Пакуль Юрый Чыж знаходзіцца ў СІЗА, частка яго ўласнасці — гандлёвы цэнтр «Арэна-Сіці» і два гіпермаркеты ProStore — перайшлі ва ўласнасць беларускіх банкаў у абмен на $123,7 мільёна. Адной з асноўных прычын продажу магла стаць выплата шкоды дзяржаве. Топ-мэнэджары «Прастор-Трэйд» у каментары для onliner.by зняпраўдзілі гэтыя чуткі.

Кіраўнік фірмы ЗАТ «Прастор-Трэйд» Сяргей Бушын і першы намеснік дырэктара Дзмітрый Сінюк пацвердзілі інфармацыю і суму ўгоды. Так, «Арэна-Сіці» сапраўды адышла «Белаграпрамбанку» за $75 мільёнаў, гіпермаркет ProStore на Каменнагорскай і паркінг там жа — «БПС-Ашчадбанку» за $29 мільёнаў у агульнай суме. Таксама ў трэці раз быў перезакладзены ў тым жа «БПС-Ашчадбанку» і ProStore на праспекце Дзяржынскага. Сума, якую банк выдаў пад яго заклад, — $28 мільёнаў. Але, са слоў кіраўніцтва «Прастор-Трэйд», нерухомасць перайшла банкам па дамове зваротнага лізінгу.

— Ёсць такое паняцце, як угода зваротнага лізінгу: калі ты прадаеш будынак, які належыць табе, банку і выкупляеш яго паводле графіку, — тлумачыць Дзмітрый Сінюк. — У пэўны момант перад намі паўстала вострая неабходнасць выплаты запазычанасці перад пастаўшчыкамі, якія назапасіліся за чатыры месяцы нашага крызісу. З гэтай мэтай былі праведзеныя ўгоды зваротнага лізінгу.

Сродкі былі размеркаваны на выплату крэдытаў, прыцягнутых раней пад будаўніцтва гэтых гандлёвых аб'ектаў, а таксама — на аплату запазычанасцяў перад пастаўшчыкамі. Зрэшты, пасля разлікаў з банкамі грошай усім пастаўшчыкам не хапіла, аднак пратэрмінаваная запазычанасць скарацілася больш чым удвая.

— Усім пастаўшчыкам былі прапанаваныя паскораныя разлікі за пастаўлены тавар да надыходу дамоўных тэрмінаў. Цяпер праблем з імі няма. Толькі самыя «асцярожныя» яшчэ ў судах, на ўсялякі выпадак, — адзначылі ў кампаніі. — Усе аб'екты мы плануем выкупляць. Узгодненыя з банкамі графікі выкупу нас задавальняюць.

Са слоў кіраўніцтва, пастанова аб адваротным лізінгу была вынікам работы спецыяльна створанай Нацбанкам і Саўмінам рабочай групы.

— Быў сфармаваны клуб фінансавых крэдытораў кампаніі. Вядома ж, банкі былі зацікаўлены ў тым, каб ProStore працаваў. І мы сумесна выпрацавалі механізмы, як мы дафінансуемся. Вось і ўсё. Усе тыя тэорыі змовы аб тым, куды гэтыя грошы накіруюць, усе гэтыя чуткі не маюць нічога агульнага з рэальнасцю, — зняпраўджвае Дзмітрый Сінюк інфармацыю аб тым, што ініцыятарам угоды стаў Юрый Чыж, а грошы могуць быць накіраваны на выплату яго запазычанасцяў перад дзяржавай. Ён таксама заявіў, што ўласнікам ЗАТ «Прастор-Трэйд» па-ранейшаму застаецца Юрый Чыж, а дырэктарам зараз з'яўляецца яго сын Сяргей Чыж.

— Калі муж і жонка перапісваюць адзін на аднаго маёмасць, гэта не значыць, што яны заўтра разводзяцца, — дадаў Сяргей Бушын. — На жаль, наша грамадства, напэўна, мае патрэбу ў «гарачых» фактах, якія выклікаюць грамадскі рэзананс, якія не маюць пад сабой рэальнай асновы. Мы ў адказ можам усміхнуцца і сказаць: ProStore жыў, жывы і будзе жыць. Уся гэтая шуміха — гэта даўным-даўно праспяваная песня, якая сёння з далёкага чэрвеня прылятае адгалоскам.

Прычынай сакавіцкіх пустых паліц Дзмітрый Сінюк і Сяргей Бушын называюць інфармацыю пра затрыманне Юрыя Чыжа. Менавіта яна сыграла фатальную ролю ў крызіснай сітуацыі для кампаніі.

— Калі ідзе слых, што банк банкрут, чаго на самай справе няма, фундатары бягуць здымаць уклады і банк сапраўды банкрутуецца. У нас было нешта падобнае, — кажа кіраўніцтва «Прастор-Трэйд». — У выніку ў кампаніі склалася фінансавая сітуацыя, з якой можна было выйсці, звярнуўшыся да ўгоды зваротнага лізінгу. Калі б не было недаверу і панічнага настрою сярод пастаўшчыкоў, выхад з з цяжкага становішча быў бы прасцейшы і хутчэйшы.

Кампанія запэўнівае: банкі ніяк не ўплываюць на працу ЗАТ «Прастор-Трэйд».

— Рада дырэктараў засталася ранейшай, ніхто з банкаў у яе не ўваходзіць, — тлумачыць Дзмітрый Сінюк. — Банкі не могуць вызначаць ні кадравую палітыку, ні асартыментную. Адзінае, што банкі маюць права патрабаваць, — гэта захавання дамоўных умоў. Напрыклад, што ў нейкім аб'екце эквайрынг або абменнікі будуць гэтага банка. Альбо персанал аб'екта будзе на заробкавых праектах банка.

— Ва ўсіх мэта адна — фінансавая стабільнасць. Для яе дасягнення вельмі важна ўлічыць і нівеліраваць магчымыя рызыкі і рухацца наперад. Асартымент мы аднавілі яшчэ ў канцы ліпеня, цяпер стараемся зрабіць яго больш шырокім і прывабным. Працуем шматвектарна, у патэнцыяле — некалькі розных праграм для пакупнікоў. Вельмі ўдзячныя тым пакупнікам, якія наведвалі краму ў крызісны для нас час. Мы перад імі ў вялікім абавязку, — запэўніў Сяргей Бушын.

Нагадаем, Юрыя Чыжа затрымалi 11 сакавіка гэтага года. Бізнэсоўца падазраюць ва ўхіленні ад выплаты падаткаў. Як паведаміў кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык, сума шкоды дзяржаве склала 238,7 мільярда недамінаваных рублёў. Паводле апошняй інфармацыі, бізнэсовец знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0