Апошнім годам на дзяржаўныя тэлеканалы пачалі запрашаць прадстаўнікоў незалежнага грамадства. Як правіла, іх галасы раствараюцца ў моры праўладных экспертаў. Суадносіны зусім не роўныя. «Наша Ніва» перагледзела ўсе перадачы «Справа прынцыпу» з вядучым Вадзімам Гігіным на АНТ і «Форум» з Дзмітрыем Бачковым на «Беларусь-1» ад пачатку года і падлічыла, каго ж тэлеканалы найчасцей клічуць у студыю. Для пачатку такі факт: такія заслужаныя людзі, як Святлана Алексіевіч і Уладзімір Арлоў, на ТБ не выступалі ні разу. А хто ж выступаў?

25. Рыгор Кастусёў, намеснік старшыні Партыі БНФ — 4 перадачы

Спадара Кастусёва таксама некалькі разоў клікаў у «Клуб рэдактараў» старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька. Асоба намесніка старшыні БНФ патрэбная тэлевізійнікам, каб палохаць гледачоў радыкальным беларускім нацыяналізмам. А вось Статкевіча, Севярынца ці Лябедзьку на ток-шоу не клічуць ніколі.

24. Ігар Катляроў, дырэктар Інстытута сацыялогіі — 4 перадачы

Кіраўніка Інстытута сацыялогіі запрашаюць, каб ён выказаў ісціну ў апошняй інстанцыі, агучыў Vox populi (голас народа), з якім, маўляў, спрачацца ўжо бессэнсоўна. Катляроў адпавядае сваёй задачы, расказвае пра магутную падтрымку курса дзяржавы, ніякіх крамольных думак не дапускае. Таксама Катляроў час ад часу выступае з крытыкай недзяржаўных сацыялагічных інстытуцый, якія нібыта падтасоўваюць дадзеныя ў кабінетнай цішы.

23. Дзяніс Мельянцоў, аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) — 4 перадачы

Былога «маладафронтаўца» Мельянцова найчасцей клічуць на перадачы па міжнароднай тэматыцы, радзей — па ўнутрыбеларускай. Беларускамоўны ў сацыяльных сетках, на дзяржаўных тэлеканалах Мельянцоў абавязкова пераходзіць на рускую.

У сваіх ацэнках спадар Мельянцоў займае дастаткова памяркоўную пазіцыю, не пераходзячы на крытыку ніводнага з бакоў. Прыкладна такі самы падыход у яшчэ аднаго прадстаўніка BISS Аляксея Пікуліка.

22. Грыгорый Іофе, прафесар Рэдфардскага ўніверсітэта, ЗША — 4 перадачы

У ток-шоу, асабліва ў Вадзіма Гігіна, вельмі любяць запрашаць рускамоўных гасцей з краін Захаду. І тут усё проста: сведчанне, што ў Еўропе і Амерыцы «простыя людзі» падтрымліваюць курс Беларусі, а вось эліты выступаюць супраць. Грыгорый Іофе — гэта той чалавек, які напісаў кнігу інтэрв’ю з Аляксандрам Лукашэнкам. Нярэдка госцем выступае таксама італьянскі прапуцінскі журналіст Джульета К’еза, які гнабіў Святлану Алексіевіч пасля атрымання Нобелеўскай прэміі.

21. Ігар Марзалюк, дэпутат парламента, гісторык — 4 перадачы

Адзін з нямногіх беларускамоўных экспертаў, якія з’яўляюцца на ТБ. Спадар Марзалюк усё ж не з тых дэпутатаў, якія імкнуцца праседзець ціха-мірна чатыры гады. Славуты магілёўскі гісторык і археолаг адчувае відавочнае задавальненне ад спрэчак і дыскусій. Да гонару Марзалюка, не адмаўляе ён у інтэрв’ю і недзяржаўным выданням. Што тычыцца пазіцыі, то дэпутат заўсёды амаль цалкам падтрымлівае кіраўніка краіны ў яго пачынаннях.

20. Сяргей Івановіч, кіраўнік байцоўскага клуба «Чынук» — 5 перадач

Івановіча, натуральна, не клічуць абмяркоўваць палітычныя падзеі. Ён удзельнічае ў абмеркаванні больш бытавых праблем. Свае развагі ён грунтуе з пазіцыі брутальнага мужчыны, які гатовы вырашыць пытанні самымі рознымі спосабамі. Самі разумееце, чаго могуць каштаваць жарты з байцамі.

19. Надзея Цыркун, псіхолаг, былы дэпутат Палаты — 5 перадач

Абіралася ў Палату прадстаўнікоў па Коласаўскай акрузе Мінска. Была членам дэпутацкай групы «За саюз Украіны, Беларусі і Расіі». Нейкі час яна была блізкай да парламенцкай групы «Рэспубліка», куды ўваходзілі Скрабец, Парфяновіч і Фралоў. Цыркун у асноўным удзельнічае ў перадачах, прысвечаных сям’і, гвалту, дзецям.

18. Мікалай Улаховіч, кіраўнік Патрыятычнай партыі, дэпутат Палаты — 5 перадач

Пра красамоўства спадара Улаховіча можна складаць байкі. Чаго толькі вартае абвінавачанне баптыстаў, што яны прапагандуюць тэрор, альбо больш бяскрыўднае пра баброў, якія замінаюць рыбакам. Улаховіча выцягнулі з забыцця ў піку прарасійскіх казакоў, якія актывізаваліся ў нашай краіне. Ён быў адным са спарынг-партнёраў Лукашэнкі на апошніх выбарах. А цяпер заяўляе, што «рускі свет» у Беларусі ніколі не пройдзе.

17. Валерый Карбалевіч, палітолаг — 5 перадач

Карбалевіч стаў вельмі спрактыкаваным ва ўдзеле ў падобных перадачах. Ён умее асадзіць прафесійных гарлапанаў, пры гэтым сам заўсёды трымаецца вельмі спакойна і годна, не вядзецца на правакацыі суразмоўцаў. Як правіла, Карбалевіч карыстаецца беларускай мовай.

16. Наталі Рашэ, стыліст, вядучая — 5 перадач

Яна працавала стылістам у многіх расійскіх зорак шоу-біза — Лазарава, Білана, Дубцовай. Пры гэтым Рашэ перакананая, што ў самой Беларусі свецкага жыцця і свецкіх ільвоў няма.

15. Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК — 5 перадач

Тут усё проста: Ярмошыну клічуць на эфір падчас электаральных кампаній. Яна рэдка адмаўляецца, знаходзіцца заўсёды ў цэнтры ўвагі вядучых. Ідзе ў актыўныя спрэчкі з апанентамі, як было, напрыклад, з Алесем Лагвінцом.

14. Валерый Байнёў, загадчык кафедры інавацыйнага менеджменту БДУ — 5 перадач

Радыкальны прыхільнік планавай эканомікі. На думку Байнёва, ці не ўсе беды света ідуць ад лібералаў і рыначнікаў.

«Рыначныя рэформы нідзе не атрымаліся. Паўсюль, дзе праводзіліся рыначныя рэформы, мы бачым кроў, вайну, інфляцыю, грамадзянскія войны, рэвалюцыі, тэракты», — адзначаў Байнёў. Нямеччына, Японія, Сінгапур і Польшча Байнёву не ў лік.

Асабліва востра ён дыскутуе з ліберальным эканамістам Яраславам Раманчуком. «Мы не хочам жыць не ў СССР», — перакананы Байнёў.

13. Уладзімір Максімкаў, тэлевядучы — 6 перадач

Папулярны шоўмэн займае дастаткова дэмакратычную пазіцыю, часта прыходзіць на запіс у вышыванцы. Выступае супраць ідэалізацыі савецкага мінулага.

12. Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік «Гавары праўду» — 6 перадач

З нядаўняга часу Андрэй Дзмітрыеў цвёрда прапісаўся на дзяржаўных тэлеканалах. Прадстаўнік «Гавары праўду» рэзка не крытыкуе ўладу, не гаворыць пра фальсіфікацыі выбараў, але цвёрда паўтарае сваю думку пра неабходнасць у краіне мірных пераменаў. Крыху радзей запрашаюць Таццяну Караткевіч. Варта адзначыць, што экс-кандыдатка загартавалася ў эфірах і выглядае нашмат больш упэўнена, чым раней.

11. Уладзімір Еранасян, расійскі пісьменнік, шоумэн — 6 перадач

Некалькі гадоў таму гэты ўраджэнец расійскага Батайска ажаніўся з беларускай, таму пераехаў у Мінск. У эфірах ён шмат крытыкуе Еўрасаюз. «Толькі Мытны саюз, толькі моцная Расія побач — і тады ўсё будзе добра», — вучыў жыццю беларусаў спадар Еранасян. Пра Алімпіяду Еранасян гаварыў, што гэта была суцэльная палітыка і цкаванне Расіі.

10. Міхаіл Кавалёў, эканаміст, дацэнт БДУ — 6 перадач

Яшчэ адзін прыхільнік каманднай эканомікі. Некалькі гадоў таму навукоўца прадракаў поўнае абясцэньванне даляра. Кавалёў, як правіла, апраўдвае любыя дзеянні беларускіх уладаў у эканамічнай сферы. Хваліць, як правільна былі праведзеныя дэвальвацыі, а таксама час ад часу гаворыць, што Беларусі зусім не патрэбныя заходнія крэдыты.

9. Аляксандр Плашчынскі, прарэктар МІТСО — 7 перадач

Плашчынскі не робіць ніякіх адыёзных заяваў. Выступае ў асноўным па тэмах міжнароднай палітыкі — хваліць кітайскі досвед. Плашчынскі акурат навучаўся ў Цэнтры глабальных даследаванняў Шанхайскага ўніверсітэта.

8. Аляксей Дзермант, рэдактар прарасійскага сайта «Імхаклаб» — 7 перадач

Некалі Аляксей Дзермант быў адным з найбольш вядомых актывістаў балцкага і неапаганскага руху. Ён выдаваў часопісы «Друвіс» і «Сівер». Займаў антыкамуністычныя пазіцыі, меў крайне правыя погляды. Часта згадваецца цытата Дзерманта: «Чырвоная Вандэя павінна быць знішчана». Аднак апошнія гады Дзермант раптоўна змяніў свае погляды, стаў падтрымліваць ідэі еўразійства. На перадачах ён часцей за ўсё цкуе прадстаўнікоў апазіцыі.

7. Пятро Пятроўскі, кансерватыўны цэнтр «Номас» — 7 перадач

Паплечнік Дзерманта. Ідэалізуе дзеячаў КПЗБ — на эфір ходзіць у байцы «Сяргей Прытыцкі — герой Беларусі». У адрозненне ад Дзерманта, часам выкарыстоўвае ў эфірах беларускую мову. У астатнім гэтак жа сама агалцела крытыкуе «апазіцыю» і «нацыяналістаў». Некалі Пятроўскі адзначыўся фразай, што ўсе «палітвязні — гэта дармаеды, якія не адпавядаюць інтарэсам дзяржавы».

6. Алег Гайдукевіч, намеснік старшыні ЛДПБ — 9 перадач

Гайдукевіч з тых гасцей, якія здольныя закрычаць любога апанента. Ён рэдка слухае, што кажуць яму, затое гучна крычыць сваё меркаванне. Выказваецца выключна агрэсіўна.

Гайдукевіч-старэйшы, калі стаў сенатарам, стаў рэдка хадзіць на шоу, а вось ягоны сын стаў сапраўднай зоркай ТБ. Гайдукевічы заўсёды паўтраюць, што яны апазіцыйныя палітыкі, каб «размыць» публіку, якая супраць Лукашэнкі. На справе ж кіраўніцтва ЛДПБ першымі віншуе кіраўніка краіны з пераабраннем.

5. Яраслаў Раманчук, кіраўнік цэнтра Мізэса, эканаміст — 9 перадач

На палітычнай кар’еры Яраслава Раманчука быў пастаўлены крыж пасля яго ганебнай заявы на наступны дзень пасля прэзідэнцкіх выбараў — 2010. Раманчука выключылі з АГП, затое сталі актыўна клікаць на ТБ.

