Еўрасаюз неўзабаве дазволіць грамадзянам Украіны, Грузіі і Косава паездкі без віз, бо ўдалося вырашыць пытанне аб механізме прыпынення бязвізавага рэжыму, паведамляе ВВС. Унутраная спрэчка ў ЕС заставалася галоўнай перашкодай на шляху Кіева і Тбілісі да адмены віз.
ria.ru
Перамовы з удзелам краін-сяброў ЕС і Еўрапейскага парламента скончыліся напярэдадні ўвечары дасягненнем пагаднення. Механізм прыпынення бязвізавага рэжыму неабходны для надзвычайных сітуацый.
Рада ЕС вылучала ўмову, каб бязвізавы рэжым для Украіны, Грузіі і Косава пачаў дзейнічаць адначасова з гэтым механізмам. Патрабаваць прыпынення бязвізавых адносін можа альбо адна з краін ЕС, альбо Еўракамісія.
Напярэдадні аб дасягненні дамоўленасцей заявіў прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка. «Абнадзейлівыя навіны з Бруселя па выніках маіх пастаянных кантактаў з лідарамі ЕС. Кампраміс адносна механізму прыпынення бязвізу знойдзеныя», — пісаў ён у фэйсбуку. Узгадненне механізму прыпынення адкрые шлях да далейшага галасавання на пленарным пасяджэнні Еўрапарламента па пытанні бязвізавага рэжыму для Украіны, пісала напярэдадні віцэ-спікер Вярхоўнай рады Ірына Герашчанка.
Украіна і Грузія выканалі ўсе ўмовы для лібералізацыі візавага рэжыму з ЕС, профільны камітэт Еўрапарламента падтрымаў рэзалюцыю па Украіне ў верасні, аднак канчатковае рашэнне адкладалася з-за нявырашанасці гэтага пытання.
Парашэнка яшчэ ў жніўні заяўляў, што ЕС вырашыць пытанне аб бязвізавых паездках праз «лічаныя тыдні». Пазней прэзідэнт Украіны прагназаваў, што яго краіна атрымае бязвізавы рэжым з краінамі Еўрасаюза да канца лістапада, але пытанне з механізмам прыпынення зацягвала працэс.