Каталікі з Лынтупаў — мястэчка на беларуска-літоўскім памежжы блізу Паставаў — 27 снежня праз газету «Наша Ніва» звярнуліся з адкрытым лістом да біскупа Віцебскага Алега Буткевіча, просячы аб канкрэтным святары.

Нагодай стала вызваленне ад пасады пробашча парафіі святога Андрэя Апостала кс. Паўла Кнурэка — экзарцыста Віцебскай дыяцэзіі, які будзе працаваць у Віцебску. Паколькі парафія чакае новага пробашча, яна і выступіла з уласнай прапановай — прызначыць у Лынтупы кс. Уладзіміра Шымкавіча, які служыць у Дуброўне. Вернікі матывуюць сваю просьбу тым, што кс. Уладзімір Шымкавіч нарадзіўся ў Лынтупах.

Пад лістом падпісаліся 103 вернікі.

«На жаль, я не бачыў гэтыя прозвішчы, самога арыгіналу ліста. Дзіўна і тое, што ліст напісаны на «апярэджанне», бо дэкрэту пра перавод кс. Паўла Кнурэка пакуль няма, гэта толькі планы арганізацыі працы ў дыяцэзіі, якія не набылі пакуль што завершанага выгляду, у якім маглі б быць прадстаўленыя вернікам», — пракаментаваў Krynica.info зварот сам біскуп Алег Буткевіч, падкрэсліўшы, што даведаўся пра існаванне ліста выключна з сайта «Нашай Нівы».

На думку біскупа Віцебскага, пытанняў з нагоды напісання такога ліста паўстае шмат — і «высокая» літаратурная мова, на якой напісаны ліст, і выбар выдання (чаму, напрыклад, «Наша Ніва», а не «Советская Белоруссия», папулярная у шмат каго з вясковых чытачоў, чаму не было спробы звярнуцца да біскупа «ў межах Царквы»).

«Не магу агучыць ніякай сваёй афіцыйнай думкі, акром здзіўлення, — падкрэсліў Алег Буткевіч, — бо любы іншы варыянт адказу будзе выглядаць прызнаннем магчымасці «ціснуць» такім чынам на біскупа каму заўгодна, бо няцяжка здагадацца, што найперш ідэя напісання адкрытага ліста належала хутчэй, адной актыўнай асобе, а не цэлай супольнасці».

Ксёндз Вячаслаў Барок: падаецца, з вернікаў хтосьці «пажартаваў»

Пра «дзіўнасць і незразумеласць» ліста вернікаў кажа эканом Віцебскай дыяцэзіі кс. Вячаслаў Барок. «Зварот крыху дзіўны — з некалькіх прычынаў. Па-першае чаму з’яўляецца адкрыты ліст? Ці вернікі не маглі са сваёй просьбай звярнуцца непасрэдна да біскупа? Я не ведаю пра існаванне такога звароту, скіраванага да біскупа. Тэарытычна магу дапусціць, што быў. Аднак, у такім выпадку ўзнікае пытанне, чаму з’явіўся такі ліст? Бо ў Лынтупах пробашч ёсць, і яго пакуль ніхто не звальняў з гэтага абавязку. А калі не звальняў, то невядома, ці звольняць. Гэта было б па-другое.

А па трэцяе, таксама кс. Уладзімір Шымковіч мае дэкрэт на Дуброўна, і яго пакуль ніхто не адмяняў. Больш таго, святар у Дуброўне пачуваецца шчаслівым у выканнанні сваёй святарскай паслугі, і нават некалькі разоў прасіў біскупа дазволіць і надалей працаваць у гэтай парафіі і нікуды яго не пераносіць, — хаця біскуп, разумеючы няпростую сітуацыю святароў на тэрыторыі ўсходняй Беларусі, прапаноўваў яму змяніць месца служэнне на адну з парафій заходняй Беларусі. Але прапановы засталіся толькі прапановамі, бо ўлічыў добрую волю і жаданне святара.

Падаецца, такі зварот вернікаў крыху заўчасны і прыватна для мяне — абсалютна незразумелы. Напрошваецца выснова, што з вернікаў хтосьці «пажартаваў» і зманіпуляваў іх дзеяннямі, таму і атрымалася вось такая недарэчная сітуацыя», — каментуе кс. Вячаслаў Барок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?