Да шасці гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці прысуджаныя дзве бухгалтаркі аднаго з сельгаспрадпрыемстваў Сенненскага раёна, якія нанеслі калгасу шкоду ў 140 000 рублёў, паведамляепрэс-служба УУС Віцебскага аблвыканкама са спасылкай на УБЭП.

Крымінальная справа ў дачыненні да дзвюх жыхарак Сенненскага раёна была распачатая два гады таму. Праваахоўныя органы выявілі, што жанчыны, якія займалі пасады галоўнага бухгалтара і бухгалтара калгаса, са студзеня 2011 года па ліпень 2014 года афармлялі фіктыўныя дакументы на атрыманне розных тавараў для патрэб прадпрыемства.

Аднак набытыя за кошт прадпрыемства прадукты і бытавая хімія па прызначэнні не ўжываліся, а выкарыстоўваліся жанчынамі ў асабістых мэтах. Пры ператрусе па месцы жыхарства галоўнай бухгалтаркі і падпарадкаванай ёй супрацоўніцы былі выяўленыя шматлікія склады закупленых нібыта для патрэб калгаса тавараў: гарбаты, кавы, расліннага алею, розных кансерваў, парфумы і бытавой хіміі.

Судом Сенненскага раёна былыя бухгалтаркі за крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі былі асуджаныя да шасці гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Прысуд уступіў у законную сілу.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру