У сераду ў цэнтральным офісе расейскай кампаніі «Газпром» адбылася працоўная сустрэча намесьніка старшыні праўленьня «Газпрому» Аляксандра Ананенкава і генэральнага дырэктара кампаніі «Белтрансгаз» Уладзімера Маёрава.

На сустрэчы абмяркоўвалі выкананьне кантракту на пастаўку і транзыт газу ў 2007‑2011 годах. Як адзначаецца на афіцыйным сайце «Газпрому», асаблівую ўвагу расейскі бок надаў неабходнасьці поўнай аплаты бягучых паставак расейскага газу ў Беларусь у адпаведнасьці з умовамі кантракту.

Падчас сустрэчы Аляксандар Ананенкаў заявіў, што калі беларускі бок надалей ня будзе выконваць свае абавязаньні, «Газпром» пакідае за сабой права зьвярнуцца ў суд. Пры гэтым ён падкрэсьліў, што формула цаны газу для Беларусі найбольш камфортная сярод краінаў СНД і Эўропы.

Першы намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Эдуард Таўпянец назваў заяву «Гапрому» пра магчымы зварот у суд «часткай перамоўнага працэсу». Спадар Таўпянец сказаў агенцтву «Интерфакс‑Запад»:

«Нашая мэта — дабіцца максымальна нізкага кошту газу для сваёй краіны. Пакуль мы будзем мець хоць нейкія аргумэнты, мы будзем іх выкарыстоўваць».

Спадар Таўпянец патлумачыў, што дагэтуль застаецца непадпісаным пагадненьне аб кошце транзыту расейскага газу праз тэрыторыю Беларусі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0