![]() |
Сайт Internet World Stats прэзэнтаваў статыстыку першага трымэстра 2008 году па асноўных мовах карыстальнікаў інтэрнэту.
Ангельская, як і раней, займае першае месца ў сьпісе. За ёй ідзе кітайская — родная мова амаль 20% ўсяго насельніцтва зямнога шара. Трэцяе месца дасталося гішпанскай — афіцыйнай мове 22 краін. Гішпанская — гэта таксама й самая папулярная замежная мова сярод школьнікаў і студэнтаў ЗША.
Японская, француская й нямецкая мовы займаюць адпаведна чацьвёртае, пятае й шостае месцы.
Сёмы радок заняла арабская мова. Варта зацеміць, што колькасьць інтэрнаўтаў з арабскіх краін апошнім часам значна павялічылася, што дазволіла арабскай мове трапіць у дзясятку самых папулярных моў віртуальнага сьвету.
Партугальская, карэйская й італьянская мовы займаюць адпаведна восьмае, дзявятае й дзясятае месцы. Што праўда, карэйскую й італьянскую ў будучыні, магчыма, пацясьняць іншыя мовы, паведамляе MIGnews.com.
У Эўропе інтэрнэтам карыстаецца амаль кожны другі (48% насельніцтва), тады як у Азіі ўсяго 14% жыхароў, а ў Паўночнай Амэрыцы — ажно 73,4%.
Беларусь дэкляруе, што хоць калі выходзяць у інтэрнэт 56,3% жыхароў (гэта амаль столькі сама, як у Гішпаніі, Аўстрыі ды Італіі). Гэта дазваляе ёй трымацца на 15‑м месцы ў Эўропе па колькасьці карыстальнікаў за Ўкраінай і Бэльгіяй, пакінуўшы за сьпінай швайцарцаў, чэхаў, аўстрыйцаў і нарвэжцаў.





