«Чалавек, які правёў тыдзень у Вечным горадзе, — яму хочацца напісаць пра Рым кнігу. Той, хто правёў некалькі месяцаў, — ён, мабыць, напіша артыкул. А чалавек, які пражыў у Рыме некалькі гадоў, — ён ужо нічога не можа напісаць».

Стэндаль

Мне пісаць пра Рым ужо складана, але пакуль яшчэ магчыма. Час, праведзены разам, нястрымна набліжаецца да месяца. Калі не напішу зараз, пачуцце Вялікага горада, што выспявала гадамі, яшчэ крыху — і застанецца толькі са мной. Трэба пісаць. Як бы ні было складана, асабліва пасля Фларэнцыі, дзе ўжо ўзгаданы Стэндаль увогуле анямеў. Не ведаю, з кім вандраваў аўтар «Чырвога і чорнага», мне ж мову страціць не далі каханая жонка і гарэзы­ дзеці.

Рым — найлепшы горад на Зямлі, адразу пасля Мінска

Аднойчы па дарозе ў Іспанію я па ўласнай памылцы не паспеў на свой самалёт у Мілане. Збянтэжаны, я не ведаў, што рабіць, італьянцы ж смяяліся, жартавалі. Праз паўгадзіны я ўжо піў віно ў рэстаране, а на руках меў квіткі на наступны рэйс — і ўсё бясплатна, за кошт Аlitalia

«Як усё лёгка і проста, быццам гуляючы», — зрабіў я тады для сябе выснову.

З таго моманту ў Італіі я пабываў неаднойчы, але італьянская лёгкасць не перастае здзіўляць. Не паспела ў самалёце прагучаць «зашпіліце рамяні», а я ўжо ведаю ўсё пра суседа. Ён з Неапаля, завуць яго Арыс, мае дваіх дзяцей, у іх найлепшая піца і найпрыгажэйшае ў свеце метро. Ён паціскае майму шасцігадоваму сыну руку, сцюардэсе дорыць усмешку. Ніякай змушанасці, усё натуральна. Калі самалёт узлятае, Арыс моліцца Богу, ужо ў небе мы глядзім яго сямейны альбом. Ён адданы фанат футбола, бачыў на ўласныя вочы гульню Марадоны і ніколі не даруе пераход Ігуаіна ў «Ювентус». Усё з усмешкай. Арыс просіць, каб я запісаў ягоны тэлефон і абавязкова завітаў да яго ў Неапалі. А якую пасту гатуе яго маці!

Італія — гэта найперш італьянцы

А яны сапраўды такія, як італьянская музыка.

Мы прыляцелі. Чао, Рым, да сустрэчы, Арыс.

Не заблукаеш, усё адно ўсе дарогі вядуць у Рым. Пытанне часу, але ты трапіш у Рым. Тое самае быццам можна сказаць і пра іншыя гарады:

— Усе дарогі вядуць у Сноў.

— Усе дарогі вядуць у Мазыр.

— Слонім, Баранавічы, Пінск.

Толькі першым быў Старажытны Рым, які з пашырэннем сваіх уладанняў злучаў сталіцу і новыя землі сеткай дарог. Прайшлі тысячагоддзі, а дарогі, акрэсленыя рымлянамі, працягваюць існаваць у выглядзе сучасных магістраляў.

Як?

Для беларусаў дарога ў Рым звычайна праходзіць праз Вільню, Варшаву ці Кіеў. Так танней, бо беларускія авіялініі — варыянт дарагі, калі толькі вам не пашанцавала набыць квіткі па акцыі, пільнуючы іх начамі. Аэрапортаў у Рыме два: Чампіна абслугоўвае лаўкостары, Да Вінчы (Ф’юмічына) прымае галоўную плыню прылятаючых.

«Пачынаецца пасадка на самалёт да Рыма». А ў пасадачных талонах пазначана: Аэрапорт імя Скарыны (Мінск) — Аэрапорт імя Да Вінчы (Рым).

Прыгожа? Мо ў хуткім часе славутыя дзеячы Сярэднявечча змогуць хай не лётаць самі, дык перадаваць адзін аднаму вітанне праз сваіх нашчадкаў.

Да горада з аэрапортаў дабрацца можна на цягніку ці аўтобусе і, зразумела, на таксі. У залежнасці ад часу прылёту і колькасці вандроўнікаў таксі можа быць найлепшым варыянтам, бо грамадскі транспарт ходзіць абмежаваны час і пасля прыбыцця на цэнтральны вакзал Тэрміні, вам, хутчэй за ўсё, давядзецца рабіць яшчэ перасадку, а гэта ўсё — грошы. Нам танней ехаць на таксі, і, апроч іншага, так мы паспяваем на вячэру. А вячэра ў Рыме — гэта святое.

Лагістыка

Гатэляў у Рыме, разам з апартаментамі, пад 8 000, і ў летні час яны амаль усе занятыя. Цэны розныя, але збольшага прымальныя, стартуюць прыкладна ад 35€ за нумар на дзве персоны. Акрамя пражывання, давядзецца яшчэ заплаціць і турыстычны падатак у памеры 3,5€ за дзень. Дзецям да 10 гадоў і тут шанцуе: плаціць ім не трэба, таму, дакладней, шанцуе іх бацькам. Парады звычайныя: чытайце водгукі і пазбягайце турыстычных эпіцэнтраў кшталту фантана Трэві, дзе, як сцвярджае мой добры знаёмы, усё рамантычна, толькі заснуць немагчыма.

