Па словах Мірончыка, Беларусь лічыць адным з самых значных дасягненняў Саюзнай дзяржавы адсутнасць межаў паміж дзвюма краінамі, піша TUT.BY.

«Гэта рэальная свабода перамяшчэння для грамадзян Беларусі і Расіі, а таксама трэціх краін. Ад гэтага ёсць велізарныя плюсы ў чыста чалавечым і эканамічным плане, у тым ліку за кошт прывабнасці транзіту праз Расію і Беларусь для замежнікаў», — сказаў Мірончык.

Мірончык адзначыў, што для грамадзян трэціх краін гэта зручнасць не азначае бескантрольнасць: яны знаходзяцца праз міжнародныя пункты пропуску і на падставе сапраўдных віз.

«Што ў Беларусі, што ў Расіі памежнікі, па-мойму, заўсёды былі высокімі прафесіяналамі», — зазначыў Мірончык.

Больш за тое, у дзвюх краін ёсць адзіны спіс неўязных, дадаў прэс-сакратар МЗС Беларусі. Пры ўездзе замежнікі атрымліваюць міграцыйныя карты адзінага для Беларусі і Расіі ўзору, а пры выездзе — абавязаныя іх прад'яўляць.

«Гэта значыць любыя злоўжыванні досыць лёгка выяўляюцца і караюцца. Мы лічым, што сістэма, якая існуе ўжо амаль 20 гадоў, эфектыўная, разумная і дастатковая з пункту гледжання забеспячэння бяспекі. Пры гэтым яна не адпуджвае добрасумленных падарожнікаў, бізнэсменаў, турыстаў, аўтаперавозчыкаў. Мы яе ўвесь час ўдасканальваем», — акцэнтаваў Мірончык.

Па словах прэс-сакратара, расійскі бок цяпер убачыў праблему там, дзе «не бачыў яе два дзясяткі гадоў», а менавіта — у адсутнасці міжнародных пунктаў пропуску на мяжы Беларусі і Расіі.

«Калі нашы партнёры лічаць, што гэта для іх нязручна, тады трэба вырашаць гэтае пытанне. Варыянтаў некалькі. Не толькі стварэнне расіянамі пунктаў пропуску, але і ўзаемнае прызнання віз для мэтаў транзіту. Дарэчы, гэты механізм, створаны ў рамках СНД, прымяняўся і расійскім, і беларускім бакамі, але ў пачатку 2000-х менавіта Масква першай ад яго адмовілася.

Цяпер гэтую тэму абмяркоўваюць беларускія і расійскія спецыялісты, адзначыў Мірончык. «Які варыянт выпрацуюць эксперты, ці будзе гэта адзіная візавая прастора альбо нешта іншае — паглядзім», — падкрэсліў прадстаўнік МЗС.

Паводле яго слоў, для Беларусі прынцыпова, каб у той час, пакуль сітуацыя вырашаецца, не рабіліся «рэзкія аднабаковыя дзеянні, якія ствараюць праблемы для грамадзян трэціх краін і для нашых кампаній аўтаперавозчыкаў, авіяперавозчыкаў, турагенцтваў і г.д.».

Як раней паведамлялася, ужо некалькі месяцаў Расія разварочвае на мяжы замежнікаў, якія едуць праз Беларусь, і адпраўляе за сотні кіламетраў у міжнародныя пункты пропуску. І хоць праблема не закранула міжнародных аўтаперавозчыкаў, масавае вяртанне грамадзян на раней празрыстай мяжы наносіць шкоду як іміджу, так і казне Беларусі.

Сваё рашэнне Расія патлумачыла тым, што «сітуацыя ў свеце кардынальна змянілася» і «рэзка ўзраслі рызыкі, звязаныя з тэрарыстычнымі, міграцыйнымі пытаннямі».

На нядаўніх перамовах у Мінску кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што Масква «вельмі даўно прасоўвае ідэю адзінай візавай прасторы».

Лаўроў: Расія не выключае адкрыцця часовых міжнародных пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна