Сёння ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя Уладзіміра Салаўёва — вядомага расійскага прапагандыста. 

БелаПАН

Салаўёў вядзе на тэлеканале «Россия 1» палітычныя праграмы «Паядынак» і «Вечар у нядзелю». Актыўна падтрымлівае палітыку Уладзіміра Пуціна. Яго выступ у Палацы Рэспублікі пачнецца ў 19.00. 

Пра свой намер выйсці ўвечары 25 лістапада да Палаца Рэспублікі заявілі актывісты «Маладога фронту». Такім чынам яны збіраюцца прадэманстраваць стаўленне многіх беларусаў да «расійскага прапагандыста Салаўёва», а таксама да «прапаганды вайны і нянавісці, якія гучаць з вуснаў Крамля і расійскіх СМІ».

Салаўёў пракаментаваў намер маладафронтаўцў: 

«Дастаткова проста не купляць квіткі і не прыходзіць на мой выступ і дэманстратыўна выключаць тэлевізар. Яны гэтым хочуць сказаць, што беларускі народ негасцінны? Ён гасцінны. А тое, што людзі маюць права ставіцца да кожнага па-рознаму, гэта таксама відавочна. Так яны хочуць сябе паказаць? Мяне паглядзець? Ці зрабіць што? Калі яны прыхільнікі свабоды, то, як людзі першапачаткова свабодныя, як было сказана вялікім французам, «я гатовы аддаць жыццё за ваша права выказваць ваша меркаванне».

Чаго яны хочуць? Хочуць мне паказаць, што яны ёсць? Ну, добра, я рады за іх. Я не чырвонец, каб усім падабацца. Так што, стаўлюся да гэтага вельмі спакойна.

А тым больш, сёння пятніца, вечар, гулянні, плошча. З такімі цяжкімі эмоцыямі хай зойдуць у храм Усіх Святых. Там добра, прыгожа».

Журналісты задалі пытанне пра выпускі тэлеперадач, якія выйшлі на гэтым тыдні ў эфіры расійскага Першага канала і тэлеканала «Звезда». У іх пераважна ў негатыўным ключы закраналася тэма Беларусі ў сувязі з украінскімі падзеямі, а таксама выказвалася незадаволенасць беларускай гістарыяграфіяй.

Паводле слоў Салаўёва, ён не глядзеў гэтыя выпускі. «Што за дурні, хто гэта рабіў і навошта? Ёсць куча ідыётаў, якія чамусьці спрабуюць падняць рэйтынг шоу за кошт таго, каб знайсці нешта, высмактаць з пальца. Вядома, я маю на ўвазе маіх калег па Першым канале і чымсьці яшчэ. Гэта безадказна і непрыстойна», — заявіў вядоўца.

На расійскім тэлебачанні, паводле яго слоў, нярэдка ўзнікае сітуацыя, калі тэма раздзімаецца з узятай у інтэрнэце ўрыўкавай інфармацыі, яе абмяркоўваюць многія СМІ. «А потым глядзіш — ходзяць з шоу ў шоу адны і тыя ж людзі, адны і тыя ж тэмы… Нейкая дзікая лухта», — сказаў Салаўёў.

Паводле яго слоў, з-за гэтага людзям можа здацца, што такім чынам выражаецца дзяржаўная палітыка Расіі. Але гэта не з'яўляецца праўдай, падкрэсліў журналіст. «Вы на поўным сур'ёзе лічыце, што людзі, якія сядзяць у Расіі на тэлебачанні, вывучаюць палітычны парадак дня і пад яго ствараюць адносіны? Ці можаце сабе ўявіць, колькі праграм на тэлебачанні? Тэлебачанне працуе зусім па іншым прынцыпе», — адзначыў Салаўёў.

Такія перадачы не трэба глядзець, парэкамендаваў вядоўца. Расійскае тэлебачанне, паводле яго слоў, уяўляе сабой «дзікую колькасць тэлеканалаў і мільён праграм, якія робяць вельмі розныя людзі з вельмі рознай ступенню прафесіяналізму». Так, калі глядзець увесь час перадачы пра здароўе, то ўзнікне адчуванне, што «ўся краіна цяжка хворая і яе трэба лячыць ад дзікага набору хвароб», а калі глядзець толькі палітычныя праграмы, то «паўстане адчуванне, што свет заўтра абрынецца».

На кожным тэлеканале ёсць «свой набор ідыётаў», якія не ўсведамляюць, якая адказнасць на іх ляжыць перад грамадствам, заявіў Салаўёў. «На жаль, тэлевізійны бізнес уладкаваны такім чынам, што талент драматызацыі становіцца вышэйшым за ўсё. Гэта абсалютная вайна за рэйтынг», — падкрэсліў ён.