Калі выбіраеш гатэль ці апартаменты ў Рыме, трэба ўлічваць, што хадзіць прыйдзецца шмат.

Браць аўтамабіль напракат не мае ніякага сэнсу, бо ўсё важнае знаходзіцца адносна недалёка, а, улічваючы платную паркоўку і вузкія вуліцы, гэта ўсё стварае непатрэбны клопат.

Ідэальна спыніцца недзе паміж Іспанскай лесвіцай, Калізеем і Трастэверэ.

Па-­першае, тады можна сэканоміць на транспарце. Па-­другое, вы не абмежаваныя часам і можаце папіваць свой апероль колькі вам заўгодна — як­-небудзь прысунецеся да гатэля. У іншым выпадку давядзецца прытрымлівацца раскладу грамадскага транспарту, а ён у Рыме ходзіць па-­паўднёваму свавольна. Аўтобусы і трамваі могуць лёгка спазніцца на паўгадзіны ці ўвогуле не прыйсці. Метро больш фармальнае і працуе да поўначы.

Метро

Метро тут адно з наймаладзейшых у Еўропе, будуюць метро павольна, надаючы асаблівую ўвагу магчымым археалагічным знаходкам.

У горадзе, дзе памеры культурнага слою дасягаюць 7 метраў, будаўнікі метро проста вымушаныя быць трошкі і археолагамі.

Рымская падземка ўтылітарная: ніякага мармуру ды крышталю, многія цягнікі не маюць кандыцыянераў і выглядаюць занядбана, нібы вітанне з 60-­х. На дадзены момант працуе тры лініі, апошнюю запусцілі некалькі год таму.

Для зручнасці месцы асаблівай увагі пазначаны назвай славутасці: напрыклад, станцыя Barberini — Фантан Трэві, Lepanto — Ватыкан і гэтак далей.

Кошт праезду звычайны для Паўднёвай Еўропы: аднаразовы — 1,5€, праязны на тры дні — 18€, на тыдзень — 24€. Дзецям да 10 гадоў — бясплатна. Астатнім не раю ездзіць без аплаты. Кантралёры могуць па сярэдзіне маршрута спыніць аўтобус і праверыць білеты. Акрамя сораму, гарантаваны штраф у памеры ад 100€, чаго мы былі сведкамі.

Асліная брама

Калі нешта не разумееш ці не прымаеш, прасцей за ўсё — абразіць аб’ект свайго неразумення. Каб патлумачыць гэта, цудоўна падыходзіць Асліная брама (Азінарыі). Праз яе ў старажытныя часы траплялі ў горад першыя хрысціяне. Чым жа была вінная гэтая брама, што атрымала назву гэтай боскай жывёлы? Спрацавала біблейская аналогія: менавіта на асле ў свой час Хрыстос увайшоў у Іерусалім.

Шлях да веры самога Рыма быў цяжкім, да першых хрысціян ставіліся як да сектантаў, што неслі пагрозу імперыі. Таму абраза была найбольш бяскрыўдным з таго, што давялося зазнаць паслядоўнікам Хрыста. А былі яшчэ пагромы, катаванні, забойствы.

Лёс апостала Паўла стаў падмуркам для пераўтварэння Рыма.

Мінула два тысячагоддзі, хрысціянства прайшло праз цемру вякоў, зведала Рэнесанс, Асветніцтва і розныя рэвалюцыі. Пры ўсіх цяжкасцях і спакусах яно было і застаецца адной з асноўных рэлігій планеты, а Рым, разам з Ватыканам, — духоўным цэнтрам яе каталіцкай часткі.

Брама Азінарыі знаходзіцца ў паўднёва­-ўсходняй частцы старога горада, аточаная старажытным мурам, уздоўж якога бегаюць прыхільнікі здаровага ладу жыцця, яна па­-ранейшаму застаецца пунктам уваходу ў Рым, толькі на гэты раз для чатырох праваслаўных геданістаў, што жывуць побач з брамай.

Калізей

«Глядзіце, вы бачыце неба такім,

якім яго бачылі старажытныя — у абрысе Калізея». 

М. В. Гогаль

Аўтар «Вечароў на хутары каля Дзіканькі» быў адным з найлепшых гідаў па Рыме. Ён прыводзіў сваіх сяброў у Калізей, які ў той час стаяў засыпаны больш чым на палову зямлёй, і прапаноўваў ім легчы пасярэдзіне арэны, каб адчуць веліч амфітэатра і повязь эпох. Гэта цяпер Калізей — галоўны сімвал Рыма, а да сярэдзіны ХІХ стагоддзя арэна была сімвалам паганства.

Толькі вялікія памеры дазволілі яму захавацца. Як толькі Рым стаў хрысціянскім, Калізей пачалі разбураць. Мармур з арэны ішоў на будаўніцтва новых палацаў, так, напрыклад, узводзіліся храмы Ватыкана.

«Мы наш, мы новы свет збудуем».

Калізей выжыў. Стаіць увесь пабіты, у лахманах, з­-пад якіх тырчаць адныя рэбры, ды ўсміхаецца. Вось тут быў зуб, яго яму выбіў Мікеланджэла дзеля храма Святога Пятра, тут сківіцу знеслі, каб пабудаваць палац Фарнезі. Збіты на горкі яблык хуліган, якім захапляюцца ўсё дзяўчаты двара. 

