«Хочацца падзяліцца на правах ананімнасці звесткамі пра тое, што да Новага года супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі ўсёй краіны не атрымалі прэмію (ад 300 да 500 рублёў) праз тую самую п'яную с*****, якая збіла жанчыну і падставіла ўсіх… А ў нас сем'і, дзеці, якія чакалі падарункі. Хацелася б даведацца, у чым мы вінаватыя? І чаму ўсіх супрацоўнікаў ДАІ пазбавілі прэмій за гэты інцыдэнт?», — гаворыцца ў лісце.

Інфармацыю пацвердзілі некалькі крыніц. Гаворка ідзе пра гэтак званую «13 зарплату» або гадавую прэмію.

«Паглядзеў разліковы лісток за гэты і той год — розніца прыкладна ў 400 рублёў. Пазбавілі, выходзіць прэміі», — паведаміў аўтаінспектар.

З чым звязана пазбаўленне прэмій супрацоўнікаў ДАІ можна толькі здагадвацца. Кажуць, што ў гэтым не апошнюю ролю адыграла трагедыя, якая адбылася ў Ляхавіцкім раёне: калі п'яны былы часовы выканаўца абавязкаў начальніка Баранавіцкай ДАІ насмерць збіў жанчыну.

«Сказалі, ёсць калектыўная адказнасць. Раз адзін спатыкнуўся, адказваюць усе. Нам у вуснай форме данеслі гэта», — сказала крыніца.

У прэс-службе МУС не сталі каментаваць гэтыя звесткі, адзначыўшы толькі, што прэмія не з'яўляецца абавязковай часткай заробку. У кожным канкрэтным выпадку начальнік аддзялення або ўпраўлення вырашае пытанне аб прызначэнні прэмій. Калі ў падначаленых з'яўляюцца нейкія пытанні адносна выплаты прэміі або заробку, з гэтымі пытаннямі яму варта звярнуцца да кіраўніцтва.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна