Мітрапаліт Павел звярнуўся да міністра аховы здароўя Беларусі Васіля Жарко з прычыны аднаго з пунктаў праекта пастановы пра нормы медыцынскай этыкі, згодна з якім медыкам могуць забараніць насіць крыжыкі і ставіць іконы ў кабінетах, дзе прымаюць пацыентаў. Зварот апублікаваны на афіцыйным сайце БПЦ.

Фота Ігара Мацвеева, Tut.by

Фота Ігара Мацвеева, Tut.by

«Прадстаўлены для абмеркавання праект, у прыватнасці яго 7-ы пункт (забарона на нашэнне рэлігійных знакаў і сімвалаў), выклікаў рэзананс і бурную дыскусію сярод духавенства і свецкіх Беларускай Праваслаўнай Царквы», — гаворыцца ў звароце.

Мітрапаліт таксама адзначае, што «архіпастыры Беларускага Экзархата аднадушна выказалі абгрунтаванае здзіўленне ў дачыненні да гэтага пункта пастановы і апасаюцца магчымых наступстваў яго прыняцця для вернікаў».

«Па выніках разгляду дадзенага дакумента члены Сінода Беларускага Экзархата даручылі мне звярнуцца да Вас з просьбай — не дапусціць прыняцця пастановы ў прапанаванай для грамадскага абмеркавання рэдакцыі», — піша мітрапаліт.

Кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы таксама пагадзіўся з тым, што медыцынскія работнікі павінны выконваць межы разумнага ў выкарыстанні імі рэлігійнай сімволікі, каб не выклікаць у сваіх калегаў або пацыентаў адчуванні навязвання ім тых ці іншых рэлігійных поглядаў.

«Аднак мы лічым, што абмеркаванне нароўні з вонкавым абліччам доктара (даўжыня халата, наяўнасць упрыгожванняў і г.д.) прыкмет яго рэлігійнай прыналежнасці прынясе неразуменне і злоўжыванні на месцах», — адзначае Павал.

Ён таксама спасылаецца на арт. 33 Канстытуцыі Беларусі, у якой дэкларуецца, што «Кожнаму гарантуецца свабода меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне. Ніхто не можа быць прымушаны да выказвання сваіх перакананняў або адмовы ад іх».

У Беларускай праваслаўнай царквы асцерагаюцца, што зацвярджэнне праекта ў прапанаванай рэдакцыі можа спыніць далейшае развіццё ўзаемадзеяння царквы з Міністэрствам аховы здароўя.

«Улічваючы тую акалічнасць, што большасць жыхароў Рэспублікі Беларусь з'яўляюцца праваслаўнымі па веравызнанні, а нашэнне нацельных крыжыкаў і зварот да Бога перад іконамі з'яўляецца натуральным і неад'емным складнікам жыцця і побыту беларускага народа, згаданы пункт праекта можа справакаваць пратэсты людзей, як паслядоўнікаў праваслаўнай веры, так і іншых хрысціянскіх канфесій. Гэта таксама можа паслужыць з'яўленню ў нашым грамадстве непрадказальных супярэчнасцяў на рэлігійнай глебе», - падкрэсліваецца ў звароце.

Ён просіць выключыць з праекта палажэнне аб рэлігійных сімвалах. Мітрапаліт Павел таксама звярнуў увагу міністра аховы здароўя на тое, ад святароў прыходзяць «трывожныя сігналы аб перадузятым стаўленні некаторых медыцынскіх начальнікаў рознага ўзроўню — загадчыкаў аддзяленняў медыцынскіх устаноў, прадстаўнікоў адміністрацыі бальніц і паліклінік да праваслаўнай прысутнасці ва ўстановах Міністэрства аховы здароўя.

Раней Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч таксама раскрытыкаваў праект пастановы Міністэрства аховы здароўя.

«Гэта значыць можна насіць значок прыналежнасці да партыі і грамадскай арганізацыі, а рэлігійны знак — не, — абурыўся 22 снежня каталіцкі іерарх. — У нас рэкламуюць піва, працуюць казіно, а вы ведаеце, куды прыводзяць усе гэтыя аднарукія бандыты, а рэлігійны знак, значыць, насіць нельга!

«Гэта не што іншае як дыскрымінацыя вернікаў. Спадзяюся, гэтыя нормы будуць зменены», - сказаў Кандрусевіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?