Венесуэльская апазіцыя вывела на вуліцы сталіцы краіны Каракаса тысячы людзей, якія патрабуюць рэферэндуму аб адстаўцы прэзідэнта Нікаласа Мадура.
AFP
Удзельнікі акцыі адзетыя ў белае і трымаюць плакаты, якія абвяшчаюць «Час пераменаў». Акрамя таго, дэманстрацыі запланаваны і ў цэнтры горада.
Апазіцыя патрабуе хутчэйшага правядзення рэферэндуму, накіраванага на адстаўку прэзідэнта Нікаласа Мадура.
Венесуэла знаходзіцца ў глыбокім эканамічным крызісе, прычынай якога праціўнікі Мадура лічаць яго неэфектыўную палітыку. Урад, у сваю чаргу, абвінавачвае апазіцыю ў спробе такім чынам здзейсніць пераварот у краіне.
«Калі яны нешта задумалі, плануюць путч або гвалт, то ўрад дасць нечаканы і зруйнавальны адказ», — сказаў Мадура.
Прыхільнікі прэзідэнта ўжо заявілі, што правядуць акцыі ў адказ. У адным толькі раёне Чакаа ў Каракасе 500 супрацоўнікаў паліцыі будуць ахоўваць бяспеку падчас акцыі пратэсту апазіцыі.
Акрамя таго, некалькі апазіцыйных палітыкаў былі затрыманыя напярэдадні пачатку дэманстрацыі.