Без гогалеўскага «неба старажытных» у Калізеі няма чаго рабіць. Там доўгія чэргі і паліць сонца. Мая парада: разам з Калізеем звычайна наведваюць яшчэ Форум і Палаціна, менавіта ў апошнім месцы лепш за ўсё набываць квіткі, бо там амаль няма чэргаў. Каштуе ўваход 12€ дарослым, а дзецям да 18… ну зразумела, бясплатна. Няма падзелу на грамадзянства: дзяцей у Італіі любяць незалежна ад герба на пашпарце.

Калізей у часы свайго росквіту мог прыняць да 87 тысяч гледачоў. Белыя з мармуру сцены вышынёй 50 метраў здзіўляюць нават сучаснага чалавека, што ўжо казаць пра старажытных. Уздоўж усёй сцяны ў праёмах арак стаялі пазалочаныя фігуры імператараў і ваяроў. Кульмінацыяй усяго быў велічэзны ветразь чырвонага колеру, які раскрывалі падчас дажджу маракі, утвараючы дах над трыбунамі. На самой арэне праходзілі спаборніцтвы гладыятараў, цкавалі звяроў, ладзілі марскія баі.

«Хлеба, відовішчаў»

Была кроў, шмат крыві на пацеху публіцы.

Сын залазіць на пастаменты і ўяўляе сябе ваяром…

Калізей — вялікі помнік чалавецтву, якое прайшло шлях ад забойства дзеля забавы да каштоўнасці кожнага асобнага жыцця. Адно толькі шкада: нельга зрабіць, як раіў Гогаль, — пабачыць неба ў абрысе Калізея. У цэнтр ходу няма.

Адчуваць

Рым пазнаецца нагамі і сэрцам. А паколькі ў кожнага з нас свой рытм і даўжыня кроку, горад атрымліваецца розным. Безумоўна, ёсць знакамітыя пункты, але не яны робяць наш успамін. У Рыме цікава гуляць, збіваць абцасы, па вуліцах, мастах, уздоўж Тыбра заходзіць на выспы, узбірацца ўгору. Рым гэтае любіць і будзе ўдзячным. Няма тут на картах вуліцы Шчасця, але ёсць супадзенне грукату сэрца і поступу ног.

Знойдзеце ці не — ніякіх гарантый. Не адзін кіламетр мы прайшлі, каб выйсці на вуліцу Джуліі. Храмы, брукаванка, майстэрні ювеліраў, домам нумар 79 валодалі Медычы. Ужо потым даведаліся, што гэта першая простая вуліца Рыма, што будавалі яе Мікеланджэла і Рафаэль. Мы проста сядзелі на каменных лавах з адчуваннем, што нешта знайшлі.

— Паста стыне, давай дахаты.

Уяўная Медычы-­маці магла так клікаць дзіця дадому. Адсюль не хацелася ісці. Месца, на якое вы, магчыма, увогуле не звярнулі б увагі, а мы ў ім нешта знайшлі.

Рым трэба прайсці, узняцца на пагоркі колькасцю сем. Адчуць, якім яго бачаць птушкі, з вышыні апельсінавага саду на Авентын. Потым зноўку ісці, спыняцца, каб выпіць кавы, набраць вады. Ляжаць на травах вілы Баргезі, у цені манумента Бакача быць закаханай парай.

Ісці, ісці, каб на захадзе сонца спыніцца. Хлеб, сыр, бутэлька віна. Недзе тут, на Капіталійскам пагорку, пачалася гісторыя Рыма. Ваўчыца, Ромул, Рэм. Яна ўзгадавала іх сваім малаком. Мы сядзелі на прыступках, крышылі сырам. Прыйшоў вожык, потым жонка ягоная, дзеці. Вячэру дзялілі на ўсіх, быццам за Ромула і Рэма прыродзе вярталі даўгі.

Ньёкі

Тое, што назва Клецка паходзіць ад слова «клець», ніяк не замінае нам пагуляцца ў словы.

— Уяві, калі б назва паходзіла ад клёцак?

— Ежай звычайна не называюць, наадварот бывае, як з той Пармай.

— Ну а ўсё ж, калі б ад клёцак? Вось у італьянцаў клёцкі — ньёкі, як бы тады Клецк называўся на італьянскі манер?

— Скажы яшчэ, што рэцэпт клёцак завёз сам Скарына?

— Канечне! Падчас вучобы ў Падуі Францыск мусіў харчавацца клёцкамі і пельменямі (равіёлі) — звычайнай ежай студэнтаў. Можа, тады горад зваўся б Ньёцак?

— Хутчэй, Ньёкавічы ці Ньёкаў.

А як пераламляецца беларускае ў італьянскім? Як па мне, дык цудоўна. Чырвоныя кеды лідскай вытворчасці пасуюць дарогам Італіі, а Палессе з кніг Марціновіча цікава чытаецца як у Ватыкане, так і пад шум Тырэнскага мора.

Дробязі? Можа быць. Пад перчаныя ньёкі са слімакамі ды пад халоднае тасканскае чаго толькі галава не надумае.

