Што прыкалола ў апошняй зачыстцы па справе 4 ліпеня — шмат каго павінцілі на падставе таго, што яны зьнешне быццам былі падобныя на фатаробат хулігана. Уяўляю працэс стварэньня таго партрэта.

Кабінэт сьледчага

Сьведка (уваходзячы): Можна? Я адзін з тых, хто разам сьпяваў гімн.

Сьледчы: Вельмі прыемна. Сядайце, калі ласка. Я вяду справу па выбуху 4 ліпеня. Наколькі нам вядома, вы знаходзіліся на месцы хуліганскай акцыі. Мы хацелі б, каб вы дэталёва апісалі нам партрэт злачынцы. Напрыклад, якога фасону былі пампончыкі на каптуры ў гнома?

Сьведка: Гнома? Якога гнома?

Сьледчы: Які арганізаваў выбух.

Сьведка: Прычым тут гном?

Сьледчы: Э‑э‑э, не кажыце… Вы ведаеце хоць бы б аднаго гнома, які аформіў падпіску на «Саўбелку»?

Сьведка: М‑м‑м‑м… Ну‑у, а Лазавік?

Сьледчы: Лазавік ня гном. Ён проста невыязны.

Сьведка: Але гэта быў ня гном. Гэта быў звычайны чалавек.

Сьледчы: Ня хлусіце?

Сьведка: Слова пацана!

Сьледчы (беручы слухаўку): Пачакайце трошкі. (У слухаўку). Алё, Пятровіч, адмяняй тэрмінова пошук гнома зь белай лапацістай барадой, у чырвоным жакеце і ботах 32‑га памеру, узросту прыкладна 800—850 гадоў. Аказваецца, гэта быў чалавек. Што? Што рабіць з ужо затрыманымі гномамі? Ну, ня ведаю. Выпускаць трэба, калі яны не сябры «Маладога фронту». Акей. (Зьвяртаючыся да сьведкі). Цяпер з вамі. З гэтай хвілінкі папрашу быць вельмі ўважлівым. Такім чынам, чалавек. Колькі ў яго было рук?

Сьведка: Як колькі? Дзьве.

Сьледчы: Нагадваю, што існуе артыкул КК, паводле якога мы можам засадзіць вас на пару гадоў за тое, што вы далі сьледзтву ілжывую інфармацыю. Акрамя таго, мы яшчэ не адкінулі вэрсіі, што адзін з прысутных пры выбуху быў яго арганізатарам. Дзьве рукі, кажаце. А колькі ног? Тры?

Сьведка: Чаму? Дзьве.

Сьледчы: Файна! Кола падазраваных з кожнай хвілінай звужаецца. Цяпер пра хвост. Які быў у яго хвост — як у паўліна, каторы, калі распускаецца, грае адценьнямі колераў на фоне сонца, або як у трытона?

Сьведка: Не было ў яго хваста. Гэта ж чалавек!

Сьледчы: Цікавы ходзіць з вашых слоў партрэт злачынцы: чалавек, дзьве рукі і дзьве нагі. Усё? Крылы, плаўнікі, сыліконавы хобат, акустычныя сыгналы для біякамунікацыі кшталту «б‑бе‑е‑е‑е‑е‑е‑е» або «гайкі на галовах будзем закручваць»?

Сьведка: Не! Не! Не!

Сьледчы: Магу вам сказаць толькі вялікі дзякуй. Вы афігенна дапамаглі сьледзтву. Дзьве рукі, дзьве нагі, чалавек… Мы лёгка вылічым гэтага ўрода. Да пабачэньня.

Сьведка: Усяго добрага.

Сьледчы (беручы слухаўку): Пятровіч, можаш калупаць на пагоне дзірку пад новую зорку. Быў толькі, што ў мяне сьведка, даў самыя падрабязныя прыкметы злачынцы. Запісвай — чалавек, дзьве рукі, дзьве нагі. Давай інфармацыю ў вышук. (Кладучы слухаўку). Дарэчы, здаецца, нядаўна недзе я бачыў падобнага тыпа. Блін! Вось памяць! Як зловім, трэба будзе абавязкова падлячыцца — зьезьдзіць у Баўгарыю. Пакуль, здаецца, я яшчэ выязны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?