20 чэрвеня я ўжо баяўся, што ўвайду ў Купалаўскі мокрым: усё за акном абяцала дождж. Аднак хмары разышліся, сонца прыпякло, і нават турыстычная група, загнаная ў «культурную ўстанову», павесялела і перастала абмяркоўваць набытыя ў менскіх крамах транты. Усе падрыхтаваліся спажываць свае «сто пудоў мастацтва». На вялікай сцэне ішла «Дзіўная місіс Сэвідж».

П’еса Джона Патрыка пра бабульку‑мільянэрку, якую пасынкі запраторылі ў ціхую вар’ятню, каб атрымаць сто мільёнаў даляраў (і гэта, падкрэсьлім, у пяцідзясятыя гады ХХ стагодзьдзя!), добра вядомая на постсавецкай прасторы. Галоўную ролю ў ёй бліскуча гралі Фаіна Ранеўская, Вера Марэцкая, а ўжо зусім нядаўна — у нейкім расейскім фільме — у яе ўляпалася і Барбара Брыльска. Таму ня будзем пераказваць сюжэт, як ня будзем займацца і такой няўдзячнай справай, як параўнаньне ўбачанага і перажытага. Купалаўскі — тэатар цалкам самадастатковы, таму на яго інтэрпрэтацыі і засяродзімся.

У галоўнай ролі — Зоя Белахвосьцік. На сцэне зьяўляецца жанчына сярэдняга веку ў туга насунутым пад сумнеўнай эстэтыкі капялюшыкам сівым парыку, гучна і выразна (дзякуй ад дальніх шэрагаў!) вымаўляе кожную фразу. Вочы прыкрытыя акулярамі з тоўстым шклом. Імаверна, так акторка і рэжысёр (Аляксандар Гарцуеў) уяўляюць сабе старасьць: сівы парык, тоўстае шкло акуляраў і гучны голас з выразнай дыкцыяй, закліканыя сьведчыць, што гераіня і сябе чуе зь цяжкасьцю.

Зь першага імгненьня свайго прабываньня на сцэне гэтая дзіўная місіс Сэвідж апанавана прагай помсты сваім пасынкам. Яны яе крыўдзілі. Калі яна спрабавала ўзяць малечу Лілі‑Бэл на рукі пры першым знаёмстве, тая адразу ўкусіла мачыху. З таго часу бакі проста ня могуць дамовіцца.

Канечне, пасынкі паказаныя натоўпам разнаплянавых маральных пачвараў. Сэнатар Ціт Сэвідж (стары балбатун‑мямля ў цудоўным выкананьні Ігара Дзянісава), разьведзеная польская княгіня Лілі‑Бэл (доўгія чырвоныя пазногці на руках Алены Сідаравай дапамагаюць гледачу не забыцца пра яе вампірскую сутнасьць нават тады, калі яна коткай лашчыцца то да мачыхі, то да першага стрэчнага мужчыны); нарэшце судзьдзя Сэм’юэл Сэвідж (шыкоўны Павал Адамчыкаў, якому найлепш удаецца ўключэньне і выключэньне таршэру ў хвіліны ціхага шаленства). Яны здаюць сваю цудоўную, неймаверна добрую мачыху ў вар’ятню, таму што толькі такім чынам можна перашкодзіць ёй змарнаваць бацькаву спадчыну. Пры гэтым самі яны — хутчэй пацешныя недарэкі, чым магутныя злодзеі.

Такіх цяжка ўзьненавідзець. Але сваю нянавісьць да гэтых людзей, у якіх яе гераіня не змагла выхаваць дабрыню, Зоя Белахвосьцік іграе ад першай хвіліны. Можа быць, таму дабрыня ў гэтай ролі ў яе самой выходзіць значна горш. Бо зычнасьць голасу і дакладнасьць маўленьня — вялікая, згадзецеся, вартасьць для шасьцідзесяцігадовай місіс Сэвідж — кепска спалучаюцца з спробамі іграць інтанацыяй. Атрымліваецца такая завуч з правінцыйнай школы, якая і ўхвалу, і дакор выказвае аднолькава хораша пастаўленым голасам і з інтанацыямі «вучылкі са стажам». Акуляры, дарэчы, і старамодны сівы парык давяршаюць гэтае падабенства.

Вядома ж, глядач змушаны даваць веры ўсяму, што адбываецца на сцэне. Нават таму, што гэтая місіс Сэвідж была жонкай бацькі дзетак, якія нарадзіліся, калі ёй было — з самай вялікай нацяжкай! — гадкоў пяць, ну — дзесяць… (Магчыма, Аляксандар Сэвідж быў пэдафілам — у такой трактоўцы). Ёй, імаверна, своечасова не далі ў адказ цяпнуць зубкамі малую Лілі‑Бэл, вось яна і пачала вастрыць зубы на пасынкаў. Таму што старасьць, як і дабрыню, сп‑ня Белахвосьцік у гэтай ролі грае, мякка кажучы, на той самай ноце, што і прагу помсты. То бок расказваюць нам казку пра добрую пажылую мачыху і злых пасынкаў, а глядач пераконваецца, што ўсё гэта — няпраўда, і абодва бакі адзін аднаго вартыя.