Згубіцца

Што за прынцэса, што ў Рыме не гублялася? Кінематограф падарыў нам безліч гісторый з падобным сюжэтам. У «Рымскіх вакацыях» знікла прынцэса Ганна (Одры Хэпберн), у «Шалёна закаханым» гераіня Арнелы Муці «замуціла» ўцёкі з лавеласам Барнебі (Чэлентана). Калі раней прынцэс можна было пазнаць па пярыне і нейкай там гарошыне, сёння толькі Рым можа пацвердзіць высакародны статус донньі. 

У фільме Вудзі Алена «To Rome with Love» шмат калізій, кахання, Іспанская лесвіца, опера — і, як без таго, каб адна з гераінь не згубілася. Чамусьці ў нашым пракаце стужка прайшла пад назвай «Рымскія вакацыі», як па мне, дык вакацыі — гэта калі да бабулі на вёску, а тут прыгоды, рамантыка, Рым. У гэтым горадзе трэба губляцца, быццам кажуць нам з шырокіх экранаў. Губляцца, каб потым знаходзіць не сябе, а таго, каго варта шукаць усё жыццё. 

Згубілася ў Рыме і мая прынцэса, не знарок — так здарылася. Яе прынц фотаапарата і штопара не дагледзеў, кудысьці спяшаўся. На маё шчасце, прынцэса знайшлася. У горадзе, напоўненым сонцам і смакам, істотна не з кім ты прыязджаеш, а з кім яго пакідаеш.

Торэ Арджэнціна

У 2012 годзе іспанскі археолаг знайшоў месца забойства Юлія Цэзара, ім аказалася рымская плошча Торэ ды Арджэнціна.

— І ты, Брут?

Здзівіўся Цэзар, калі пабачыў сярод людзей, што прыйшлі за ім: па адной версіі — сябра, па другой — сына. Гісторыя здрады, узмоцненая геніем Шэкспіра, атрымала дакладнае месца. Археолаг Мантэроса знайшоў пліту-­помнік, якую ў гонар імператара паставіў яго прыёмны сын Актавіян. Згодна з гістарычнымі тэкстамі, забойства адбылося ў курыі Пампеі, дзе засядаў Сенат Рымскай рэспублікі, але драматург перанёс падзеі ў тэатр Пампеі. 

«Увесь свет — тэатр, а людзі ў ім — акцёры».

Гісторыя займела дататковы цымус, а вольніцу з фактамі можна дараваць мастаку.

Саму плошчу Торэ ды Арджэнціна археолагі раскапалі ў пачатку ХХ стагоддзя. Былі выяўлены рэшткі чатырох храмаў, датаваных I стагоддзем да н. э. Апроч таго на, здавалася б, такой невялікай прасторы знаходзіліся два тэатры (Пампея і Бальбы), цырк Фламінія і, урэшце, курыя Пампеі. Колькі і чаго дзіўнага да нашага часу хаваецца пад зямлёй, можна толькі здагадвацца. Сюжэт фелініеўскага «Рыма», калі пры будаўніцтве метро раскопваюць палац у спрадвечнай прыгажосці, цалкам рэальны.

Любіце катоў? Тады гэта ваша плошча: 200 катоў пасяліліся і жывуць сярод рэшткаў былое славы. Усё легальна, з шыльдамі і надпісамі, што гэта іх месца жыхарства. Асабліва пазначана, што рымскіх пухнацікаў ды мурзікаў карміць забараняецца, бо яны потым удзячна пабягуць за вамі і могуць трапіць пад машыны. Так, гэта ўсё пра вулічных катоў, якім проста ахвяравалі гістарычную спадчыну. А колькі ў іх гонару, годнасці — не менш чым у таго Юлія Цэзара. Кожны — імператар і кароль у вусатай пысе. Чорныя, белыя, чарапахавыя — усіх нават адразу і не заўважыш, гойсаюць з каменя на калону, спяць пад аркамі, ляніва пазіруюць турыстам. Што там Цэзар, што там Брут? Арджэнціна належыць катам. І калі Сяргей Міхалок з брыгадай рэвалюцыянераў імя Арнелы Муці надумаюць тут выступіць, дазвол трэба будзе спытаць у катоў. Я нават ведаю, якім будзе іх адказ.

— І ты, Брута?

Карбанара

Аднойчы я вяртаўся з Рыма праз Вільню. Начны пералёт, потым ранішні цягнік — я адразу ж зваліўся ў сон. Пад грукат колаў я сніў марожанае, піцу, ліманчэла: нібыта нехта расказваў, а я за кожным словам бачыў знаёмы мне смак, я нікуды не адлятаў, вячэраю недзе ў Рыме, хутка будзе дэсерт. Калі ж мяне разбудзіў праваднік, побач са мною сядзелі хлопец з дзяўчынай — гэта іх Італію я слухаў увесь час.

Італія смачная, як успаміны з дзяцінства. Калі бабуля на світанку распальвала печ і пякла нам аладкі. Малымі, мы не ведалі, што такое шашлык, затое якім смачным быў мокры батон, што пасыпалі цукрам. Простыя рэчы, незабыўныя, смачныя.

Італьянская кухня па­-хатняму свойская, тое, што мы згубілі ў шматпавярховых будынках сучасных гарадоў, італьянцы змаглі захаваць. Дольчэ віта мусіць пачынацца з сябе.

Мы едзем у Італію, каб атрымаць асалоду. Гісторыя, культура, традыцыі, кухня — усё пераплецена, трэба пазнаць усё, каб пачуць сімфонію цалкам. Ніякай пагарды да ежы быць не можа, яна — частка культуры. Паганіні, Вердзі, Феліні — усе яны добра гатавалі, а Расіні нават пісаў кулінарныя кнігі.

