Па матэрыялах расследавання, гэтая гісторыя пачыналася зусім нявінна. Студэнт у гэты дзень прыйшоў у мясцовую гімназію размяцца на трэнажорах. У незачыненым кабінеце спартыўнай залы, дзе ішоў рамонт, ён заўважыў дзве пнеўматычныя вінтоўкі ІЖ-28. Зброя выкарыстоўвалася на ўроках па ваеннай падрыхтоўцы. Маладому чалавеку нічога іншага не прыйшло ў галаву, як пастраляць з пнеўматыкі праз акно гімназіі. Спачатку цэліў у птушак, а потым — у школьнікаў, якія былі ў двары.

У пракуратуры раёна, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачванне ў працэсе, распавядаюць пра ход падзей:

«Адна куля трапіла падлетку ў нагу, але адскочыла, пакінуўшы толькі сіняк. А вось другая трапіла іншаму школьніку ў калена, захраснуўшы ў ім».

Пацярпелага шпіталізавалі. Каб дастаць кулю з каленнай чашачкі, хлопца давялося везці ў адну з клінік Гомеля. Студэнта затрымалі. Разгледзеўшы матэрыялы крымінальнай справы, раённы суд прызнаў яго вінаватым у асабліва злосным хуліганстве.

Па словах прэс-сакратара Гомельскага абласнога суда Вольгі Барсуковай, у якасці пакарання прызначана тры гады пазбаўлення волі ў выпраўленчай калоніі ўзмоцненага рэжыму. Хлопец таксама абавязаны пакрыць пацярпеламу матэрыяльны і маральны ўрон на суму звыш 10 тысячы рублёў.

Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу. Абвінавачаны мае намер яго абскардзіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0