Прэзэнтацыя зборніка аўдыёказак сэрыі «Беларускія народныя казкі» адбудзецца 8 чэрвеня ў менскім кінатэатры «Перамога».
Такі зборнік будзе выпушчаны ў Беларусі ўпершыню. У запісе прымалі ўдзел радыёвядоўца, пісьменьніца Тамара Лісіцкая, мастацкі кіраўнік дзіцячага калектыву «Калыханачка» Людміла Рыжкова й музыка Алег Хаменка.
«Казкі — гэта цудоўныя ўрокі культуры й сацыялёгіі, у іх выкладзена ўся праўда пра нас — людзей. Ніводны герой не зьяўляўся проста так — на тое яны й народныя казкі, каб характарызаваць настроі й асаблівасьці рэальных людзей», — адзначыла Тамара Лісіцкая.
У праграме прэзэнтацыі — чытаньне казак удзельнікамі праекту, музычныя нумары й дэманстрацыя мультыплікацыйных фільмаў для дзяцей на вялікім экране.
Прэзэнтацыя сэрыі дыскаў пройдзе пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЭФ) у Беларусі.
Пачатак а 13-й гадзіне. Уваход вольны.