Газэта Ўпраўленьня ўнутраных спраў Гарадзенскага аблвыканкаму «Милицейский вестник» вылучаецца сярод сваіх «калегаў». Тут ёсьць месца і дасьціпнаму гумару, і трапным загалоўкам, але, на жаль, турэмнаму жаргону таксама.

Выпуск ад 3 траўня 2008 г. асабліва паказальны ў гэтым пляне. «Як заслужыць пуцёўку ў ЛПП» — артыкул, які распавядае пра нялёгкую працу ўчастковых інспэктараў, што змагаюцца з наступствамі імклівай алькагалізацыі насельніцтва, а менавіта — афармляюць іх на адпраўку ў лекава-працоўныя прафілякторыі. «Час біць у званы: пляшка пладова-ягаднага «балбанэсу» каштуе ў два разы таньней за пакунак соку. П’янства — самае, бадай, дасягальнае і таннае задавальненьне», акрэсьлівае праблему і яе асноўныя прычыны «МВ». Зьвяртае на сябе адзін з падзагалоўкаў артыкула — «Мы едзем, едзем, едзем… у дыхтоўны ЛПП».

Пачуцьце гумару прасочваецца і ў апісаньні паўсядзённай працы гарадзенскага мэдвыцьвярэзьніка: «Сьціплы «асабняк» на вуліцы Сыракомлі, 9 пустуе рэдка. (…) Вельмі бы хацелася ўбачыць ва ўсёй красе дырэктара буйной гарадзенскай крамы, які вырывае ложак разам з дашчанай падлогай. Аднак 18 красавіка сярод кліентаў мэдвыцьвярэзьніка моцныя гэтага сьвету заўважаныя не былі».

Загалоўкі газэты гарадзенскіх міліцыянтаў прыцягваюць увагу. Вось хоць бы і гэты — «Віртуозы пісталета Макарава і аўтамата Калашнікава», загаловак артыкула пра чарговага чэмпіянату Дэпартамэнту аховы МУС па стральбе з табэльнай зброі. А загалоўкам па тэмы спорту могуць пазайздросьціць спартыўныя аглядальнікі: як прыклад — ««Смаргонь» ляціць, а «Нёман» пралятае…». Знаходзіцца месца ў «МВ» і роднай мове — адзін з артыкулаў у апошнім выпуску прысьвечаны сумеснаму праекту турфірмы «Сьвятавіт» і Лідзкага гісторыка-мастацкага музэю — «Старадаўніх муроў адраджэньне».

Не абыходзіцца ў ведамаснай прэсе без уплыву асяродзьдзя, змагаючыся зь якім, супрацоўнікам міліцыі даводзіцца сутыкацца ўшчыльную. Блізкія кантакты выліваюцца ў слоўцы з турэмнага жаргону, што часам трапляюцца ў некаторых нататках міліцэйскай газэты. Але ў любым разе, такая, няхай і досыць спэцыфічная прэса, чытаецца цікавей, чым шмат якія спэцыялізаваныя выданьні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?