«У Гальяні іль Кольоні

Закажі себе в Твері

С пармезаном макароні

Да яічніцу сварі».

А.С. Пушкін

Усе словы будуць пустымі. Трэба кінуцца ў бойку з відэльцам і лыжкай і здацца ў палон на дэджыстыў. Пазнаць, што макарона можа быць самадастатковай стравай, а кветкі цукініі з анчоусам выклікаюць гастранамічны аргазм.

Жыццё больш не будзе такім, як раней: вы кінеце ламаць перад варкай спагеці, а на апошнія грошы купіце кулінарную кнігу, каб паўтарыць зведаны цуд. Халоднымі восеньскімі вечарамі станеце пужаць землякоў сваім «так, мы ў Італію есці», а пры выбары віна звяртаць увагу на рэгіён.

«Макарона аб’яднае Італію»

«Макарона аб’яднае Італію».

Гарыбальдзі

У 1861 італьянцы здолелі вызваліцца з­-пад улады аўстрыйцаў і ўтварыць адзіную дзяржаву. Ці трымаецца еднасць Італіі на макароне — хто яго ведае?

Рымская паста — гэта карбанар, белая з жоўтым: саюз вяршкоў, пармезану з беконам і спагеці аль дэнтэ. Найлепшую пшаніцу для пасты вырошчваюць на поўдні Сіцыліі, пармезан паходзіць з­-пад Пармы, з поўначы. Вось яна — Італія, аб’яднаная мовай Дантэ і пастай аль дэнтэ.

Рымскія рэстараны не дарагія. Лічыцца, што найлепшыя знаходзяцца ў раёне Трастэверэ. Яны ўсе розныя, з вайфаем і без, у некаторых можа не быць нават шыльды, а кухар будзе гатаваць не па меню, а па натхненні. Там не будзе раскошы палацаў і са срэбра відэльцаў, затое там вас чакае атмасфера дома і смак незабыўнай кухні, як у бабулі ў дзяцінстве.

Чынечыта

На лініі А рымскага метро ёсць станцыя «Чынечыта», а ў Мінску — незразумелая «Маскоўская». Што чакае чалавека, калі ён выходзіць на гэтай станцыі? Вуліцы такой там няма, гастраном «Маскоўскі» не заўважны таксама. Можа, нехта кагосьці хацеў заблытаць, скіраваць у іншы бок? Партызаншчына чыстай вады, прытым што побач месціцца нацыянальная кінастудыя. Наша Чынечыта. Цудоўная атрымалася б назва — «Партызанфільм», выбачайце, «Беларусьфільм».

— Асцярожна, дзверы зачыняюцца. Наступная станцыя….

«Чынечыта» перакладаецца як «горад кіно». Слова сугучнае з італьянскім «фелічыта», што па­-нашаму значыць «шчасце»: на гэтай студыі нарадзілася новая плынь у кіно, неарэалізм. Фільмы Антаніёні, Вісконці, Феліні не толькі прынеслі славу студыі, але і сталі залатым фондам сусветнага кінематографа. Спадчына атрымалася настолькі велізарнай, што сучасным італьянскім кінематаграфістам увесь час прыходзіцца даказваць сваю адпаведнасць папярэднім майстрам.

Сёння кожны ахвотны можа наведаць студыю і пабачыць павільёны, якія называюцца прыгожым словам teatro. Святая святых — тэатра за нумарам 5, тут здымаў свае фільмы Феліні.

Каб паласавацца марожаным на Іспанскай лесвіцы ці прызнацца ва ўсім зробленым перад Бока Верычыта непатрэбна ніякая студыя. Вось яны «Рымскія вакацыі». Лёгка, нібы ў кіно, пераадолець 320 прыступак і апынуцца на вяршыні сабора Святога Пятра. Вось яны, героі фільма Феліні, якім можна ўсё, нават залезці пад струмені вады на Трэві. Не дазволіць паліцыя? А вы паспрабуйце — гэта ж вам не красці веласіпед. 

Рым можа сабе дазволіць ніяк не пазначаць кінаславутасці — і без таго турыстаў хапае. Калі ідзеш па вуліцы Венета, нішто не кажа, што тут здымаліся эпізоды «салодкага жыцця» багемы з удзелам фатографа Папарацы, чыё імя потым стала агульным.

Рым сам па сабе — гэта ўжо гатовыя дэкарацыі, хоць зараз бяры ды здымай фільмы пра розныя эпохі і нават краіны. Такое адчуванне, што трапляеш у нейкі Дыснейлэнд.

Вось, напрыклад, што заўгодна можна было чакаць убачыць у Рыме, толькі не піраміду, а яна ёсць. Палкаводзец Цэстый, што ваяваў у Егіпце, з дапамогай тутэйшых зладзіў сабе вось такую сціплую пахавальню. Не заленаваліся прывезці адтуль і шматлікія абеліскі з характэрнымі для Егіпта выявамі, а каб не знішчылі, наверсе ўсталявалі крыжы. Ці вось іншы прыклад. Усім вядома, што на тэрыторыі Рыма знаходзіцца такая дзяржава, як Ватыкан. Толькі гэта не адзіная краіна, якой даў прытулак Вечны горад. Ёсць яшчэ адна памерамі ў адзін двор — Мальтыйскі ордэн. Праз замочную шчыліну гэтай краіны можна пабачыць уласна Мальтыйскі ордэн, Італію і Ватыкан. А што такое сам кінематограф, як не аўтарскі позірк рэжысёра праз дыяфрагму кінакамеры? Цікавага тут шмат, асабліва калі ведаць гісторыю.

