4 чэрвеня ў Наваградку ўрачыста адкрылі музэй Барыса Кіта, слыннага беларускага асьветніка і грамадзкага дзеяча, амэрыканскага дасьледчыка, удзельніка астранаўтычных праграм.

Музэй разьмясьціўся ў будынку былой беларускай гімназіі, а цяпер сярэдняй школы нумар 1, дзе сам спадар Кіт калісьці вучыўся, а пазьней працаваў настаўнікам і дырэктарам.

На імпрэзе прысутнічалі настаўнікі і вучні, прадстаўнікі мясцовых уладаў, Саюза беларускіх пісьменьнікаў, згуртаваньня «Бацькаўшчына», жыхары Наваградку.

Сам Барыс Кіт, якому ідзе 99‑ты год, на ўрачыстасьць не прыехаў, хоць вельмі хацеў.


Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Пецярбургу, бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту бацька адвёз яго на радзіму — у цяперашні Карэліцкі раён. Пасьля заканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназіяў. У часе другой сусьветнай вайны цярпеў ад перасьледу савецкіх і нацысцкіх уладаў. Эміграваў у ЗША, дзе рэалізаваў сябе ў праграме астранаўтыкі. Барыс Кіт — адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва для астранаўтычных праектаў. На Беларусі зноў пабываў і атрымаў прызнаньне на пачатку 1990‑х гадоў, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці.

Паводле:Валер Каліноўскі, Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0