14 лістапада па ініцыятыве адміністрацыі турмы №4 Магілёўскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта была заведзеная крымінальная справа па ч. 2. арт 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы) супраць зняволенага заснавальніка праваабарончай установы «Платформ інавэйшн» Андрэя Бандарэнкі. Па гэтым артыкуле яму можа пагражаць зняволенне тэрмінам да 2 гадоў.

Першае следчае дзеянне, на якім прысутнічаў дзяжурны адвакат, адбылося 17 лістапада. Андрэй Бандарэнка адмовіўся даваць паказанні, а таксама ад паслуг дзяжурнага адваката. Ягоныя інтарэсы далей будзе прадстаўляць адвакат, з якім ён працуе на гэты час.

На дадзены момант праваабаронцам невядома, што стала падставай для ўзбуджэння крымінальнай справы ў адносінах да яго.

30 лістапада Андрэя Бандарэнку наведае ягоны адвакат. У гэты ж дзень у Магілёўскім абласным судзе адбудзецца касацыйны разгляд дзвюх скаргаў Бандарэнкі на вынесеныя яму адміністрацыяй папраўчай установы спагнанні.

Варта адзначыць, што ў судзе Ленінскага раёна Магілёва 14 лістапада падчас судовага разгляду скаргі Бандарэнкі на спагнанне, вынесенае адміністрацыяй турмы №4, прадстаўнік турмы нават не ўзгадваў аб тым, што была заведзеная крымінальная справа.

Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформ інавэйшн», якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму. На волю ён павінен выйсці 31 сакавіка 2017 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?