Купалаўскі тэатр вяртаецца да традыцыі дзіцячых спектакляў. На Вялікай сцэне рэжысёр Сяргей Кавальчык рыхтуе прэм’еру — баль-маскарад «Крышталёвы туфлік» паводле твораў Шарля Перо, Яўгена Шварца і Тамары Габэ.

Прэм'ера спектакля адбудзецца 12 лістапада ў 11.30. Абодва прэм'ерныя паказы ў лістападзе ранішнія.

Аўтар ідэі — сам Сяргей Кавальчык. На беларускую мову тэкст пераклаў Ігар Скрыпка. «Чаму тры аўтары? Я выкарыстаў найбольш дасціпныя і дынамічныя моманты з тэкстаў Шварца і Габэ, захаваўшы казку Перо як сюжэтны стрыжань і адну з найбольш чулых версій гэтай напраўду вельмі старажытнай гісторыі», — гаворыць Сяргей Кавальчык.

Мастак-сцэнограф пастаноўкі — Аляксандра Кавальчык. Згодна з яе задумай бутафорскі цэх тэатра паволі запаўняецца атрыбутамі казачна-каралеўскага жыцця. Ужо амаль гатовы гарбуз, значыць, з транспартам у Папялушкі ўсё будзе ў парадку.

«Каралевіч у нашай казцы — гэта такі рамантычны хуліган, які кідае выклік прыдворнаму жыццю і ўяўленням Караля пра будучыню свайго сына з усімі гэтымі дынастычнымі шлюбамі.

Бо шлюб для каралёў — гэта сродак дасягнення ўлады, выгодная дамова. Але наш Каралевіч свабодны чалавек, які імкнецца да немагчымага — таго, чаго не могуць дазволіць сабе людзі каралеўскай крыві, і менавіта таму ён сустракаецца з такім самым свабодным чалавекам — Папялушкай. Іх каханне — каханне свабоднае», — лічыць рэжысёр.

Ролю Папялушкі рэпетуе Марта Голубева, ролю Каралевіча — Міхаіл Зуй. Мачаха — заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Сідарава, яе дочкі - Крысціна Казак і Дзіяна Камінская, Фея — Юлія Шпілеўская, а яе паж — Максім Карасцялёў. У ролі Караля — Мікалай Кучыц, Міністар-Радца — Ігар Пятроў, таксама ў спектаклі дэбютуе на Купалаўскай сцэне Таццяна Дзянісава.

«Каманда спрацаваная, гэта людзі, у якіх я стоадсоткава ўпэўнены. Зараз Генадзь Фамін праводзіць пластычную рэпетыцыю, і я ведаю, што ўсё будзе адпрацавана на найвышэйшым узроўні. Музычнага кіраўніка пастаноўкі — Андрэя Іванова — я ўпершыню ўбачыў, калі ён дырыжыраваў аркестрам у Акадэміі музыкі. Аркестр у яго проста лётаў! Гэта было неверагодна, я адразу ж запрасіў яго да супрацоўніцтва», — распавядае Сяргей Кавальчык. Вакальныя партыі будуць амаль ва ўсіх персанажаў, аранжыроўкі для іх стварае малады беларускі кампазітар Канстанцін Яськоў.

Рэжысёр гаворыць, што не абмяжоўвае ўзрост глядацкай аўдыторыі: «Умоўна кажучы, ад 4 да 16 гадоў, але абяцаю, што і дарослым будзе цікава.

Дарослы тэатр (такі, як Купалаўскі) тым і займальны, што мы маем унікальную магчымасць узаемадзейнічаць з гледачамі, якія прыйдуць сюды пазней, глядзець ужо іншыя спектаклі. А «Крышталёвы туфлік», па вялікім рахунку,— гэта казка пра перспектыву. І перспектыва гэтая скарылася Папялушцы — чалавеку працавітаму, з добрым сэрцам і залатымі рукамі, які жыве з гледзішча дабра для іншых. Яе душа пакутуе, але сэрца не чарсцвее. І такія людзі заслугоўваюць перспектывы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?