Раманчук у сваіх поглядах ні на крок не адышоў ад сябе ранейшага. Менавіта ён сімвалізуе эканаміста-ліберала, які прапануе самыя радыкальныя, але не заўсёды рэалістычныя рэцэпты па лячэнні нашай эканомікі.

4. Георгій Атаманаў, намеснік кіраўніка КПБ — 9 перадач

Чалавек, які ўсё яшчэ жыве старымі савецкімі ідэаламі. Атаманаў прадказальна крытыкуе капіталістаў, лібералаў, амерыканцаў. І, натуральна, цалкам падтрымлівае палітыку Лукашэнкі.

3. Аляксей Бяляеў, палітолаг — 11 перадач

Універсальны госць. Бяляеў не скажа нічога такога, што супярэчыла б пазіцыі ўладаў. Ягоны словы банальныя і чаканыя: «Грамадзяне і ўлада нясуць адказнасць адзін перад адным», «Беларусы давяраюць дзеянням уладаў», «Еўрасаюз умешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі». Прымітыўны набор штампаў.

2. Вадзім Баравік, палітолаг — 13 перадач

Яшчэ адзін госць няпэўнай прафесіі. Калі слухаць Баравіка, то мы жывем у самай лепшай краіне ў свеце і ўсе астатнія краіны нам зайздросцяць. Манера вядзення дыскусіі ў Баравіка дастаткова хамская, аднойчы яму заўвагу пра гэта рабіла экс-дэпутатка Вольга Абрамава. Баравік з’яўляецца спецыялістам ледзьве не ва ўсіх сферах, ён нават расказваў, што займаецца бізнэсам і ніякіх праблем у яго ніколі не ўзнікала. Затое ён можа не запнуўшыся ні разу пералічыць усе дасягненні беларускай дзяржавы.

1. Дзмітрый Шаўцоў, дэпутат Палаты — 15 перадач

Былы доктар у мінскай паліклініцы, цяпер Шаўцоў стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў. Шаўцоў у эфіры выглядае вельмі паважна і спакойна. Ён не імкнецца пераўтварацца ў гарлапана, а наадварот, спрабуе ўразіць усіх сваёй вытрыманасцю. Мабыць, яму падабаецца выступаць на ТБ. Зрэшты, рэдактары «Беларусь-1» спрабуюць уставіць Шаўцова ў кожную дзірку. За гэты год ён прыйшоў на «Форум» 12 (!) разоў.

Каго запрашаюць яшчэ?

Калі рэдактары АНТ імкнуцца неяк разнастаіць гасцей перадачы, ніхто не з’яўляўся ў «Справе прынцыпу» часцей за пяць разоў, то на «Беларусь-1» экспертаў запрашаюць па накатанай і не шукаюць іншых шляхоў. Таму і выходзіць, што некаторыя, як Дзмітрый Шаўцоў ці Георгій Атаманаў могуць з’яўляцца ў эфіры ледзьве не праз перадачу.

З тых, хто не трапіў у выніковы топ-25, варта адзначыць двух заходнерусістаў Льва Крыштаповіча і Ігара Зелянкоўскага, кожны з іх па тры разы ўдзельнічаў у шоу Вадзіма Гігіна.

Тры разы ў перадачах фігуравала яркая тэлевядучая Ганна Бонд, столькі ж кіраўнік БРСМ Андрэй Белякоў, дэпутатка ад ТБМ Алена Анісім, пісьменнікі Георгій Марчук і Андрэй Лазуткін.

Кіраўнік «Казачага спаса» Пятро Шапко з’яўляўся сёлета на шоу двойчы, такую ж колькасць разоў блогеры Дзяніс Блішч і Ірына Кабасакал.

Звяртае ўвагу, што ніводнага разу ў студыі не паклікалі Нобелеўскую лаўрэатку Святлану Алексіевіч, праваабаронцу Алеся Бяляцкага, палітыкаў Міколу Статкевіча і Анатоля Лябедзьку. Людзі, якія ў любой іншай краіне былі б жаданымі гасцямі эфіру, для беларускага тэлебачання — нефармат.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?