Сёньня ўвечары канцэрт распачне швэдзкі гурт Ace of Base. Працягне вечар канцэрт беларускіх выканаўцаў «Песьня году Беларусі». Імёны ўдзельнікаў канцэрту вызначылі слухачы айчынных FM‑радыёстанцыяў.
27 чэрвеня пад старажытнымі сьценамі замку ў Міры загучаць вальсы. Аркестар Нацыянальнага Акадэмічнага вялікага тэатра опэры Рэспублікі Беларусь пад кіраўніцтвам Вячаслава Воліча і пры ўдзеле салістаў тэатра опэры прадставяць канцэрт «Ноч вальсу ў Мірскім замку». Прагучаць лепшыя творы Ёгана Штраўса.
У той жа дзень гасьцей сьвята чакае фэстываль «Ноч агню ў Мірскім замку». Піратэхнічныя эфэкты і фаервэркі. Удзельнічаюць каманды зь Беларусі, Казахстану, Латвіі, Літвы, Расеі, і Сэрбіі.
28 чэрвеня адбудзецца канцэрт «Нашы песьні. Вэрсія 2008». Прымаюць удзел фіналісты конкурсу на лепшую песьню, прысьвечаную Беларусі. Найлепшая песьня будзе вызначаная шляхам інтэрактыўнага галасаваньня 2 ліпеня ў этэры АНТ.
29 чэрвеня вечар музыкі распачнуць самыя малодшыя артысты. У канцэрце «Гукі школаў» засьпяваюць вакалісты ва ўзросьце ад 7 да 18 гадоў. Пераможцу назавуць на фінальным канцэрце. Ён атрымае магчымасьць запісаць аўтарскую песьню, на якую здымуць кліп.
Моладзь на сцэне зьменяць прафэсійныя выканаўцы і творчыя калектывы.
Цягам фэстывалю чакаецца сольны канцэрт Гюнэш Абасавай «Дачка Ўсходу», а таксама выступ украінскага гурта «Океан Эльзи».
Уваход на ўсе канцэрты вольны. Пачатак канцэртаў 26‑28 чэрвеня ў 21:30 і 23:30.
29 чэрвеня ў 17:30, 21:30 і 00:00.
Паводле ont.by