Нямецкае выданне «Süddeutsche Zeitung» у нумары ад 20 снежня прысвяціла шмат увагі распаду Савецкага Саюза. Ад Беларусі яны публікуюць тэкст Віктара Марціновіча.

25-я гадавіна свету без Саюза прыпала на чарговае абвастрэнне ўвагі да ўсходнееўрапейскага рэгіёна. Больш за тое, сацыяльныя і палітычныя ператрусы, якія сёння зазнае «Захад», робяць такога роду гістарычны досвед яшчэ больш запатрабаваным. Нядзіўна таму, што ў цэнтры ўвагі невялікай нататкі з нагоды выхаду альбома «Расея — ад перабудовы да Пуціна» (фатографа Даніэля Біскупа) знаходзіцца не толькі пераемніца СССР і ейны «аўтарытарны кантыніум», але і наступная думка: «Перамены эпох гэта выпрабаванне — для кожнага пакалення».

Альбом (на здымках якога зафіксаваны ў тым ліку «малады мужчына ў касцюмах, якія на ім не вельмі добра сядзяць, па імені Уладзімір Пуцін») служыць свайго роду уверцюрай да ўспамінаў дзесяці дзеячаў мастацтва. Пісьменнікі, рэжысёры, музыкі з былых савецкіх дзяржаў успамінаюць, як яны перажылі 25 снежня 1991 года — момант, калі савецкі сцяг над Крамлём быў заменены расійскім, а прэзідэнт Гарбчоў абвясціў аб сваёй адстаўцы.

Яны прэзентуюць не толькі розныя краіны, але і розныя пакаленні. Камусьці ў 1991-м было 40, камусьці — 8. У выніку У кожнага з удзельнікаў гэтага «мемарыяльнага сеансу» — свой фінал СССР, свае ўспаміны і свае вобразы, якія сёння складваюцца ў невялікія аповеды.

Для Віктара Марціновіча (нар. 1977, нататка называецца «Чэрап») — гэта перадусім Курапаты і наданне галоснасці сталінскім злачынствам.

Для грузінскай пісьменніцы Ніно Харацішвілі (нар. 1983, нататка «Пахі») — з падзеямі 9 красавіка 1989 года, крывавым разгонам тбіліскай дэманстрацыі і далейшай радыкаліязацыяй настрояў у краіне, грамадзянскай вайной.

Ніно Харацішвілі.

Ніно Харацішвілі.

Найчасцей згадваюцца жнівеньскія падзеі 1991 года. Адзін за адным аўтары падкрэсліваюць: менавіта тады распаўся СССР, а снежаньскія рытуалы былі толькі «хаўтурамі па гэтым цмоку» (Уладзімір Сарокін, нар. 1955, нататка «Пачвара»).

Уладзімір Сарокін.

Уладзімір Сарокін.

Сяргей Жадан.

Сяргей Жадан.

Сяргей Жадан (нар. 1974, «Подых часу») перажываў жнівень 1991-га ў Харкаве, дзе атрымліваў асалоду ад «свабоды ў паветры». Тады ж у Маскве Сарокін упершыню назіраў «аблічча свабоднага народа», а піяніст Мікалай Токараў (нар. 1983, нататка «Дзяцінства») мог чуць у кватэры ягоных бацькоў, як танкі стралялі па Белым доме. Барыс Акунін (нар. 1956, нататка «Ніякага цуду») заўважае пра гэтыя дні: «Як піянер, я навучыўся не верыць у цуды. <…> Каб яна знікла, жаданага цуду не патрабавалася. Дастаткова было, каб пара тысяч масквічоў засталася, калі рушылі танкі».

Барыс Акунін.

Барыс Акунін.

Пра танкі піша таксама ўкраінская пісьменніца Каця Пятроўская (нар. 1970, нататка «Усяго добрага»), якая тады вучылася ў Тарту. Гэта, праўда, іншыя танкі. Гаворка ідзе пра пачатак 1991 года, калі маскоўскі ўрад спрабаваў сіламоц прымусіць балтыйскія рэспублікі падпарадкавацца.

Каця Пятроўская.

Каця Пятроўская.

Большасць аўтараў, запрошаных «Süddeutsche», успамінае гэтыя падзеі з цеплынёй, нават з любоўю. Калі Уладзімір Сарокін піша пра цмока, які аслабеў і ўжо не мог больш жэрці людзей і пляваць агнём на суседнія краіны, ці калі Віктар Марціновіч называе некалькіх беларускіх літаратараў, забітых у 1937-м. «Найбольшая геапалітычная катастрофа» аказваецца, з пункту гледжання інтэлігенцыі, гісторыяй вызвалення. Вызвалення нават у самым прымітыўным, прыземленым сэнсе.

Паліна Дашкава.

Паліна Дашкава.

Паліна Дашкава, пісьменніца з Масквы (нар. 1960, нататка «Чатыры хлусні») піша: «Раніцой 25 снежня 1991 года я вярталася з мужам з Нью-Ёрка ў Маскву. Ужо гэтая вандроўка паказвала, што Савецкі Саюз больш не існаваў. Такіх людзей, як мы — маладых, нелаяльных, не звязаных ані з наменклатурай, ані з КДБ, — раней не выпускалі з краіны, хіба толькі ў эміграцыю». Каця Пятроўская ўспамінае таксама пра друк раней забароненых кніжак.

* * *

Самотна гучыць у гэтым хоры голас рускага рэжысёра Аляксандра Сакурава (нар. у Сібіры ў 1951, нататка «Халодная вада»). Ён піша не пра святочныя прадчуванні 1991-га, а пра страх і заклапочанасць. Піша пра калектыў, які скочыў, — а прызямліліся ўсе паасобку, часта перапоўненыя агрэсіяй. Піша пра няяснасць лёсу расейцаў у былых саюзных рэспубліках і недавер да Ельцына.

Аляксандр Сакураў.

Аляксандр Сакураў.

І яшчэ пра самоту. Каця Пятроўская напамінае адну цікавую акалічнасць, датычную 25 снежня: у сваім звароце да народа Гарбачоў зычыў суграмадзянкам і суграмадзянам «усяго добрага», — і працягвае: — «Так яшчэ ніякая імперыя не прыходзіла да свайго канца. Людзі пачуваліся вызваленымі, здзіўленымі і ўсё ж крыху самотнымі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?