У суботу, 14 студзеня, у Слуцку сябры ініцыятыўнай групы «Дзея» збіралі подпісы за ўсталяванне помніка героям Слуцкага збройнага чыну. За дзень актывісты сабралі 500 подпісаў, а агулам за некалькі выездаў у Слуцк яны сабралі ўжо 935 подпісаў. Збор подпісаў будзе трываць да канца студзеня. Потым актывісты плануюць перадаць іх мясцовым уладам і ў Мінаблвыканкам, каб ініцыяваць грамадскія слуханні.

Ініцыятарам збору подпісаў выступіла случанка Аліна Нагорная: «У нас ёсць мэта сабраць як мінімум 1000 подпісаў, каб пачаць перамовы з уладамі. Нават калі яны і не пойдуць нам насустрач, то ў выніку грамадскіх слуханняў больш случчакоў даведаецца пра Слуцкае паўстанне. Месца і грошы для помніка мы гатовыя шукаць самастойна».

Аліна Нагорная. 

Аліна Нагорная. 

Падчас збору подпісаў случчакі цікавіліся тэмай паўстання. Некаторыя нешта чулі і памяталі, але большасць людзей падрабязнасцей тых падзей не ведаюць. Аліна Нагорная патлумачыла гэта наступным чынам: «Па-першае, на занятках па Гісторыі Беларусі ў школе гэтыя падзеі амаль на разглядаюцца. Па-другое, мясцовыя ўлады чамусьці насцярожана ставяцца да гэтай тэмы, і мы не можам зразумець чаму. У нашым раёне аднойчы быў масавы прагляд дакументальнага фільма вытворчасці дзяржаўнага тэлеканала АНТ. Але нават ён быў сарваны, бо ў будынак, дзе адбываўся прагляд, уварваўся АМАП.

Чамусьці ўлады не разумеюць, што калі б мы ўшанавалі памяць герояў паўстання, то ў наш рэгіён пацягнуліся б турысты! Магчыма, улады адносяцца з асцярогай да Слуцкага паўстання таму, што кожны год у Слуцку палітычныя сілы ладзяць мітынг, прысвечаны гэтым падзеям, і гэтая тэма асацыюецца ва ўладаў з «апазіцыяй».

Сябра руху «За свабоду» Алесь Лагвінец адзначыў: «У апошні час беларускія ўлады пачалі казаць пра важнасць незалежнасці. І мы ім як раз хацелі б дапамагчы ў будаўніцтве сапраўднай незалежнасці. Гісторыя Слуцкага паўстання — канкрэтная дзяржаўніцкая традыцыя, якая паказвае, што ў нас за незалежнасць так ці інакш ішло змаганне. І толькі савецкай гісторыяй тут абмежавацца немагчыма».

Алесь Лагвінец і Аліна Нагорная. 

Алесь Лагвінец і Аліна Нагорная. 

Не ўсе случчакі наогул ведалі пра паўстанне. Але нават тыя, хто не ведаў, таксама ставілі свае подпісы за ўсталяванне помніка. 22-гадовы хлопец Дзмітрый, які паставіў свой подпіс, патлумачыў гэта наступным чынам: «Думаю, што помнік варта ўсталяваць. Я сам случчак і нават не ведаю пра гэтыя падзеі. Магчыма, пасля ўсталёўкі помніка мы б больш ведалі пра гісторыю роднага краю».

Случчак Дзмітрый паставіў свой подпіс за ўсталяванне помніка. 

Случчак Дзмітрый паставіў свой подпіс за ўсталяванне помніка. 

Каб падтрымаць ініцыятыву, вы можаце падпісацца і пад электронным зваротам. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?