«С чистого листа начнём сначала» — гэтак пяе былы вакаліст «Новага Ерусаліму» ў загалоўнай песьні сольнага дэбютніка.

Немаведама чаму Аляксандар пакінуў гурт, але на яго творчасьці гэта зусім не адбілася. Тэматыка сьпеваў засталася ранейшай. Імідж выканаўцы ды падача матэрыялу — не зьмянілася ані.

Уласна музыка хіба яшчэ болей пайшла ў кірунку ад поп‑року да эстрады. Прынамсі, ранейшай аўдыторыі ён ня згубіць. Але слаба верыцца, што здабудзе новых прыхільнікаў.

Мяркуючы з усяго, музыка ведае схему стварэньня ідэальнага хіта — дзе сэмплы скарыстаць, калі клявішы вывесьці на першы плян, а калі і драйву не зашкодзіць дадаць.

Але зусім не выходзіць у яго песьні, якая б запомнілася хоць бы празь некалькі праслухоўваньняў дыску. Гэты «высакародны поп» папросту не абуджае фантазіі.

«Второе дыхание» — прадукт прафэсійны і ў той жа час другасны, зроблены нібы па нейкім шаблёне. Музыка настолькі нэўтральная і рафінаваная, што яе цяжка нават фонам уявіць. Ня выйшла пачаць з чыстага аркуша ў Аляксандра.

Сяргей Будкін

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0