Людзі

«Рым — гэта маці, якая нікога не абавязвае паводзіць сябе прыстойна. А рымляне — вялікія дзеці, смешныя і простыя, якія больш за ўсё жадаюць, каб ніхто не парушаў іх векавых традыцый».

Федэрыка Феліні

Што можа даведацца турыст пра рымлян? Хутчэй за ўсё, нічога. Кропкі перасячэння абмежаваныя і тычацца пераважна сферы абслугоўвання. Стоп. Гэта не тое слова, якое характарызуе ўзаемаадносіны мясцовых жыхароў і гасцей. Хутчэй — партнёрскія адносіны, дзе амаль не назіраецца звычайнага ў такіх выпадках паслужлівага: «Чаго жадаеце?»

У Рыме няма адчування, што горад жыве дзеля турызму, хутчэй, ён вымушаны прымаць яго як непазбежнасць, своеасаблівую адказнасць перад гісторыяй. Пры ўсёй глабалізацыі і адкрытых межах рымляне здолелі захаваць сваю ідэнтычнасць. Тут не сустрэнеш, як, напрыклад, у Іспаніі, цэлыя кварталы, дзе жывуць адны турысты, а мясцовай мовы не ведаюць нават афіцыянты. Пра яго нельга сказаць і сумнае: «Быў я ў тым Парыжы, там адныя арабы ды афрыканцы». Рым нейкім чынам абсарбуе замежнікаў, не дазваляе ім змяняць горад пад сябе.

Якія ж яны, сучасныя рымляне? Дакладна ведаю: шчодрыя. Нам у рэстаране рабілі зніжку ў 50%. Проста так. Незнаёмец на пляжы, заўважыўшы, што мяч у сына не трымае паветра, прэзентаваў дзецям два абсалютна новыя.

— Падарунак. Бясплатна.

У прадуктовай краме касір спытаў, ці ёсць у нас картка іх сеткі, пачуўшы нашае «no», дастаў з кішэні сваю і зрабіў нам зніжку ў 4€. Не ўзялі грошы і за праезд сына да аэрапорта, хаця па правілах мусілі. 

Рымляне, яны іранічныя.

— Сіньёрэ? Які ж я сіньёрэ? Сіньорэ — гэта Бог, а я Амадэо, — кажа нам афіцыянт і дае малым па цукерцы, на адной намаляваны леў, на другой — малпа, што супадае з сімволікай гадоў нараджэння дзяцей.

— Вялікі атрымаўся рахунак?

— Un momento.

Складае паперку шматкроць і ўсміхаецца. Сапраўды, лічба ўжо не пужае.

Іншага не скажу, бо не ведаю. Мы бачылі на аўтобусным прыпынку такіх жа стомленых людзей, як пасля працоўнай змены на МАЗе. Эліта, багема? Турыстам яе не спазнаеш, а вось у пранізліва сумотнай «Вялікай прыгажосці» пабачыш.

Вада

Вечны горад. 

— А чаму ён Вечны? — Бо быў заўсёды. — А чаму ён не толькі быў, а такім і застаецца? «Вечны» — гэта ж пра тое, што ён і цяпер «у форме». — Мо таму што ў ім заўсёды была вада?

Нафта? Кіньце! Пра што першае паведамляюць, калі знаходзяць новую планету? Ці ёсць там вада, ды і сам чалавек — гэта на 85% яна. Вада была і заўсёды будзе асновай жыцця. Катар, саўдыты — усё гэта былое, Беларусь — вось патэнцыйна самая багатая краіна ў свеце. І Рым будзе квітнець, бо ў ім заўсёды была сістэма водазабеспячэння, яе пабудавалі яшчэ старажытныя рымляне. Горад безліч разоў разбуралі, але ён ізноў адбудоўваўся, бо, дзе вада, там чалавеку зручна жыць.

Сёння мы ходзім па Рыме і паўсюль бачым крыніцы. Для нас, турыстаў, гэта проста збаўленне, бо ў спёку выпіваецца безліч вады, а тут яна проста дарма. Не паспяваеш напоўніць бутэлькі вадой, як трэба зноў. Калі мы жылі побач з Ватыканам, звычайна выхад у горад пачынаўся з папаўнення запасаў вады з крыніц Святога Пасаду.

У Рыме летам, здаецца, можна не есці, а вось без вады — ніяк.

Але сапраўдным бенефісам вады ў Рыме сталі яго фантаны, іх у горадзе каля 200, а раней колькасць даходзіла аж да 800. Яны, нібы дыяменты на пярсцёнках, упрыгожваюць плошчы італьянскай сталіцы, а галоўны каштоўны камень — Трэві. Архітэктурны комплекс са статуямі і барэльефамі, фантан стаў візітоўкай Рыма. У Рыме за год з вады дастаюць да мільёна еўра. Людзі хочуць вяртацца.

А колькі фантанаў схавана ва ўнутраных дварах прыватных тэрыторый! Некаторыя з іх давялося ўбачыць. Адзін быў з залатымі рыбкамі, а другі бруіўся для навучэнцаў і выкладчыкаў школы.

