Пасольства Венгрыі ў Мінску пачало выдачу шэнгенскіх віз беларускім грамадзянам, якія жадаюць наведаць гэтую краіну. Урачыстая цырымонія ўручэння трох першых пашпартоў з візамі адбылася ў пасольстве 27 чэрвеня.

Аб парадку прыёму і выдачы дакументаў паведаміў журналістам намеснік кіраўніка венгерскай дыпламатычнай місіі — консул Ласла Дароцы.

Паводле яго слоў, дакументы прымаюцца без папярэдняга запісу па панядзелках, аўторках і чацвяргах: з 9.00 да 12.00 — ад індывідуальных наведвальнікаў, з 14.00 да 16.00 — ад турыстычных фірм і грамадзян, якія падаюць дакументы на атрыманне доўгатэрміновай візы. Выдача пашпартоў з гатовымі візамі праводзіцца ў гэтыя ж дні з 16.00 да 16.30.

Разліковы тэрмін афармлення любой візы складае два тыдні.

Паводле слоў Л.Дароцы, сёлета для афармлення віз для турыстычных груп пасольствам акрэдытаваныя чатыры турфірмы, якія «перанялі эстафету ад Варшавы». Цікавасць да атрымання акрэдытацыі праяўляюць і іншыя тураператары. «Мы гатовы пашырыць пералік акрэдытаваных турфірм, але, хутчэй за ўсё, зробім гэта ў будучым годзе», — дадаў консул.

«Мы не гатовы працаваць з турфірмамі, якія ставяць мэтай сваёй працы толькі атрыманне віз, — падкрэсліў пасол Венгрыі ў Беларусі Ферэнц Контра. — Мы хочам працаваць з такімі, якія маюць кантакты ў Венгрыі, арганізуюць туры і гарантуюць сваім кліентам дастаўку і вяртанне».

У дачыненні да перспектывы пераходу пасольства Венгрыі на выдачу біяметрычных віз дыпламаты паведамілі, што падрыхтоўка да гэтага вядзецца, але, згодна з наяўнай інфармацыяй, пераход можа адбыцца не раней чым у 2010 годзе.

Ірына Сазановіч, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0