Настройвайцеся на спектакль загадзя, бо смешна не будзе. Даглядзеўшы да сярэдзіны, некаторыя гледачы вырашылі пакінуць залу. Пастаноўка спецыфічная і нетрадыцыйная — далёка не кожнаму спадабаецца.

Змрочны спектакль распавядае гледачу глыбокую драму адной сям’і.

Нам складана ўявіць, што маці можа не любіць уласных дзяцей, абдзяляць іх, прыўлашчваць сабе іх жыццё. У пастаноўцы выразна вымалёўваецца вобраз гэтай жанчыны. Яна нікому не дазваляе ацэньваць яе ўчынкі, пярэчыць, казаць непрыемную праўду. А наракаць ёсць на што, бо дзеці праз яе сквапнасць і эгаістычнасць выраслі слабымі і хваравітымі. Яны не ведаюць, што такое быць сытымі, што такое жыць у цяпле. Іх скаргі на голад і холад праз увесь спектакль паўтараюцца так часта, што паспяваюць вывесці з сябе не толькі раздражнёную жанчыну, але і гледача.

«Пелікан». Фота: rtbd.by.

«Пелікан». Фота: rtbd.by.

З пасмяротнага ліста сыну ад бацькі, што памёр праз невыносны характар жонкі, дзеці даведваюцца, што іх маці наўмысна эканоміла на ежы. Але толькі на ежы для дзяцей, сама яна харчавалася асобна. Наўмысна эканоміла на цяпле, затое знаходзіла грошы, каб утрымліваць свайго каханка, за якога выдала замуж уласную дачку.

Усё ў пастаноўцы збудавана на кантрастах чорнага, белага і чырвонага колераў. Чырвоны тут ключавы, бо менавіта агонь праглынае галоўную гераіню і аддае дзецям цяпло, якога яны так праглі.

Здаўна існуе прыгожая легенда пра бязмежную адданасць пелікана сваім дзецям. Казалі, што птушка можа разарваць дзюбай грудзі, каб накарміць дзяцей уласнай плоццю і крывёю. Пелікан у гэтым спектаклі — маці. Гэты вялікі самападман, гэтая жорсткая іронія становіцца цэнтрам усёй пастаноўкі.

Пераклад п’есы са шведскай мовы зрабіла Ірына Гушчына, а вобразнасці і мастацкасці яму дадаў Андрэй Хадановіч. Пры канцы кастрычніка ён упершыню пабачыў п’есу на сцэне.

«Найбольш спадабалася якраз не тэкставая частка п’есы, — падзяліўся Андрэй Хадановіч. — Па-першае, вельмі добра пастаўленая пластыка, усе рухаліся як адзіны арганізм. Акцёры адчувалі адно аднаго, узмацнялі рухамі тэкст, падкрэслівалі саму драму. Праўда, паўсюль, дзе можна было пластычнымі сродкамі выцягнуць нейкі сэксуальны падтэкст, акцёры выцягвалі. Як па мне, гэтага было крыху зашмат. Я не самы вялікі ханжа і пурыст, але пару разоў здзівіўся.

Па-другое, спадабалася музыка, якая дзейнічала настойліва, пранізліва, гіпнатычна. Па-трэцяе, — тое, як былі вырашаныя дэкарацыі. Гэтая форма крылаў ці то матылька вялікага, ці то загалоўнага пелікана, пра які і вялося. Гэтыя хламіды, палатно, з якога з’яўляліся акцёры, у якое загортваліся, якое выконвала функцыі падзелу на пакоі ў кватэры».

У агучаным выглядзе Андрэю Хадановічу п’еса спадабалася больш, чым на паперы. Хоць ён ведае і шануе аўтара, пэўныя пытанні па п’есе заставаліся. Пасля прагляду спектакля, дзе рэжысёр расставіў паўзы і акцэнты, шмат што для яго праяснілася.

«Трэба сказаць, што ўсё было зроблена паводле стэрэатыпаў нашага мыслення пра Скандынавію, пра поўнач. І музыка, і дэкарацыі, і рытм, і атмасфера. У зале было цёпла, я быў цёпла апрануты, але хацелася загарнуцца ў што-небудзь, — распавядае перакладчык. — Я прывык, як выкладчык, ацэньваць працу сваіх студэнтаў па дзесяцібальнай сістэме. Спектаклю паставіў бы добрую дзявятку. А хто цяпер здольны на дзясятку рабіць, я і не ведаю. Мы прывыклі да пэўнай рэалістычнай традыцыі ў падыходзе да тэксту. Тут, як мне здаецца, мадэрнісцкі спектакль. Не трэба шукаць літаральнага праўдападабенства. І словы, і пластыка, і рухі, і дэкарацыі — усё пэўны намёк, алегорыя. Фантазія гледачоў дамалёўвае тое, што застаецца ў падтэксце.

Мы бачым вяршыню айсберга, толькі намёкі вельмі няпростых сямейных адносін. Па гэтых намёках мы адбудоўваем цэлую гісторыю любові і нянавісці. Калі найбліжэйшыя людзі не любяць адно аднаго і падмяняюць гэтае пачуцце такімі сурагатамі, то невядома, адкуль тады ўвогуле любові і цеплыні чакаць.

Стрындберг, само сабой, ведаў, пра што пісаў, але акцёры, рэжысёры, пастаноўшчыкі добра гэта данеслі».

Аўтар: Аўгуст Стрындберг

Пераклад: Ірына Гушчына, Андрэй Хадановіч

Рэжысёр-пастаноўшчык: Аляксандр Гарцуеў

Жанр: Ода злачыннай жарсці

Мастак-пастаноўшчык: Юрый Саламонаў

Мастак па касцюмах: Валянціна Няборская

Кампазітар: Дзмітрый Фрыга

Рэжысёр па пластыцы: Яўген Карняг

Мастак па святле: Сямён Давыдзенка.

Ролі выконваюць: Людміла Сідаркевіч, Арцём Курэнь, Ганна Семяняка, Максім Брагінец, Галіна Чарнабаева.

Спектакль пастаўлены пры падтрымцы Пасольства Швецыі ў Рэспубліцы Беларусь і групы кампаній «Твая сталіца».

Бліжэйшы паказ пастаноўкі «Пелікан» у РТБД пройдзе 15 лістапада. Спектакль ідзе без антракту. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?