Фантаны — гэта як з тортам. Быццам не галоўная страва, але калі ён ёсць, адразу ўзнікае адчуванне свята. Так і фантаны, зусім не абавязковыя на плошчах, але гэтыя пырскі вады, гуляючы з сонцам, ствараюць атмасферу, так неабходную гораду. І хто ведае, можа, калі жывеш і навучаешся сярод такой прыгажосці, міжволі набываеш добры густ.

Прыгажосць

Форма карабінерам пасуе, але ж ці магло быць інакш у краіне-заканадаўцы мод? Мяркую, што не, бо Armani і Valentino не ўмеюць кепска шыць, а карабінеры — неадпаведна выглядаць. Італьянскія мужчыны сочаць за сабой: штотыдзень наведваюць цырульню, апранаюцца з густам і абутак заўсёды маюць чысты. Яны, канешне, таксама губляюць шкарпэткі, а муж нашай сяброўкі Тані нават вывучыў фразу па­-расейску:

— Gde moi nosochki?

Аднак гэта — сусветная змова жанчын, нічога не зробіш. А вось быць у форме — на гэта мужчыны здольныя. Мы за ўвесь час убачылі толькі аднаго карабінера з пузам, і тое недзе ў далёкіх закутках аэрапорта. Відаць, ён проста згубіўся, нібы той кот, і яго прытуліла якая­-небудзь сіньёра, а каб не збег, напэўна, корміць яго без перапынку смачнай карбанарай. Астатнія ахоўнікі правапарадку — зграбныя і падцягнутыя. Форма пасуе і жанчынам, яна не робіць іх мужчынападобнымі, а падкрэслівае іх прыгажосць.

Давялося пабачыць і вайскоўцаў: турбулентнасць у свеце прымусіла ўрад задзейнічаць іх дзеля забеспячэння спакою на вуліцах. Чорная форма, капялюш з залатой кукардай ды з пяром глушца на баку — так выглядае італьянскі стралок bersagliere. Капялюш называецца вайра, носяць яго па­-піжонску, набакір, хаваючы мочку правага вуха.

Гэта Італія — тут галоўнае прыгажосць. Гатуеш ты піцу, шыеш вопратку, ствараеш суперкар ці мапед — усё мусіць быць прыгожым. Не кроў, а прага прыгожага робіць сучасных італьянцаў нашчадкамі як дзеячаў Ренесансу, так і старажытных рымлян. Жыць прыгожа, смачна ды з густам. Таму добрая вопратка карабінераў і вайскоўцаў — гэта ўсё не выпадкова. З пёрамі стралкам, напэўна, нязручна, затое па­-шляхецку шыкоўна.

Сустрэцца

З кім бы я хацеў ды так і не сустрэўся ў Рыме? 

— З Франчэска Тоці, легендарным капітанам футбольнага клуба «Рома». Усю кар’еру Франчэска праводзіць у адным клубе. Дарэмна яго заваблівалі славай у Мадрыд, ён не спакусіўся на нафтадаляры шэйхаў.

— З Рабэрта Беніньі. Жыццё цудоўнае, а яго ход — здымаць у кожным сваім фільме сваю жонку — геніяльны.

З кім мне ніколі не сустрэцца, а хацелася б:

— З Джардана Бруна. Я б паказаў яму інтэрнэт.

— З Мікеланджэла. Проста здалёк паглядзець бы, як ён малюе той дотык.

Піца

— Сіньёр, сіньёр, у нас добрая піца. — Печ на дровах? — Вядома.

Звычайна там, дзе так заклікаюць, нічога добрага чакаць не прыходзіцца. Я б яшчэ прайшоўся, пашукаў ціхенькую вулачку, куды турысты не даходзяць, а кліенты пераважна з мясцовых. Толькі на гадзінніку ўжо трэцяя, а ў такі час італьянцы ўжо паабедалі, у лепшым выпадку папіваюць сабе каву з цірамісу. Да таго ж дзеці віснуць на руцэ, усім сваім выглядам паказваючы, што калі я не кіну так здзекавацца з іх і мы не зойдзем у гэтую піцэрыю, мяне чакае вясёлая старасць. Выбар такі, што яго няма, — трэба заходзіць.

Атрымаўшы нашу згоду, італьянец выбягае на сярэдзіну чатырохпалоснай вуліцы і ўскінутымі ўгару рукамі намагаецца спыніць аўтамабільны рух.

— Сіньёры вырашылі пакаштаваць нашу піцу!

У гэты момант, відаць, спыніліся таргі на рымскай біржы. Тэлекампаніі накіравалі свае гелікоптары на скрыжаванне вуліц Пепероні і Тальятэлі. Жанчыны кінулі ўсе свае справы: малыя плачуць, рагу а­ля баланьезэ пачало падгараць. У барах цішыня, парламент за хвіліну прымае лёсавырашальны закон, які дазваляе турыстам, што пажадалі паспытаць піцу, пераходзіць дарогу, дзе і як ім заўгодна. Толькі мы, беларусы, ведаем, што закон пачынае дзейнічаць з подпісам прэзідэнта і пасля публікацыі ў адпаведных СМІ, а на гэта спатрэбяцца яшчэ пару хвілін. Таму, каб не чакаць, мы рушылі да святлафора.

