Як стала вядома праваабаронцам-вясноўцам, 11 студзеня Андрэю Бандарэнка было выстаўленае канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК — «Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства». Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

На наступным тыдні справа будзе перададзеная ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Усяго на Андрэя Бандарэнку накладзена больш за дзясятак спагнанняў у розных месцах пазбаўлення волі, дзе ён адбываў тэрмін. З-за гэтага былы кіраўнік праваабарончай «Платформы Іннавэйшн» прызнаны злосным парушальнікам рэжыму.

Акрамя таго, працягваецца жорскі кантроль за ўсімі дзеяннямі Андрэя Бандарэнкі. Так 11 студзеня было накладзена яшчэ адно спагнанне, нібыта за тое, што ён не трымаў рукі за спіной. У выніку спагнання асуджаны пазбаўлены чарговай пасылкі.

У выпадку асуджэння Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ праваабаронцы будуць гатовыя прызнаць яго палітычным зняволеным.

Нагадаем, 9 студзеня суд Шклоўскага раёна прыняў да разгляду скаргу Андрэя Бандарэнкі на пастаноўку яго з 1 кастрычніка 2015 г. на прафілактычны ўлік, як асобы, «схільнай да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяў». Скарга будзе разгледжаная судом Шклоўскага раёна 16 студзеня. Пачатак судовага пасяджэння ў 14.10 (каб. №3).

Ранейшыя спробы абскардзіць прадузятыя і неабгрунтаваныя спагнанні з боку адміністрацыі папраўчых устаноў у Дэпартаменце выканання пакаранняў, органах пракуратуры і судах заставаліся беспаспяховымі. Так, суд Ленінскага раёна г.Магілёва адмовіўся разглядаць скаргу аб пастаноўцы на прафілактычны ўлік, як асобу, «схільную да захопу закладнікаў, нападу на адміністрацыю, хуліганскіх праяваў», перанакіраваўшы яе ў ДВП, а суд Шклоўскага раёна ўвогуле не стаў разглядаць, за што суддзя Віталь Волкаў быў дэпрэміраваны.

Цяперашні тэрмін зняволення Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0