У нумары за 26 лістапада газета Мазырскага райвыканкама «Жыццё Палесся» надрукавала артыкул аўтаркі Наталлі Канопліч «Да гэтай пары сніцца родны дом…» Матэрыял быў вытрыманы ў стылістыцы расійскай прапаганды.
Ужо ў першым сказе было напісана: «Калі 9 Мая 2014 года ў рамках карнай аперацыі ўкраінскай арміяй у Марыупалі былі расстраляныя мірныя грамадзяне, якія прыйшлі на святочную дэманстрацыю, каб адзначыць чарговую гадавіну Перамогі у Вялікай Айчыннай вайне, Аляксандр і Юлія Пырко прынялі рашэнне пакінуць свой горад дзеля спакою, міра і будучыні сваіх дзяцей».
На гэтую публікацыю звярнуў увагу калінкавіцкі актывіст АГП Дзяніс Рабянок. «Нейкая Наталля Канопліч з мазырскай газеты «Жыццё Палесся». Для яе ўкраінскія салдаты, якія змагаюцца за сваю дзяржаву супраць бандытаў і тэрарыстаў, — гэта карнікі, якія ездзяць на БТРах па Марыупалю і расстрэльваюць з кулямётаў мірных жыхароў, што выйшлі святкаваць 9 Мая. Чытаеш яе опус і складваецца ўражанне, што ўкраінцы — гэта крыважэрныя нелюдзі, мэта якіх — забіваць, паліць і бамбіць, што яны захопнікі і акупанты (у сваёй жа дзяржаве!), ад якіх трэба выратоўвацца ў мірнай і спакойнай Беларусі», — лічыць Рабянок.
Ён адмыслова з’ездзіў у Мазыр, каб напісаць скаргу ў раёнку. На днях жа атрымаў адказ, у якім рэдакцыя выбачаецца за дапушчаную памылку.
«НН» пазваніла ў Мазыр рэдактарцы «Жыцця Палесся» Ларысе Чорнай, каб праясніць сітуацыю. Ларыса Пятроўна запэўніла, што з журналісткай праведзеная прафілактычная гутарка, ёй вынесеная вымова, а таксама яна пазбаўленая прэміі. «Памылка была, мы на першай паласе прынеслі прабачэнні і ўдакладненні», — сказала спадарыня Чорная.
Цікава, што артыкул напісаны пад эгідай Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах бежанцаў. «Жыццё Палесся» выйграла рэспубліканскі конкурс на асвятленне гэтай тэмы, агулам у серыі павінна выйсці восем рэпартажаў. Па словах Ларысы Чорнай, ніякіх прэтэнзій з боку ААН да публікацыі не было.
«Спадзяюся, і рэдакцыя, і асабліва журналістка Наталля Канопліч зразумеюць, што, пішучы пра падзеі ва Украіне, трэба прытрымлівацца нормаў прафесійнай этыкі, а не пашыраць праз беларускія СМІ вар’яцкія міфы і адкрытую ману расейскай прапаганды. І нам у ніякім разе не трэба пакідаць па-за ўвагай такія выпадкі», — мяркуе Дзяніс Рабянок.





