Беларускае рэспубліканскае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры забіла трывогу: пад пагрозаю зьнішчэньня апынуўся адзін з унікальных паркавых ансамбляў у цэнтры Менску — Парк імя Янкі Купалы з музэем і помнікам.

Тлумачыць кіраўнік таварыства Антон Астаповіч, у рукі якога трапілі даволі цікавыя афіцыйныя дакументы:

«Гэта копія рашэньня Менскага гарвыканкаму, выпіска з пратаколу навукова‑мэтадычнае рады па пытаньнях гісторыка‑культурнае спадчыны, нават ёсьць на руках копія генпляну гэтага аб’екту — за музэем Янкі Купалы ў парку Янкі Купалы будуць высякацца дрэвы, і там плянуецца пабудаваць рэстаран на сто пасадачных месцаў.

Усе гэтыя рашэньні прымаліся без уліку меркаваньняў Леаніда Левіна і спадара Градава, якія зьяўляліся аўтарамі рэканструкцыі Купалаўскага парку; гэта зроблена насуперак прынцыповай пазіцыі «Зелянбуда», які рэзка выступіў супраць гэтага праекту. Увогуле Купалаўскі парк — гэта гісторыка‑культурны аб’ект, гэта каштоўнасьць другой катэгорыі. Міністэрства культуры, нягледзячы на гэта, узгядняе. І ня проста будзе руйнавацца гісторыка‑культурная каштоўнасьць — высечка дрэваў, арганізацыя тэхнічных праездаў, але будзе фрагмэнтарна ліквідавацца і вось гэтая літая 50‑х гадоў мінулага стагодзьдзя чыгунная агароджа».

На думку Антона Астаповіча, будаўніцтва рэстарацыі будзе мець шматлікія адмоўныя наступствы, у тым ліку і экалягічныя:


Антон Астаповіч

«Гэта ж зялёны куток у цэнтры гораду. Згодна з праектам, які ўжо распрацоўваецца, павінна быць прымусовая адкачка грунтовых водаў. Гэта прывядзе да паніжэньня іх узроўню і да хваробаў і ўсыханьня ўсяго парку. А менавіта ў тым куточку — папуляцыя соек і папуляцыя вавёрак, таксама ўсё гэта будзе зьнішчана.

Тут яшчэ прысутнічае і маральны аспэкт: музэй, фантан, помнік, і тут побач — прабачце мяне, п’яная забягалаўка там, дзе дзеці гуляюць. І закон парушаны, і мараль парушана. Таварыства зараз працуе над гэтым пытаньнем, ужо гатовы тэкст ліста на імя прэзыдэнта, які пойдзе не ад імя таварыства, а подпісы будуць зьбірацца сярод менскай інтэлігенцыі, а таварыства непасрэдна будзе зьвяртацца ў кантрольна‑рэвізійныя і праваахоўныя органы, ну і таксама на імя прэзыдэнта з пазначэньнем гэтай праблемы, каб навялі нармальны парадак, таму што чарговы гісторыка‑культурны аб’ект, унікальны ляндшафтны аб’ект у цэнтры Менску пад пагрозай поўнага зьнішчэньня».

Deutsche Welle

Фота Юліі Дарашкевіч, Віталя Саболькі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0