Раней Елісейскі палац даваў зразумець, што Сарказі можа не паехаць на адкрыцьцё Гульняў у знак пратэсту супраць палітыкі Кітая ў дачыненьні да Тыбэту.
Паколькі зь 1 ліпеня Францыя выконвае функцыі старшыні Эўрасаюзу, на пэкінскай цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды, якая пройдзе 8 жніўня, Сарказі будзе прадстаўляць таксама і Эўрасаюз.
Некаторыя праваабаронцы заклікалі лідэраў найбуйнейшых сусьветных дзяржаў байкаватаць цырымонію адкрыцьця Гульняў.
Так, «Рэпарцёры бяз межаў» (штаб‑кватэра арганізацыі знаходзіцца ў Парыжы) заявілі, што паездка Сарказі ў Пэкін стане зьдзекам ў дачыненьні да абавязкаў [прэзыдэнта] у дачыненьні да народу Францыі».
Нікаля Сарказі заявіў, што сваё рашэньне ўзгадняў зь лідэрамі Эўрасаюзу.
Нагадаем, што раней прэзыдэнт Францыі заклікаў кітайскія ўлады пачаць перамовы з урадам Тыбэту ў выгнаньні і Далай‑ламам і выпусьціць з турмаў палітвязьняў.
У заяве Елісейскага палацу, у якім паведамляецца пра рашэньне Сарказі паехаць на Алімпіяду, нічога не гаворыцца ні пра Далай‑ламу, ні пра праблему Тыбэту.
На адкрыцьцё Гульняў у Пэкін прыедзе таксама прэзыдэнт ЗША Джордж Буш. Аднак канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель і прэм’ер‑міністар Канады Стывэн Харпэр на цырымонію не прыедуць.
Ня будзе браць удзелу ў адкрыцьці Гульняў прэм’ер‑міністар Брытаніі Гордан Браўн, але ён возьме ўдзел у закрыцьці Гульняў. Ня будзе прысутнічаць таксама на адкрыцьці Алімпіяды і генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун