Сёньня ў кнігарнях Польшчы зьявілася кніга «Служба бясьпекі і Лех Валэнса.

Дадатковыя зьвесткі да біяграфіі», аўтары якой — гісторыкі дзяржаўнага Інстытуту нацыянальнай памяці — цьвердзяць, што легендарны лідэр «Салідарнасьці» ў першай палове 70‑х гадоў быў агентам спэцслужбаў ПНР. Валэнса адкідае абвінавачаньні.

Гэтымі днямі ў грамадзка‑палітычным жыцьці Польшчы дамінуе пытаньне: быў легендарны лідэр «Салідарнасьці» Лех Валэнса агентам па мянушцы «Болек» ці не?

«Гэта была адна з буйнейшых апэрацыяў службы бясьпекі ПНР — фальсіфікацыя тэчкі з матар’яламі супраць Леха Валэнсы. Гэта рабілася ва ўмовах надзвычайнай сакрэтнасьці, пры ўдзеле высокакваліфікаваных, найлепшых адмыслоўцаў у падробках. Захаваўся дакумэнт, у адным экзэмпляры, дзе паведамляецца, што спэцслужбы прыцягнулі да гэтай справы найлепшага спэцыяліста ў фальшаваньні почырку», — кажа аўтарытэтны польскі гісторык, прафэсар Анджэй Фрышке.

Між тым ягоны калега з Інстытуту нацыянальнай памяці Пётр Гантарчык— суаўтар кнігі «Служба бясьпекі і Лех Валэнса. Дадатковыя зьвесткі да біяграфіі», заяўляе, што высновы аб супрацоўніцтве былога прэзідэнта са спэцслужбамі зробленыя на падставе дакладных дасьледаваньняў архіўных матар’ялаў:

«Служба бясьпекі ў 80‑х гадах мінулага стагодзьдзя рабіла ўсё магчымае, каб дыскрэдытаваць Валэнсу, сярод іншага, спрабуючы давесьці, што ён супрацоўнічаў з рэжымам і пасьля 1974 году. А паводле дакумэнтаў, менавіта тады Лех Валэнса адмовіўся ад супрацоўніцтва».

Сваіх калегаў абараняе таксама кіраўнік Інстытуту нацыянальнай памяці Януш Куртыка:

«Інстытут нацыянальнай памяці ня выдаў бы гэтую працу, калі б мы не лічылі, што яна мае каштоўнасьць і падрыхтавана сумленна, пры выкарыстаньні ўсіх правілаў навуковага падыходу»

.

Паводле спадара Куртыкі, у свабоднай краіне ніхто ня можа абмежаваць права гісторыкаў да выкананьня сваёй прафэсійнай дзейнасьці.

З кнігі вынікае, што ў першай палове 70‑х, Лех Валэнса, які працаваў на суднаверфі электрыкам, даносіў на сваіх калегаў і атрымліваў за гэта грошы ад Службы бясьпекі. А потым, калі быў прэзыдэнтам, зьнішчаў адпаведныя дакумэнты з уласнай тэчкі.

Сам Лех Валэнса катэгарычна адкідае меркаваньні аб ягоным супрацоўніцтве з камуністычным рэжымам, заяўляючы, што ў дакумэнтах у гэтай справе няма ніводнага ягонага подпісу:

«У мяне не было і няма ніякай прычыны, каб зьнішчаць дакумэнты. Калі б быў подпіс недзе: «Валэнса» ці яшчэ што, тады зразумела. А так — які ў гэтым сэнс для мяне?»

Ляўрэат Нобэлеўскай узнагароды міру заявіў, што будзе судзіцца з усімі, хто абвінавачвае яго ў супрацоўніцтве са спэцслужбамі, у тым ліку і з аўтарамі кнігі Інстытуту нацыянальнай памяці.

За Леха Валэнсу заступіўся прэм’ер‑міністар Польшчы Дональд Туск.

«Кожны, хто ведаў тады Валэнсу, памятае ягоны пакой у шматпавярховым доме — невялікі пакой, дзе жыў ён з жонкай і шасьцёра дзяцей. І кожнага, каму б прышло тады ў галаву сказаць, што Валэнса — агент, які за грошы прадае Польшчу, палічылі б за гнюса ці вар’ята», — кажа прэм’ер.

Цікава, што паводле зробленых напярэдадні выхаду кнігі дасьледаваньняў, 60% палякаў кажуць, што нават калі будзе даведзена, што Лех Валэнса супрацоўнічаў са спэцслужбамі ў 1970‑74 гадах, гэта не паўплывае на іхнае стаўленьне да былога прэзідэнта, як чалавека, які адыграў ключавую ролю ў разбурэньні камуністычнай сыстэмы.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0