Фота Сяргея Гудзіліна
Я адчуў радасць.
Я не радуюся, што выкладчык БДУ зневажае народнага паэта, якога я вельмі люблю. Я не радуюся, што ён зневажае беларускую мову, якой я пішу. Але радуюся з’яўленню новага антыгероя. Гэты антыгерой дастаўся нам лёгка. Не трэба нічога дадумваць да яго словаў — гэтыя словы бескампрамісныя. Ён не зможа апраўдацца, хоць і спрабуе, таму не мае ніякіх шанцаў адмыцца, шанцаў на тое, каб пра яго забыліся, пакуль не зламалі.
Таму я радуюся.
І гэта страшна.
Цётка з вуліцы Дзяржынскага
У маім Прудку ёсць цётка, якую ніхто не лічыць за чалавека. Яна чымсьці нагадвае Гарашчэню — ходзіць, абражае людзей, прыстойных даярак называе прастытуткамі.
Цётка ідзе па вуліцы Дзяржынскага, потым спыняецца, азіраецца і крычыць:
— Пацалуй мяне ў сраку!
Год таму яна хадзіла міма маёй хаты і казала мне:
— Ты тут жыць не будзеш!
А цяпер мы з ёй сябруем.
Летам я спаў на верандзе. Аднаго разу апоўначы цётка прыйшла ў мой двор папіць вады. Яна часта ходзіць па начох па вёсцы. Я шчэ не ўснуў — ляжаў у цемры на канапе, а яна корпалася ля студні ў двух кроках ад мяне. Яна не ведала, што я побач, чэрпала ваду з вядра, а вады амаль не было.
— Няма вады. Няма. Трэба выцягнуць. А чалавек ужо, мабыць, спіць. Харошы чалавек, ну. А я нараблю шуму ды пабуджу яго. Ай!
Яна паставіла карэц на студню і пайшла дадому.
Цяпер я заўсёды набіраю ваду на ноч для цёткі. Я чакаю, што яна прыйдзе і нап’ецца.
Сёння гэтая вульгарная цётка мне падаецца больш глыбокай і душэўнай за тых прыстойных даярак, якіх яна называе прастытуткамі, і якія высока трымаюць галовы і думаюць, што яны прынцэсы.
Я не кажу, што і Гарашчэня — красаўчык, і яму трэба паставіць помнік у бронзавым паліто. Але і мы, што накінуліся на яго і радуемся, выглядаем не лепей. Няма ніякай бачнай мяжы паміж харошым і нехарошым. Усё яно побач, усё яно адно.
Аня, пой!
От Цётка расказвае мне крымінальную хроніку і гаворыць, што свет нехарошы. Што людзей паганых багата. І што, каб выжыць, трэба быць зверам.
А свет заўсёды быў такі — гэты не горшы за колішні.
Мая бабуля «бавіла» лепшыя гады сваёй маладосці на прымусовых работах у Германіі. А потым яна вярнулася дадому і выйшла замуж. Аднаго разу разгаманілася з Колем — братам свайго мужа. Ён таксама ў вайну не па сваім жаданні працаваў на нямецкім заводзе. Коля выпіў чарку і расказаў маёй бабулі адну гісторыю:
— Раніцою мы ішлі на завод, а за высокім плотам вялі дзевак. Мы іх не бачылі, але чулі. От. І была сярод іх адна, якая вельмі хораша пела. Я век не забуду яе песень. Я і чакаў новы дзень, толькі каб паслухаць яе. Як выведуць нас, як пачую, што і дзеўкі ўжо ідуць, то крычу: «Аня, пой!». І яна пела: «А я зязюля, зязюля шэрая, не вылечу з саду». Усе нашыя песні пела. Каб не тая Аня, не ведаю, што б са мной стала.
Мая баба Ганна слухала, слухала ды запела:
— А я зязюля, зязюля шэрая, не вылечу з саду…
І, як пішуць у раманах, Коля ўпаў на падлогу і стаў цалаваць ёй ногі.
Герой на кані
Гэта мілая гісторыя, але яна пра вайну. Усё яно — харошае і нехарошае — звязана ў адзін вузел. І няма ніякай засцярогі, ніхто не скажа:
— Асцярожна, далей не ідзі. Тут харошы свет заканчваецца, далей будзе нехарошы.
Ніхто не скажа, што от тут я змагаюся за гонар і годнасць нацыі, а тут ужо я — частка раз’юшанага натоўпу, які хоча чыніць генацыд.
Я шмат бачыў людзей, якія пачыналі годную справу, а потым пераўтваралі яе ў гвалт. Калі і я радуюся гвалту, калі ўчытваюся ў інфармацыю, якім пальцам Гарашчэня калупаецца ў носе, то мне не хочацца станавіцца героем на кані, як цяпер модна, а хочацца заставацца прыўкраснадушным ідыёцікам на абочыне, як не модна ніколі.
Не сёння — заўтра Гарашчэня закончыцца. Як закончыўся і надакучыў Чмыр ці Фомачкін. А жаданне кідаць памідоры застанецца. Хтосьці днямі і начамі будзе сядзець у сацыяльных сетках і вышукваць новых антыгерояў, новых ворагаў нацыі, каб складаць на іх скаргі, каб чмырыць іх і паказваць рукой у бок вакзала. А калі апошні гарашчэня збярэ свае трусы ў чамадан і з’едзе ў Расею, я, можа, паеду разам з ім, бо не захачу жыць у такой краіне — у краіне, якую пабудавалі на крыўдзе і помсце.
Цяпер беларускі герой — гэта от такі змагар-барацьбіт, які высякае расейшчыну і іншыя -шчыны адміністрацыйнымі метадамі. Які паводзіць сябе, як вораг, з якім ён змагаецца. А я ўяўляю сабе героя здольным весці дыялог.
Я не веру, што ёсць спосаб перайначыць свет — ён заўсёды будзе харошы і нехарошы адначасна. Нават у адным чалавеку. Тым больш, я не веру, што свет можна перайначыць да лепшага сілай. Але я веру, што ўсяму можна знайсці раўнавагу.
Для гэтага трэба размаўляць адзін з адным, а не крычаць.