Шанцы на ўзнаўленьне Алеся Міхалевіча ў партыі БНФ узрастаюць. Цягам тыдня пра сваю салідарнасьць зь Міхалевічам заявілі амаль усе рэгіянальныя структуры партыі.

Першымі ў абарону былога намесьніка старшыні партыі стала Берасьцейская абласная рада БНФ. Пасьля былі заявы Гарадзенскай і Віцебскай гарадзкіх арганізацый, а таксама абласной структуры Магілёўшчыны.

«Выключэньне Міхалевіча паказвае адсутнасьць жаданьня кіраўніцтва БНФ ісьці на кампраміс, што не вырашае праблему еднасьці ўнутры партыі. Мы лічым, што сёньня сп.Алесь Міхалевіч ёсьць адным з найбольш пасьпяховых партыйных кіраўнікоў. Патрабуем ад Сойму БНФ адмены прынятага рашэньня аб выключэньні Міхалевіча з шэрагаў партыі, а таксама ўзнаўленьня яго на пасадзе намесьніка старшыні», — гаворыцца ў заяве Віцебскай гарадзкой рады.

На Меншчыне галасы ўдзельнікаў рады падзяліліся папалам — чатыры чалавекі выступілі ў абарону Міхалевіча, чатыры — супраць, яшчэ два ўстрымаліся.

У суботу таксама зьбіралася Гомельская абласная рада БНФ і прыняла рашэньне патрабаваць ад кіраўніцтва партыі доказаў таго, што Міхалевіч нешта парушыў.

Сам Алесь Міхалевіч пакуль ня робіць рэзкіх крокаў і заяваў, вычэкваючы сытуацыю.

Зьміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0