У Японіі здаўна пануе павярхоўнае й спажывецкае стаўленьне да рэлігіі: праводзіць стары год у будысцкім храме, праз колькі гадзін сустрэць Новы год у сынтаісцкай сьвятыні, адсьвяткаваць вясельле паводле сынтаісцкага альбо хрысьціянскага абраду…

Але ў тым, што тычылася хаўтураў, японцы былі стопрацэнтнымі будыстамі. Ёсьць нават выраз: «хаўтурны будызм», — ва ўсім, што тычыцца праводзінаў і пахаваньня памерлых, будызм меў амаль паноўную манполію дзякуючы сваім дасканалым (і прыбытковым) цырымоніям, якія атачалі сьмерць і памінаньне сваякоў.

Але з гэтага самага выразу відаць, што рэлігія, якая абслугоўвае болей мерцьвякоў, чымсьці жывых, губляе свае пазыцыі ў японскім грамадзтве.

Рыёка Моры, галоўны сьвятар сямісотгадовага храму Дзуікодзі на поўначы Японіі, кажа:

«Хаўтурны будызм» — гэта значыць, што ён не адпавядае духоўным запытам жывых. У хрысьціянаў і мусульманаў ёсьць пропаведзь, якая тычыцца духоўнага жыцьця. Але вельмі небагата будысцкіх сьвятароў у цяперашняй Японіі прапаведуюць».

Спадар Моры — дваццаць першы па ліку настаяцель свайго храму. Ён ня ўпэўнены, што па ім будзе дваццаць другі:

Па ўсёй Японіі будызм сутыкаецца зь цяжкасьцямі. Храмы ў краіне пусьцеюць і зачыняюцца з‑за недахопу настаяцеляў: у гарадах цікавасьць да будызму падае, а вёска, якая раней была апірышчам веры, вымірае: старыя прыхаджане адыходзяць, а ровень нараджальнасьці невысокі. Ня менш істотна, што будызм траціць свой уплыў і ў пахавальнай індустрыі. Усё болей японцаў зьвяртаюцца да паслугаў пахавальных кантор (туды запрашаюць будысцкіх сьвятароў адслужыць хаўтуры) альбо ўвогуле адмаўляюцца ад хаўтураў. У 1999 годзе 62% японцаў, як даўней, ладзілі хаўтуры дома альбо ў храме. У 2007 годзе такіх застаўся 21% — 61% скарыстаўся з паслугаў пахавальных кантор. Астатнія проста крэміруюць сваіх блізкіх без аніякіх абрадаў.

Прыходаў у Японіі менее, а ў тых менее прыхаджанаў. Часьцяком прыходы ўжо нават ня могуць пракарміць настаяцеля й сьвятарам даводзіцца шукаць дадатковых заробкаў. Таму яны ня хочуць, каб такі нялёгкі хлеб быў і ў іхніх сыноў.

Паводле New York Times

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0