вітаем прыход прыватнікаў у галіну і не зьбіраемся трымацца за свае прадпрыемствы, падкрэсьліў чыноўнік. На яго думку, менавіта прыватнік здольны найбольш эфэктыўна працаваць на гэтым рынку. Аднак, дзяржава мае права дыктаваць свае ўмовы: эфэктыўная праца, захаваньне і стварэньне працоўных месцаў, выплата падаткаў, а таксама налічэньне заробкаў у памеры, які «вызначае прэзыдэнт». Пра гэтым Эдуард Нарышкін параіў не чакаць наплыву прапановаў з боку інвэстараў, зважаючы на высокія затраты вытворчасьці. Таксама ён назваў пераацэненымі асноўныя фонды прадпрыемстваў: «Толькі фондавы рынак зможа ўрэгуляваць гэтую сытуацыю».
У Беларусі застаецца магчымым разьмяшчэньне вытворчасьцяў эўрапейскіх кампаніяў, што займаюцца вырабам прадукцыі так званай хуткай моды (fast fashion)
Кажучы пра спэцыфіку дачыненьняў з установамі Мінгандлю, старшыня канцэрну прызнаў наяўнасьць пэўных складанасьцяў. Паводле яго, канцэрн рэгулярна знаёміць усе зацікаўленыя колы з асартымэнтам прадукцыі, але пасьля сутыкаецца з адсутнасьцю замоваў. Чыноўнік мяркуе, што зьяўленьне на беларускім рынку сеткі гіпэрмаркетаў, зь іхняй гандлёвай палітыкай, патрабуе ад прадпрыемстваў лёгкай прамысловасьці і гандлёвых арганізацыяй аб’яднаньня намаганьняў.