Улады Беларусі павінныя вызваліць усіх палітвязняў і правесці свабодныя выбары, калі яны жадаюць паслаблення санкцыяў са боку ЗША і паляпшэння адносінаў.

«Мы жадаем вызвалення зняволеных і спрабуем прадбачыць, што можа адбыцца на выбарах, якія стануць галоўным іспытам гатовасці Лукашэнкі да пераменаў», — сказала амбасадар ЗША у Беларусі Карэн Сцюарт у інтэрв’ю агенцтвуFrance Press.

Амбасадар Карэн Сцюарт гаварыла з Вашынгтона, дзе яна знаходзіцца пасля таго, як беларускія ўлады вымусілі яе і вялікую частку ейнага штата пакінуць Беларусь, якую Злучаныя Штаты завуць «апошняй дыктатурай Еўропы».

«Мы ўсё яшчэ жадаем і гатовыя разгледзець спосабы паляпшэння адносінаў. Але ўсё залежыць ад тых крокаў, якія ўлады Беларусі распачнуць у стаўленні правоў чалавека, якія ляжаць у аснове нашых санкцыяў», — сказала Карэн Сцюарт.

«Мы жадаем вызвалення зняволеных і спрабуем прадбачыць, што можа адбыцца на выбарах».

Сцюарт падкрэсліла, што Вашынгтон жадае вызвалення ўсіх палітвязняў, галоўным з якіх з’яўляецца апазіцыйны лідэр Аляксандр Казулін, былы чалец урада, які паўстаў супраць Лукашэнкі, прыняўшы ўдзел у выбарах 2006 г.

У дадатак парламенцкія выбары стануць галоўным іспытам гатовасці Лукашэнкі працягваць выказваць жаданне пераменаў, якое ён так асцярожна пачаў дэманстраваць, сказала яна.

«Калі мы ўбачым прыкметы ягонага жадання рухацца наперад, то мы, вядома ж, будзем рады пагаварыць», — сказала яна.

«Наступная важная веха, дзе можна пашукаць паляпшэнняў у беларускім палітычным жыцці, — гэта парламенцкі выбары і перадвыбарная кампанія», — заявіла яна.

Сцюарт таксама дадала, што сярод знакаў, што ўказваюць на жаданне Беларусі змяніцца, было вызваленне палітвязняў, акрамя Казуліна. Яркая постаць апазіцыі застаецца за кратамі, і яшчэ двое палітвязняў моладзевы актывіст Андрэй Кім і лідэр руху прадпрымальнікаў Сяргей Парсюкевіч былі асуджаныя гэтай вясной.

Нагадаем, з‑за адмовы ўладаў вызваліць палітвязняў Злучаныя Штаты Амерыкі ў лістападзе ўвялі санкцыі супраць прадпрыемстваў канцэрна «Белнафтахім», а 15 мая абвясцілі аб эканамічных санкцыях яшчэ супраць трох беларускіх прадпрыемстваў — «Беларускі нафтавы гандлёвы дом», «Лакафарба» і «Шкловалакно». Еўрапейскі Звяз і ЗША падоўжылі забарону на ўезд у краіны ЕЗ і Злучаныя Штаты для беларускіх чыноўнікаў, адказных за парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. Заклік вызваліць палітычных зняволеных утрымліваецца таксама ў прынятай у маі рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. У пачатку чэрвеня ЗША і ЕЗ ужо ў сумеснай заяве паўтарылі сваё патрабаванне аб неадкладным і безумоўным вызваленні ўсіх беларускіх палітвязняў. Адной з галоўных умоваў нармалізацыі адносінаў з Захадам, акрамя вызвалення палітвязняў і спынення пераследу іншадумцаў уладамі Беларусі, з’яўляецца правядзенне свабодных парламенцкіх выбараў.

Паводле Хартыі'97

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0