Зь перакладчыкам фінскага эпасу на беларускую мову Якубам Лапаткам гутарыць Наталка Бабіна.

Якуб Лапатка — ваш літаратурны псэўданім ці сапраўднае імя? Адкуль Вы, чым займаецеся? Якім ветрам вас занесла ў Хэльсынкі?

Якуб Лапатка: Родам я зь вёскі Аўсюкова на Расоншчыне. У свой час там быў шматлікі род Лапатак. На Аўсюкове і ў Паддуб’і. Рос без бацькоў з трэцяй клясы, толькі з бабуляй, увесь час працаваў дома па гаспадарцы і ў калгасе. Домік у вёсцы — гэта толькі на рэкляме прывабна, а на праўдзе — гэта цяжкая беспрасьветная праца, асабліва паўстагодзьдзя таму. Марыў вывучыць гішпанскую мову — гэта ўжо асобная даўгая гаворка. Працаваў на будоўлі, вучыўся на сьлесара, потым — у Менскім інстытуце замежных моваў. 20 гадоў адпрацаваў у наваполацкай школе настаўнікам гішпанскай. Самастойна вучыў мовы. У.Арлоў і С.Сокалаў (тады яшчэ не зусім Воюш) з дапамогай Л.Баршчэўскага завабілі мяне ў літаратуру, у прыватнасьці, прысудзілі займацца перакладамі зь фінскай. А фіны вельмі ўважліва і з павагай ставяцца да сваёй мовы і літаратуры. Запрасілі мяне сюды на моўную стажыроўку, потым прапанавалі працу ва ўнівэрсытэце. Там я выкладаў беларускую. Вось такім лёгкім ветрам мяне і занесла ў Хэльсынкі. А чым можа займацца пэнсіянэр? Кажуць, што гуляць у даміно ды шахматы або вудзіць рыбу. Мая рыба — гэта пераклады і фінская мова.

Наталка Бабіна: Чым адрозьніваюцца фіны і беларусы?

ЯЛ: Пачнем з агульнага. Беларусы, як і фіны, — нацыя вясковая. Вялікае перасяленьне ў гарады пачалося, як і ў нас, — на пачатку 1960‑х. Беларусы, як і фіны, на працягу стагодзьдзяў знаходзіліся на стратэгічным скрыжаваньні інтарэсаў вялікіх дзяржаваў, ад чаго нацярпеліся напоўніцу. Беларусы, як і фіны, атрымалі бедную на прыродныя багацьці зямлю.

Але фіны ўчэпіста трымаюцца за мову, за незалежнасьць, за самабытнасьць. Беларусы ж ня лічаць гэта галоўнымі каштоўнасьцямі. Фіны спадзяюцца толькі на сябе. Фіны САМІ пабудавалі сацыяльную дзяржаву, дзе няма галодных, бяздомных, пакінутых інвалідаў і дзяцей. Беларусы гэтага ня зробяць, пакуль не ўсьвядомяць, што галоўныя каштоўнасьці — гэта мова, незалежнасьць, самабытнасьць, што толькі мы самі зможам пабудаваць сваю дзяржаву.

НБ: Чаму вырашылі ўзяцца менавіта за «Калевалу»?

ЯЛ: Вымусіла ўзяцца крыўда. Часта нават разумныя людзі як довад недаразьвітасьці беларускай мовы прыводзяць адсутнасьць шэдэўраў сусьветнай літаратуры ў беларускіх перакладах. Па змаўчаньні, а то і адкрыта даецца зразумець, што іх і ня можа быць па‑беларуску, не разьвілася мова для таго. Вось я і вырашыў давесьці, што падыходзіць нашая мова для ўсяго. І для шэдэўраў, і для тэрміналёгіі. Дарэчы, цікава, куды яна падзелася, тая тэрміналёгія. Людзі майго веку вучылі ў школах альгебру па падручніку Кісялёва, фізыку — Пёрышкіна, Фалеева, Краўкліса на беларускай мове, ды іншыя прадметы.

А чым можа зацікавіць «Калевала»? Гледзячы каго. Адны чытаюць толькі мардабойныя баявікі, а другія — што‑небудзь болей сур’ёзнае. «Калевала» ўдала спалучае ўсё. Гэта і бытапісаньне, і баявік, і фэнтэзі з магіяй, а галоўнае — зь людзьмі. Людзьмі блізкімі нам і зразумелымі, бо іх адольваюць тыя самыя жарсьці, што і нас, яны зайздросьцяць, кахаюць, бядуюць не тэатральна ўзвышана, а проста, па‑чалавечы.

Апрача таго, гэта просты пераклад «Калевалы» ў беларускую, у той час як пераклад Бельскага на расейскую і пераклад Цімчанкі на ўкраінскую рабіліся праз мовы‑пасярэднікі. Фінскай мовы перакладчыкі ня ведалі.

НБ: Напярэдадні інтэрвію прачытала Ваш артыкул, прысьвечаны расейскаму мату. Ці можаце Вы як спэцыяліст адказаць, ці існуе беларускі мат? У нас жа часьцяком менавіта за нецэнзурную лаянку саджаюць людзей, якія карыстаюцца выключна беларускай мовай…

ЯЛ: Вось у гэтым пляне беларуская мова не дасягнула мацюкальнага ўзроўню. Думаецца, можна пасьпяхова абысьціся безь беларускіх мацюкоў. Расейскіх і так па самую завязку.

НБ: Вы цікавіцеся і прысутнічаеце як у расейскай, гэтак і ў беларускай літаратуры. Параўнайце іх, калі гэта магчыма. Якая Вам падабаецца больш?

ЯЛ: Маленькі народ фінаў лічыць сваю літаратуру лепшай за іншыя. Я лічу, што «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» Караткевіча ня горш, чым шматлікія раманы пра Сьценьку Разіна. Ваенныя творы Быкава ні ў чым не саступаюць Хэмінгуэю, Бондараву, Астаф’еву. А «Новая зямля» Якуба Коласа — унікальны твор мэмуарнай літаратуры. Такой паэмы няма нідзе на сьвеце. Ну, вось табе! Міжволі ўсё ж узяўся параўноўваць. Прабачце, болей ня буду.

НБ: Вы аўтар расейска‑фінскага размоўніка. Ці не хацелі б падрыхтаваць беларуска‑фінскі?

ЯЛ:Размоўнікі яшчэ ніколі і нікому не дапамагалі. Галоўнае ж не задаць пытаньне, а зразумець адказ на яго. Замест размоўніка я пішу дапаможнік па граматыцы фінскай мовы. Можа, хто зь беларусаў спакусіцца і пачне вывучаць фінскую мову. Вось і будзе мне напарнік і зьмена.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0