Піца — гэта Італія. Маргарыта — колераў італьянскага сцяга. Чатыры сыры — як чатыры сыны. Гарганцола, Скаморца, Ды Фантына і Гран Падана, — годныя хлопцы, сем’ямі сабраліся на Ферагоста. А вось сама Капрычоза — свавольная модніца, у кожным рэгіёне ў новых спадніцах­-інгрэдыентах. У падсмаленым подыху Везувія нараджаецца найлепшая піца ў свеце — Напалі: белае мора мацарэлы, у хвалях якога гуляюць анчоусы.

Што робяць італьянцы такога і чаму не атрымліваецца ў іншых? Самы лагічны адказ: яны маюць найлепшыя прадукты і ведаюць, як іх спалучаць. Папулярная ва ўсім свеце, на сваёй гістарычнай радзіме піца тонкая, і прыносяць яе неразрэзанай. У залежнасці ад соусу асновы падзяляецца на белую і чырвоную, а галоўным інгрэдыентам лічыцца сыр.

Піцу любяць старыя і дзеці. Нам было смачна. 

— Грац’е, сіньёр.

Кампа дэй Ф’ёры

«… І не трэба так трагічна, даражэнькі. Глядзіце на гэта з уласцівым вам гумарам … З гумарам! Урэшце, Галілей жа ў нас таксама выракаўся. — Таму я заўсёды больш любіў Джардана Бруна…»

Рыгор Горын

«Той самы Мюнхгаўзен»

«Поле кветак» — так перакладаецца назва пляца Campo dei Fiori. Гэта калі рабіць тое дакладна, у стылі гугл транслэйт. Дадамо трошкі ўяўлення — і «поле» ператвараецца ў «мора», а з глытком віна — перад намі цэлы сусвет: кветак, зор.

Вандраваць без фантазіі сумна, і без ведання фактуры перад вачыма застаюцца выключна голыя камяні і нейкія людзі, што мітусяцца навокал. Каб растлумачыць гэтую думку, варта прыгадаць дзяцей. Ім цікавая гульня, а цуды архітэктуры і шэдэўры мастацтва іх не кранаюць праз узрост і малы жыццёвы досвед. З часам яны дойдуць да ўспрымання прыгожага, прачытаюць цікавыя кнігі і зразумеюць веліч гісторыі і ролю асобаў у ёй. А пакуль толькі абяцанае марожанае можа прымусіць іх слухаць, навошта ў такую спёку бацькі зацягнулі іх у гэтае месца.

Мора, сусвет, кветкі. Колькі ў свеце кветак? Ці падлічваў хто­небудзь? А зор? Прыкладна тая ж бясконцасць, што зразумела сёння кожнаму. «У Сусвеце існуе незлічоная колькасць целаў, падобных да нашага Сонца», — сказаў Джардана Бруна, і яго спалілі. Менавіта на Campo dei Fiori. Зрабілі тое цішком, бо баяліся, што яго словы і ідэі прывядуць да чарговага падзелу царквы. Затрыманы па даносе свайго вучня, імя якога не вартае ўспаміну, Джардана Бруна правёў за кратамі шэсць гадоў. Катавалі, абяцалі рознае — усё вытрываў. «Спаліць — не значыць абвергнуць!» — і быў такім.

Амаль праз тры стагоддзі на месцы страты паставяць помнік, але для царквы Джардана Бруна да гэтага часу не рэабілітаваны.

Сёння на Campo dei Fiori — рэстарацыі і кавярні, шторанак тут праходзіць кірмаш, дзе гандлююць пераважна бангладэшцы. Кветкі, прысмакі, гэтак жа, як і людзі з розных краінаў, спраўджваюць думку філосафа пра разнастайнасць жыцця. Ён казаў пра космас? Няхай так. Для мяне ж космас тут, на пляцы.

Між тым у Рыме спякотна. Гойсаюць ровары, веспы. У рэстарацыі «Ла Карбанара» гатуюць карбанару. Дзеці з матуляй заходзяць па марожанае ў кавярню Mama mia. Я сяджу на прыступках дома насупраць, сёрбаю замарожаны напой з мяты. 

Месца на Campo dei Fiori хапае ўсім, а зорак у небе — бязмежнае мора.

Мора

Усё ў нас, беларусаў, ёсць. Свая краіна, чэмпіён па футболе, металічныя грошы ў кішэнях, напоі, урэшце, мова, на якой я пішу і размаўляю дома. Толькі мора няма, а ёсць сум, што калісьці было ад мора да мора. 

Спадар любіць горача — Чорнае мора, таварыш не любіць купацца, паважае з паненкай шпацыр — вось вам Балтыйскі прыліў. Было і няма. Ёсць рэкі, азёры, а на вуснах не стае солі, калі выходзіш з­пад хвалі.

У рымлян ёсць мора. 15 кіламетраў па мапе, трыццаць хвілін цягніком. За тысячагоддзе Вечны горад так і не стаў партовым, затрымаўся за крок да вады. Мора для Рыма — гэта ўцёкі са спякотнага горада ў лета, Mare Nostrum, па-­нашаму — лецішча.

Мы едзем да яго шторанку. Перасадка на станцыі Piramida, крама з напоямі, у пясок — парасон. Купаемся, загараем, скурай аблазім. Нашы замкі змывае вадой. Недзе тут здымаў фінальную сцэну La Dolce Vita Феліні. Мора, сосны, бяссонны Рым, прыгажосць дзяўчыны. 

Пайшлі цітры:

Fine.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?