У Беларусі не шмат вядомых рэп-гуртоў. Мала хто з выканаўцаў можа пахваліцца тысячамі фанатаў ці абсмоктваннем у СМІ скандалаў з іх удзелам, звыклых для гэтага жанру. 

Але адной гучнай падзеяй на беларускім рэп-полі нядаўна стала больш.

Гурт «Норкавыя пялёнкі», які складаецца з двух чалавек, зняў кліп, у якім спевакі хваляцца тым, што яны «татавы сынкі» і маюць усё, пра што толькі мараць іхнія аднагодкі. 

«Так, я таткаў сын, так, яго машына, так, яго кватэра, так, і што з таго?» — спяваецца ў кліпе.

«Спускаю матчына бабло, мне пашанцавала. У 21 год няма працоўнай [кніжкі], у сям'і адзін такі крэтын, у мяне ёсць усё, што табе толькі сніцца, што табе коле вочы, чаго ты хочаш дабіцца: тачкі, сучкі, брылікі, золата, я на курорце, калі ў краіне холадна, я жру ў рэстаране, калі ў краіне голадна», — гучыць у песні. 

На відэа дзяўчыны з аголенымі грудзямі лашчацца да рэпераў. 

У кліпа больш за 60 тысяч праглядаў, чым можа пахваліцца мала хто з беларускіх рэпераў. 

Такі эпатажны падыход абурыў карыстальнікаў сацсетак. 

«Панты», «больш няма чым пахваліцца», — пішуць людзі.

«Крута, малайцы, лайк», — гавораць іншыя.

Сваім крытыкам удзельнікі гурту адказваюць рэзка. 

«А не пайшлі б вы ўсе на…й, жабракі», — піша рэпер Яўген і дадае, што нядаўна «сустрэў» бацьку аднаго з крытыканаў на прыпынку і абліў яго вадой з-пад колаў, бо падумаў, што гэта прастытутка. 

«Дайце ў пазыку 10 тысяч даляраў на дзень, заўтра вярну 15», «Гэта ўсё зайздрасць», «Мы шыем рэчы на Сэвіл Роу [знакамітая вуліца ў Лондане з элітнымі атэлье мужчынкага адзення], мне пляваць, як мой гумар ацэньваюць бамжы з вёскі Сілуэт [гандлёвы цэнтр у Мінску]», — піша хлопец у сацыяльных сетках, выклікаючы «хайп» — увагу да сябе. 

Фота з сацсетак, рэтуш «НН». 

Фота з сацсетак, рэтуш «НН». 

Шмат каго зацікавіла, а хто ж бацькі гэтых хлопцаў, якія, калі верыць спевакам, забяспечваюць іх вялікімі грашыма на забавы, пакуль тыя атрымліваюць асалоду ад жыцця і не працуюць — у сваіх сацыяльных сетках хлопцы хваліліся «дармаедскімі» лістамі ад падатковай.

Як стала вядома «Нашай Ніве», адзін з удзельніка гурту — сын высокапастаўленага афіцэра МУС, адказнага за ідэалогію.

Ніякіх залатых гор у сям'і няма, а такія агрэсіўныя і выхваленчыя паводзіны сына — толькі частка сцэнічнага іміджу, сцвярджае бацька.

«На свае кліпы сын зарабляў сам — там не мала. Што да дармаедства, то так, калі прыйшоў з войска, месяцаў з дзесяць не мог адшукаць работу, але пасля ўладкаваўся ахоўнікам і працуе — зарабляе сабе на кліпы, стварае такі вобраз. Ну як падабаецца яму, то што? На пячы не ляжыць», — патлумачыў нам бацька па-беларуску. 

Сам рэпер кажа, што адмыслова абраў такі неадназначны вобраз, бо ён чапляе людзей, а праект у іх з сябрам малады, таму трэба навесці шуму. 

Яўген служыў у спецназе Унутраных войскаў, у вядомай в/ч 3214.

Яўген служыў у спецназе Унутраных войскаў, у вядомай в/ч 3214.

«Не буду заўчасна раскрываць усе моманты — гэта як у бізнесе. Але 60 тысяч праглядаў — гэта толькі пачатак. Нармальная лічба пачынаецца ад мільёна праглядаў хаця б. Так, гэта быў наш першы кліп у гэтым праекце. Дзесьці ў каментарах да відэа я перагінаў палку, але пасля мы з сябрам параіліся і вырашылі проста падтрымліваць імідж, не выяўляючы агрэсіі — выбачаюся, калі каго пакрыўдзіў. А бацькі ў нас простыя людзі, як ва ўсіх. Бацька мала ў чым ужо можа мне дапамагчы — я дарослы чалавек, не дзіця, сам за сябе адказваю і забяспечваю сябе. Але на такую паказуху добра рэагуюць людзі — усе па-рознаму, праўда, але шмат каму падабаецца. Рэп-культура ва ўсіх краінах шмат у чым будуецца на пантах, тут мы радыкальна новага нічога не вынайшлі», — сказаў нам малады беларускі рэпер. 

А як вам відэа? 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?