І гэта пры тым, што імя Сэвідж для аўтара і першых гледачоў ягонай п’есы сьведчыла пра многае. Кларк Сэвідж‑малодшы — герой папулярных у 1930‑я амэрыканскіх коміксаў, носьбіт ідэі дабра, абаронца слабых і гаротных. У пяцідзясятыя гады коміксы пра Сэвіджа былі перавыданыя, таму пажылая спадарыня ў нягеглым капелюшы цалкам магла быць ягонай жаночай іпастасьсю. Але нават у гэтым разе яе варта было пакінуць пажылой спадарыняй, а ня кепска загрыміраванай «супэргераіняй» Ларай Крофт.

Выкажам гіпотэзу. Акторка Зоя Белахвосьцік занадта ўважліва слухала рэжысёрскія парады Аляксандра Гарцуева. Вось і выйшла тое, што выйшла. Прытым што акторка Зоя Валянцінаўна сапраўды харошая. Можа, проста ролі для сямідзесяцігадовых прымадон ёй граць яшчэ ранавата.

Затое з акторамі другога пляну рэжысёр папрацаваў, магчыма, трохі менш. Таму ў выніку мы ўбачылі некалькі маленькіх акторскіх шэдэўраў — зь ліку пацыентаў «Ціхага прыстанку». Атрымалася, як у тым амэрыканскім фільме, калі ўсе акторы другога пляну намінаваныя, а галоўных герояў на «Оскар» нават не зьбіраліся высоўваць.

Вось Флёрэнс — Яна Русакевіч. Яна — як маленькая дзяўчынка (тыпаж — «Жалезная Кнопка» з «Пудзіла»), з кароткай хлапчуковай стрыжкай, зьдзіўлена раскрытымі вачыма, верай у сваю праўду. Яна — добрая. Ёй ня трэба граць дабрыню, ёй даеш веры. Нават у вельмі складаны момант — калі яна выносіць ляльку, якую лічыць сваім дзіцем. Я калісьці даводзіў сваім вучням у школе, што Някрасаў — геній, апэлюючы да главы «Сялянка» з «Каму на Русі жыць добра»: роспалаць цела сына паказана вачыма маці, якая балянсуе на мяжы вар’яцтва. Гэта вельмі цяжка — граць вар’яцтва матчынай любові. Яна Русакевіч патрапіла гэта зрабіць.

Вось Фэры — Ганна Хітрык, кудлатая і акулярыстая істота, якой у жыцьці любові не дасталася. Затое ў яе вялізнае любячае сэрца. Яна ў кожным бачыць сябра, бачыць, што сустрэчны чалавек таксама любіць яе. Ганна Хітрык купаецца ў гэтай ролі, відавочна імправізуе, жартуе — і заля рэагуе ўдзячным сьмехам (і кветкамі).

Вельмі стрыманы і арганічны Джэфры — Аляксандар Маўчанаў. Лётчык, зьбіты ў часе вайны, адзіны, хто ацалеў з экіпажу, ён падаецца цалкам здаровым — калі б ня шнар на твары, які ён сам сабе выдумаў. Сцэна, калі ён у белым фраку падымаецца па ўсходцах (гарцуеўскае захапленьне лесьвіцамі пераўтвараецца ў такі самы штамп, як «шматзначныя» канцоўкі Пінігіна) і грае на раялі, плястычна сыграная настолькі дакладна, што ў нейкі момант, седзячы ў другім шэрагу і маючы магчымасьць бачыць, што раяль — бутафорскі! — я даў веры, што грае сапраўды Джэфры.

Да пары яму і ягоная жонка — місіс Вілі. Яўгенія Кульбачная добра грае ролі «жанчын з трагічным лёсам»: што запалая на малалетку аканомка зь «Дзяцей Ванюшына», што аўдавелая каралева, якая прыніжаецца перад простай жанчынай. І на гэты раз — акторцы хапіла сілаў сыграць трагедыю каханьня — калі яна тлумачыць місіс Сэвідж, чаму ня можа пакінуць «Ціхі прыстанак», словы пра тое, што Джэфры — яе муж, робяцца для гледача адкрыцьцём, хоць усе акцэнты былі, паводле тэксту п’есы, расстаўленыя ад самага пачатку спэктаклю.

Трохі занадта, на наш погляд, камікаваў у ролі Ганібала Віктар Манаеў, але і ў вялікіх актораў можа балець зуб ці здарыцца непрыемнасьць у сям’і. Прынамсі, злосьці на ягоным твары і ў ягоным голасе не было.

І менавіта таму, што ўсе яны — улучна з доктарам Эмэтам (вельмі дакладны ў расстаноўцы акцэнтаў у гэтай ролі Георгі Маляўскі) — па‑сапраўднаму добрыя і кранальныя, яшчэ менш верыцца ў шчырасьць дабрыні той дзіўнай дамы без узросту, якую, з волі рэжысёра, нам даводзіцца прымаць за добрую місіс Сэвідж. У тым сьвеце, які завецца «Ціхі прыстанак», на фоне плыняў дабра, якія літаральна выпраменьваюцца ўсімі яго жыхарамі, прага помсты і жаданьне любым коштам паквітацца зь дзяўчынкай толькі за тое, што шмат гадоў таму яна ўкусіла цябе за палец, успрымаецца вельмі дзіўна.

А іншыя аргумэнты адсутнічаюць. Таму нічога дзіўнага ў тым, што такую мачыху пасынкі здалі ў вар’ятню, для мяне асабіста няма. Дзіўна іншае — што яе адтуль выпускаюць. Мільянэрка, апанаваная прагай помсты, — гэта, ведаеце, у‑у‑у! Небясьпечна! На прыкладзе графа Монтэ‑Крыста пераканаліся.

Аляксандар Фядута, глядач

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0