Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі Наталля Пяткевіч і старшыня Белтэлерадыёкампаніі, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Аляксандр Зімоўскі пракаментавалі БелаПАН чуткі аб магчымым іх прызначэнні на пасаду кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

Гэтыя чуткі аднавіліся пасля гучных адставак Віктара Шэймана з пасады дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі і Генадзя Нявыгласа з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта 8 ліпеня. Афіцыйная фармулёўка адставак — «у сувязі з пераводам на іншую працу». Прычынай для іх паслужыў выбух у Мінску 4 ліпеня падчас канцэрта з нагоды Дня незалежнасці.

«Можаце прааналізаваць прэсу, — прапанавала БелаПАН Н.Пяткевіч. — Кожны год пастаянна чуткі такія з’яўляюцца». Паводле яе слоў, гэтыя чуткі не маюць пад сабою ніякай падставы. На пытанне аб магчымых змяненнях у кар’еры Н.Пяткевіч адказала: «Гэта ж не ад мяне залежыць».

У сваю чаргу Аляксандр Зімоўскі не стаў каментаваць гучныя адстаўкі апошніх дзён і патлумачыў:

«Не маю прывычкі штурхаць жывых аслоў і мёртвых львоў». Наконт чутак аб яго магчымым прызначэнні на пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі сказаў: «Мяне даволі часта куды‑небудзь «прызначаюць», «пераводзяць» і «накіроўваюць». Да гэтага можна прывыкнуць. Што да прапаноў узначаліць палітычны штаб прэзідэнта краіны (толькі такія функцыі лічу аптымальнымі для адміністрацыі), то я іх не атрымліваў — гэта па‑першае. Па‑другое, мне б не хацелася мець справу з людзьмі, прозвішчы якіх збіраўся назваць прэзідэнт падчас абвяшчэння Паслання да беларускага народа і парламента».

Нагадаем, выступаючы 29 красавіка са штогадовым пасланнем да беларускага народа і парламента, Аляксандр Лукашэнка заявіў: «Чалавек 15 самых высокіх урадавых чыноўнікаў і Адміністрацыі прэзідэнта завязлі ў карупцыі». Такая выснова, паводле слоў прэзідэнта, вынікае з паказанняў генеральнага дырэктара гандлёвага дома «Ждановічы» Яўгена Шыгалава, які быў затрыманы 5 красавіка і абвінавачваецца ў злоўжыванні ўладай або службовымі паўнамоцтвамі. «У хуткім часе я вас усіх запрашу да сябе, — паабяцаў прэзідэнт, звяртаючыся да чыноўнікаў. — Вы мне раскажаце, за чые вы грошы гэта рабілі і навошта наогул вы гэта рабілі. Гэта адносіцца і да некаторых парламентарыяў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?