«Рашэнне нафтагазавых пытанняў з Расіяй, відавочна, пераносіцца на наступны год», — цытуе Ляшэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА. Бакі працягваюць перамовы, і Беларусь разлічвае на больш хуткае вырашэнне ўсіх наяўных пытанняў, дадаў кіраўнік «Белнафтахіма».

Мінск і Масква дагэтуль не ўрэгулявалі пытанні кошту расійскага газу і загрузкі сыравінай беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў. З 2016 года Расія згодна з дамоўленасцямі павінна была пастаўляць у Беларусь штогод 24 млн тон нафты аж да 2024 года. Аднак з другога паўгоддзя пастаўкі былі скарочаныя спачатку да 3,5 млн тон за квартал, а з кастрычніка — ужо да 3 млн тон. Гэта стала адказам на запазычанасць па пастаўках расійскага газу ў 281 млн долараў, піша БелаПАН.

20 снежня на прэс-канферэнцыі ў Мінску пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў заявіў, што дакумент аб вырашэнні нафтагазавай спрэчкі паміж Беларуссю і Расіяй будзе падпісаны найбліжэйшымі днямі. Ён мяркуе аднаўленне паставак нафты ў ранейшых аб'ёмах, а таксама аплату энерганосьбітаў у рамках дзейных кантрактаў, сказаў Сурыкаў.

Узнікненне спрэчкі Сурыкаў патлумачыў тым, што кантракт «увайшоў у некаторую дысгармонію з міжурадавым пагадненнем у межах ЕАЭС, дзе гаворыцца аб роўнадаходных цэнах на энерганосьбіты». «Трэба гэтую неадпаведнасць выдаліць, вось яе зараз і выдаляюць», — падкрэсліў расійскі пасол. Новы двухбаковы кантракт на пастаўку энерганосьбітаў з Расіі ў Беларусь на найбліжэйшыя гады, паводле слоў пасла РФ, будзе адпавядаць пагадненням у межах ЕАЭС.

label.reaction.like
0
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
0
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0