Былы прэзідэнт Украіны Віктар Януковіч падчас прэс-канферэнцыі заявіў, што яго галоўнай памылкай была адмова падпісаць загад аб увядзенні ваеннага становішча ва Украіне. Пра гэта піша ВВС. 

Getty

«Я сапраўды здзейсніў шэраг памылак. Я не святы. Самая галоўная памылка, якую я зрабіў, — я не змог, не знайшоў у сабе сіл у той час падпісаць загад аб увядзенні войскаў, ваеннага становішча ва Украіне. Гэта быў адзіны спосаб спыніць радыкалаў, я не пайшоў на кровапраліцце», — заявіў на прэс-канферэнцыі ў Растове-на-Доне Януковіч, які збег з Украіны пасля падзей на Майдане і знайшоў прытулак у Расіі.

Аднак ён заявіў, што калі б можна было вярнуцца ў той час, ён бы ўсё роўна не змог падпісаць дакумент. Паводле яго слоў, Украіна тады была моцна падзеленая, а падпісанне загаду магло б прывесці да грамадзянскай вайны.

Януковіч таксама паведаміў, што падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць Украіны. Па яго думку, для таго, каб захаваць цэласнасць краіны, трэба даць Данбасу шырокую аўтаномію, а таксама правесці амністыю.

«Я мару, каб як мага хутчэй скончылася ва Украіне вайна, на маёй радзіме, у Данбасе, каб перасталі гінуць людзі. Каб Данбас потым уваскрос з гэтых руін, у якія яго прывяла вайна», — заявіў Януковіч.

Януковіч таксама абвінаваціў украінскія ўлады ў нежаданні ісці на перамовы з паўстанцамі на Данбасе.

«Добра, што Крым аддзяліўся ад Украіны ці не? Не, не добра. Я лічу, што гэта дрэнна», — сказаў Януковіч.

«Тое, што крымскі народ прагаласаваў, — гэта вынік правакацый Майдана», — заявіў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?