На адной са старонак у сацыяльных сетках юнак з Глыбоцкага раёна апублікаваў фотаздымак разліковага аркуша. Гэта заробак ягонай маці, даяркі ААТ «Сельцы» Глыбоцкага раёна за кастрычнік 2016 года. За месяц ёй налічылі заробак памерам 82 (восемдзесят два) рублі. Гэта каля $42 па цяперашнім курсе.

Мясцовы партал Westki.info звязаўся з юнаком.

«Маці працуе без выходных і адпачынкаў. Працоўны дзень — з 5-й да 9-й раніцы, пасля ўвечары з 5-й да 8-й.

Бываюць выпадкі, калі даводзіцца даіць дзве групы.

На жаль, усе пагалоўна ў калгасе атрымліваюць такі заробак, плюс-мінус 30 рублёў», — распавёў ён.

Аднак і гэтыя 82 рублі жанчына не атрымала на рукі. У разліковым лістку напісана, што сума 11 рублёў 71 капейка «Выд. прод. Браслав-рыб» — гэта значыць, замест грошай жанчыне далі рыбныя кансервы мясцовага вытворцы.

Яшчэ 30 рублёў вылічылі за скаціну, якую работніца набывала ў гаспадаркі.

«У жанчыны — пяцёра дзяцей. Двое сыноў ужо старэйшыя і маюць свае сем’і. Юнак, які апублікаваў разліковы лісток маці, праз два дні будзе прызваны ў войска. І дзве дачкі — адна студэнтка, другая вучыцца ў школе. Сёння хлопец узяў разліковы лісток маці і паехаў у Мінск, паспрабаваў трапіць на асабісты прыём у Адміністрацыі прэзідэнта. Аднак яму гэта не ўдалося», — паведамляюць Westki.info.

Але ж што кажуць пра гэта ў выканкаме і на самім прадпрыемстве?

Намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама Алена Шалонька распавяла «Нашай Ніве» наступнае: «Там заробак залежыць ад выручкі прадпрыемства.

То бок, напрыклад, калі за месяц нічога не было зроблена, такі і заробак. Гэта не канкрэтна пра «Сельцы», гэта я тлумачу як працуе сістэма. Можа быць, даярка не выконвала сваіх абавязкаў… Чалавек можа проста хадзіць на працу. А павінен працаваць і выконваць свае абавязкі!».

Алена Шалонька, намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама, кажа, што заробак залежыць ад выручкі.

Алена Шалонька, намесніца старшыні Глыбоцкага райвыканкама, кажа, што заробак залежыць ад выручкі.

Што ж тычыцца выплаты кансервамі — то тут таксама ўсё па законе.

«Існуе калектыўная дамова. Людзі пра гэта ведаюць. Згодна з ёй, да 30% заробку могуць даць прадукцыяй. І калі прадпрыемства нічога не зарабіла — ані малака не надоена, ані скаціна не прададзена — то могуць выдаць натуральнай аплатай, ці даць магчымасць зайсці ў краму і «пад заробак» узяць хлеб, ці што яшчэ», — патлумачыла жанчына.

Узгадаць памер мінімальнага заробку ў краіне чыноўніца не змагла. Праўда, Шалонька пагадзілася, што на 82 рублі пражыць немагчыма.

«Але ж калі яна — даярка — не выканала сваіх абавязкаў? Чалавек павінен выконваць свае абавязкі. І адкуль узяць грошы калгасу, калі ён нічога не зарабляе? Кіраўніком ісці ў калгас ніхто не хоча. Дый калектыў… Людзі самі не хочуць працаваць. Цяпер жа прэзідэнт сказаў — 50% малака застаецца ў прадпрыемства, працуйце, ёсць кармы, ёсць усё… Але людзі не хочуць, кажуць, а чаму мы тры разы павінны даіць? Мы будзем два даіць! — абурылася Шалонька. — Трэба мяняць менталітэт, а то прывыклі, што ўсё павінна ўлада, усё ўлада… Хочуць, каб мы ім усё далі! А чалавек сам таксама павінен думаць і штосьці рабіць».

Прыкладна тое ж распавяла і Людміла Марушка, намесніца начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі Глыбоцкага райвыканкама.

«Заробак атрымліваюць за прадукцыю. Надаілі столькі — атрымалі столькі. Ёсць у нас такія, што два дні на працу ходзяць, а заробак хочуць, як і ў іншых. Дый можа там усё малако ішло другога гатунку — а за такое малако грошы не плацяць. Таму каб канкрэтна штосьці адказаць, трэба ведаць што за даярка, колькі дзён была на працы і гэтак далей», — сказала Марушка.

Прычым, па яе словах, сярэднія заробкі ў ААТ «Сельцы» больш-менш прымальныя. За перыяд студзень-верасень заробак у даярак склаў 242 рублі. Непасрэдна за верасень — 316 рублёў.

«Ніхто не хавае, што ў сельскай гаспадарцы адзін з самых нізкіх заробкаў па краіне. Але ж трэба і выконваць свае абавязкі. Часам пачынаеш глядзець, высвятляецца, што жанчына выйшла два дні толькі на працу… Працаваць яны не хочуць, а скардзіцца вельмі добра ўмеюць», — запэўніла Марушка.

Атрымліваецца, што тая даярка сама вінаватая?

Насамрэч не. На прадпрыемстве проста «памыліліся».

«Мы будзем карэктаваць заробак — памыліліся. Заробкі за кастрычнік ва ўсіх былі нізкія — мы няправільна падлічылі выручку. А фонд на зарплату ў нас залежыць ад таго, колькі прадпрыемства зарабіла за месяц», — паведаміў «Нашай Ніве» Юрый Бадун, эканаміст, выконваючы абавязкі кіраўніка ААТ «Сельцы».

Па словах Бадуна, заробак будзе павялічаны. На колькі, дакладна ён пакуль сказаць не можа. Кажа, прыкладна ў два разы.

Але ж гэта ўсяго толькі 160 рублёў. Пры тым, што мінімальны заробак у Беларусі — 230 рублёў. Ці могуць людзям плаціць менш за мінімалку?

Як высветлілася — могуць.

«Мы карыстаемся пастановай №1506, згодна з якой фонд аплаты працы, з якога налічваюць заработную плату, павінен быць не большым за 25% ад аб'ёму рэалізаванай прадукцыі», — патлумачыў Юрый Бадун.

Так, згодна з гэтай пастановай, усё робіцца па законе. Калі выручка ў прадпрыемства ўпадзе, то людзі могуць атрымаць нават менш і за тыя 82 рублі.

Пакуль што заробкі большыя — але гэта не значыць вялікія. За верасень сярэдні заробак жывёлаводаў з ААТ «Сельцы» склаў 268 рублёў.

«Нашая гаспадарка не найлепшая па раёне», — прызнаецца Бадун.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?