У адказ на пытанне пра Аляксандра Лукашэнку Салаўёў заявіў, што асабіста ў яго няма ніякага асаблівага стаўлення да афіцыйнага беларускага лідара, бо Лукашэнка — «не яго прэзідэнт».

«Я яго ніяк не ацэньваю як журналіст, я ніколі ў яго не браў інтэрв'ю. У мяне з ім не было ніколі магчымасці карэляваць. Я Лукашэнку ні разу ў жыцці жыўцом не бачыў», — растлумачыў ён.

У той жа час Салаўёў прызнаўся, што адчувае да яго павагу як «да прэзідэнта братняй краіны», народ якой ён лічыць «выдатным». Ацэньваць палітыку лавіравання Лукашэнкі паміж Расіяй і Захадам тэлевядоўца не стаў.

«Хто я, каб ацэньваць дзейнасць вашага прэзідэнта для вашай жа краіны? Калі гэты прэзідэнт выконвае міжнародныя абавязацельствы, і народ ім задаволены, то гэтае пытанне не да мяне, а да яго народу», — сказаў ён.

Паводле слоў Салаўёва, у пераважнай большасці расіяне лічаць адносіны з Беларуссю «цудоўнымі», а саму Беларусь «у Расіі вельмі любяць». Грамадзяне РФ, адзначыў ён, ўспрымаюць беларускага прэзідэнта «вельмі ласкава». «Ну вось ён у хакей гуляе, гаворыць смешна, у нас куча анекдотаў пра Лукашэнку… Такі народны персанаж», — дадаў Салаўёў.

Адказваючы на пытанне, ці хацеў бы ён зрабіць інтэрв'ю з Аляксандрам Лукашэнкам, Салаўёў адказаў: «Тэарэтычна, напэўна, так, але практычна да гэтага не даходзілі рукі». «Некалі мы адпраўлялі запыт, гадоў дзесяць таму, але там нейкія падставы былі. Апошнім часам — не», — падсумаваў ён.

У магчымасць дзяржаўнага перавароту па ўкраінскім сцэнары Салаўёў не верыць. 

«Прышчэпка Украіны — яна падзейнічала на ўсіх кіраўнікоў, — заявіў Салаўёў. — Цяпер усе ўсё вельмі выразна разумеюць, а галоўнае — для народа спрацавала, таму што — што атрымаў ўкраінскі народ за тры гады? Карункавых майткаў і Еўропы я нешта не бачу. Не, але вядома, асобным журналістам, якія жывуць на гранты, пашанцавала».

Салаўёву распавялі, што беларусы сёння назіраюць за стаўленнем Расіі да Украіны і часткова праецыруюць гэта стаўленне на сябе. На што тэлевядоўца адказаў:

«А ў вас фашысты збіраюцца прыйсці да ўлады? Яны хочуць забіваць рускіх? Яны хочуць забараняць мову, адраджаць вобразы тых, хто спальваў Беларусь? Што менавіта вы на сябе праецыруеце?»

Паводле слоў Салаўёва, стаўленне Расіі да Украіны можна назваць «выдатным», там «няма ніякіх дыскрымінацыйных законаў у адносінах да ўкраінцаў, якія пражываюць у Расіі». У Расіі, запэўніў тэлевядоўца, вітаюць прыезджых украінцаў, якія там «працуюць, атрымліваюць зарплату, перапраўляюць грошы, нягледзячы на тое, што ўкраінскія ўлады спрабуюць чыніць ім у гэтым перашкоды».

Украіна, заявіў Салаўёў, з`яўляецца «незалежнай дзяржавай з 1991 года» і ніколі ад Расіі, «акрамя дабра, нічога больш не бачыла». «Мы не збіраемся ўводзіць танкі ў Кіеў, у нас жа не ўсе жырыноўскія», — дадаў ён.

«А чаго Беларусі хвалявацца? Гэта ваша дзяржава, ваша жыццё. Адносіны [паміж Расіяй і Беларуссю] выдатныя, паважаем вельмі. У нас ёсць агульная гістарычная памяць, у прыватнасці, гэта перамога ў Вялікай Айчыннай вайне. Мала хто, як беларускі народ, можа пра гэта расказаць, таму што мала хто так пацярпеў. Па якой былой савецкай рэспубліцы, а цяпер незалежнай краіне, так страшна прайшлася вайна?

Мне здаецца, што ўжо даўно пара ўсвядоміць — вы выдатны, свабодны і незалежны народ. Вы жывяце вашым жыццём, гэта ваш выбар», — сказаў на заканчэнне Салаўёў.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру