На расійскім тэлеканале «Звезда», заснавальнікам якога з’яўляецца Міністэрства абароны Расіі, была паказаная праграма «Працэс», прысвечаная Беларусі. Перадача называлася «Масква—Мінск. Разам без крыўдаў».
Фармат «Працэсу» — дыялог экспертаў і вядучай Наданы Фрыдрыхсан. Госці стаяць вакол стала па тройках, але ніякага выразнага падзелу па іх пазіцыях няма.
Спачатку абмяркоўвалі эканамічныя рознагалоссі Беларусі і Расіі, пасля — падлашчванне Лукашэнкі да Еўропы — і, нарэшце, фінансаванне заходнімі спецслужбамі апазіцыі і грамадскіх арганізацый.
Хто ж размаўляў пра адносіны Расіі і Беларусі?
Дырэктар Інстытута ЕўрАзЭС, кіраўнік Фонду эканамічных даследаванняў, журналіст з Чэхіі, аглядальнік «Спутніка», дарадца фракцыі ў Дзяржаўнай думе…
Дачыненне да Беларусі маюць хіба што ўраджэнец Слоніма Дзмітрый Балкунец, дырэктар Цэнтра па працы з выпускнікамі Вышэйшай школы эканомікі, а таксама Юрый Баранчык (былы работнік Акадэміі кіравання, застанавальнік сайта «Імперыя») і Кірыл Авяр’янаў-Мінскі (рускі нацыяналіст, якому забаронены ўезд у Беларусь).
Адметна, што ніводзін эксперт з Беларусі ў эфір не прыехаў.
Кіраўнік Цэнтра стратэгічных і замежнапалітычных даследаванняў Арсень Сівіцкі выступіў праз відэасувязь, але ўдзелу ў дыскусіі не браў.
Нагадаем, прадстаўнікі «Звязды» звярталіся з прапановай аб удзелу і да «Нашай Нівы».
Важны момант праграмы — цытаванне «Клуба рэдактараў», у якім старшыня БТ Генадзь Давыдзька зачытваў вытрымкі з артыкула «Нашай Нівы» «Хто хоча зрабіць з Беларусі Заходнюю Расію».
«У гэты «спіс ворагаў народа» патрапілі тыя, хто выступае за збліжэнне Расіі і Беларусі. Я не разумею, якія гэта яны ворагі беларускага народа? Як увогуле гэта выйшла ў друк», — абурылася вядучая ток-шоу тэлеканала «Звезда».