Зборныя Нямеччыны і Партугаліі ў швайцарскім Базэлі разыгралі першы чвэрцьфінал Чэмпіянату Эўропы па футболе. І варта адзначыць, што матч атрымаўся надзіва цікавым.

Перад пачаткам гульні немцы не далічыліся на лаве запасных галоўнага трэнэра Яхіма Лева, які быў дыскваліфікаваны на адну гульню. Але ўвогуле, шанцы каманд разглядаліся, як роўныя.

Пачатак першага тайму пацьвярджаў такія прагнозы. Каманды адказвалі атакай на атаку, сумаваць не даводзілася. Але лік пашанцавала адкрыць менавіта Нямеччыне. Падольскі добра стрэліў з флянгу, а Швайнштайгер проста падставіў нагу – 1:0. Не прайшло пяці хвілін, як усё той жа бляндын Швайнштайгер удала навесіў з штрафнога, а Міраслаў Клозэ выйграў барацьбу на другім паверсе – 2:0.

Партугальцы былі шакаванымі, але змаглі адыграць адзін гол яшчэ ў першым тайме. Пасьля ўдару Крыштыяну Раналду на дабіваньне лепш за ўсіх сыграў Нуну Гомеш – 2:1.

З пачаткам другога тайму чырвона-зялёныя паляцелі ў атаку, за што і паплаціліся. Гол абсалютна ідэнтычны другому ў матчы забіў Міхаэль Балак. Уся тая ж падача Швайнштайгера са штрафнога і выйгранае паветра – 3:1.

Здавалася, што немцы кантралявалі хаду паядынку, але за тры хвіліны да канца другога тайму Элдэр Пашцігу скараціў адрыў да мінімальнага – 3:2. Але ўрэшце немцы вытрымалі.

***

Заўтра вызначыцца супернік зборнай Нямеччыны па паўфінале. Гуляюць Харватыя – Турцыя. Паўфінал пройдзе ў наступную сераду 25 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?