Барыс Хамайда

Віцебскага апазыцыянэра і распаўсюдніка незалежнай прэсы затрымалі і завезьлі на гутарку ў Чыгуначны РАУС.

Паводле Барыса Хамайды ў пастарунку міліцыянты перагледзелі газэты й часопісы, якія ён распаўсюджвае, і адпусьцілі, не складаўшы ніякіх дакумэнтаў пра затрыманьне. Адно што апазыцыянэра папярэдзілі, што ягонае знаходжаньне ў цэнтры гораду, каля так званага «Сіняга дому» на вуліцы Леніна, падчас фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску» вельмі непажаданае.

Барыс Хамайда распавёў, што яшчэ колькі дзён таму да яго падыходзілі супрацоўнікі міліцыі з прапановамі «зьнікнуць» на час фэстывалю, які будзе праходзіць з 11‑га па 19‑га ліпеня. Але апазыцыянэр сказаў, што ў фэстывальныя дні зьбіраецца працаваць яшчэ больш актыўна: распаўсюджваць недзяржаўныя выданьні ня толькі ў першай, як звычайна, але і ў другой палове дня.

Учора на прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай арганізацыі працы міліцыі падчас фэстывалю, кіраўнік абласной структуры МУС Леанід Фармагей падкрэсьліў, што ніякіх асаблівых захадаў па «зачыстцы» гораду на час фэстывальных імпрэзаў не плянуецца. Нават «бамжоў» сёлета вырашылі не чапаць і не «ізаляваць» у спэцустановы, як рабілася ў мінулыя гады. Аднак міліцыянты палічылі, што чалавек пад бел‑чырвон‑белым парасонам, які распаўсюджвае незалежны друк ды размаўляе зь мінакамі па‑беларуску, можа нанесьці большую шкоду іміджу фэстывальнага гораду.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0